Уладзіслаў Ахроменка - Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша стр 3.

Шрифт
Фон

– Спачатку ўсе Homo Slavіanikus’ы мусяць прыняць хрост! – хітра ўсміхнуліся бізантыйскія місіянеры.

Так Уладзімер, Рагвалод і невядомы кацапскі князь амаль што схіліліся прыняць хрост грэцкага ўзору. Але гісторыя гэта мела надта нечаканы працяг…

Раскіданае гняздо

Князь Рагвалод меў безліч шлюбных і пазашлюдных дзяцей па ўсёй Бульбашыі. З гэтае прычыны ўдзячны народ называў свайго правадыра Бацькам, а сваю Радзіму – Бацькаўшчынай. Сярод Рагвалодавых дзяцей дачка Рагнеда была ці не самай адметнай. Пра яе і згадаў бульбашоўскі князь у палацы Уладзімера. Акурат у той момант, калі хітрыя грэкі вывалаклі з натоўпу імператарскую дачку, Рагвалод грэбліва скрывіўся – маўляў, мая Рагнеда прыгажэйшая за вашу грэцкую курыцу! – А табе, Рагвалодзе, ніхто і не прапануе кахацца з маёй бізантыйкай! – раз’юшыўся Уладзімер.

Рагвалод смяротна пакрыўдзіўся і на гаспадара, і на Грэкаў, і на бізантыйскую курыцу, і нават на новага магутнага Бога. Ён сеў на каня і паскакаў у Полацк. На той час гэты слынны бульбашоўскі горад быў не горшы за Кіеў.

Сквапны Ўладзімер уздыхнуў з палёгкаю – на думку Хахла, ненажэрны Бульбаш ледзьве не давёў да банкрутства гаспадарку кіеўскага княства. Апошняму госцю, невядомаму кацапскаму князю, Уладзімер даў рады: надзеў п’яному крыж на шыю і сунуў за крысо свінога кажушка жбан з самагонам.

– Гэта – святая вада! – патлумачыў ён госцю перад тым, як даць яму выспятка.

Цяпер князь Хахлоў нарэшце паверыў, што ніхто не перашкодзіць яму авалодаць дачкой бізантыйскага імператара.

І тут хітрыя Грэкі нагадалі яму пра дамову: хрост мусяць узяць усе тры Homo Slavіanikus’ы. Давялося нецярпліваму Ўладзімеру склікаць дружыну і рушыць на Полацк, каб абярнуць у новую веру братоў-Бульбашоў. Мужныя палачане доўга трымаліся ў хахляцкай аблозе, і здаліся толькі тады, калі быў выпіты ўвесь самагон і з’едзены апошнія свінні.

Помслівы Уладзімер дарэшты раскідаў радавое гняздо Рагвалода. Ён спаліў Полацк, уласнаручна забіў правадыра Бульбашоў, зацягнуў прыгажуню Рагнеду ў княскі намёт і здзейсніў гнюсны намер яшчэ да таго, як зорка Венера ўзыйшла над зямлею раскіданага гнязда Рагвалодавай сям’і.

Праз дзевяць месяцаў у Рагнеды нарадзіўся сын Ізяслаў. Разам з чарговай жонкай, нашчадкам і статкам нявольніц для свайго гарэма Ўладзімер вярнуўся да Кіева. Але імператарскай дачкі Ганны ўжо не было ў княскае рэзыдэнцыі. – Дзе мая баба? – гаркнуў ён на Грэкаў.

– На Моры Хвалынскім, у слынным горадзе Херсанесе! – хітра пасміхнуліся пасланцы канстантынопальскага Патрыярха.

– Чаму? – Бліжэйшы хрысціянскі храм толькі там! – запэўнілі Грэкі.

Уладзімер страшна абурыўся. Ён пасадзіў сваю дружыну на чаўны і сувора загадаў прывесці бізантыўскую дзеўку ў Кіеў. У чаканні сваіх ваяроў хахляцкі князь бавіў час, святкуючы будучую перамогу над Грэкамі.

Але аблога Херсанеса зацягнулася на гады. Старэлі жонкі, падрасталі дзеці, у тым ліку і Рагнедзін сын Ізяслаў. Баючыся, што імператар Бізантыі перадумае аддаваць дачку Ганну ў дынастычна-шлюбную няволю, Уладзімер сам выправіўся пад сцены Херсанеса. Ён бязлітасна спаліў горад, разбурыў нямала хрысціянскіх храмаў, перабіў амаль усіх святароў, апаскудзіў мясцовыя святыні, пасля чаго, нарэшце, прыняў сапраўдны хрост і спазнаў таямніцу хрысціянскага шлюбу. З нарабаванымі скарбамі, статкам паланёных хрысціянаў і з чарговай жонкай Ганнай шчаслівы неафіт вярнуўся ў стольны град Кіеў.

Але Рагнеда ніяк не магла дараваць Уладзімеру раскіданага радавога гнязда. Усе гады яна выхоўвала ў сына Ізяслава нянавісць да хахляцкага бацькі. Але той даўно забыўся на старую сям’ю: увесь вольны час Уладзімір бавіў на ложку з князёўнаю Ганнай, абазнанай у вытанчаным бізантыйска-азіятскім сэксе. Правадыр Хахлоў забыўся на ўсе ранейшыя забавы: яго не цікавілі ані вайсковыя паходы, ані балі, ані паляванне на тураў, ані абсмоктванне свінячых скурак. Ад сэкса па-бізантыйску небарака Уладзімер счарнеў і схуднеў – здавалася, Ганна высмактала з яго ўсю мужчынскую моц. З усіх генетычных рэфлексаў хахляцкага уладара захаваўся толькі адзін – княскія вочы запальваліся пры чароўным слове «самагон».

Падступная Рагнеда зразумела: надыйшоў яе час. Яна выгнала на княскім лецішчы ў вёсцы Прадславіна бочку шалёнага самагону, нашварыла свежаніны і паслала да Ўладзімера цыдулку: «Любы, мы з Ізяславам п’ем і закусваем. Трэцім будзеш?»

Натуральна, Уладзімер, як праўдзівы Homo Slavіanikus без ваганняў пагадзіўся стаць трэцім. Ён схлусіў жонцы Ганне, што выпраўляецца ў чарговы паход на Полаўцаў, а сам, таемна ад усіх, падаўся ў Прадславіна.

Саслабелы ад сухога грэцкага віна Уладзімер не вытрымаў і жбана самагону, зваранага па бульбашскім рэцэпце. З надыходам ночы князь паваліўся спаць. Рагнеда выцягнула з похваў меч і ўдарыла былога мужа нагой. Князь Хахлоў адразу прачнуўся і злякана паглядзеў на Рагвалодаву дачку з мячом у руках.

– Помніш, калі я спаткаўся з табою, зорка Венера ўзыйшла? – лісліва нагадаў Уладзімер, роспачна пазіраючы на гострае лязо.

Рагнеда размілавалася ад успамінаў і страціла пільнасць. Працверазелы Ўладзімер выхапіў з ёйнае рукі меч. Ён ужо мерыўся адсекчы палачанцы голаў, але ў гэты момант у спачывальню ўскочыў Ізяслаў, які быў сабраўся падглядаць забавы дарослых. – І ты, Ізя? – ачмурэў хахляцкі князь.

Ізяслаў выхапіў свой дзіцячы меч і сувора прамовіў: – Бацька, не думай, што ты тут адзін!

Уражаны Уладзімер не толькі дараваў Рагнедзе жыццё, але, ад граха падалей, выслаў яе з сынам на Бацькаўшчыну, да раскіданага гнязда Рагвалодава. Так Бульбашы зноў займелі свайго князя.

Людзі на балоце

Наступныя сто гадоў нашчадкі Homo Slavіanikus’а сустракаліся зрэдку. Братэрскія народы былі надта занятыя пільнымі справамі.

Кацапы з нязменным імпэтам, але са зменлівым поспехам грамілі іншародцаў, жлукцілі самагон, а ў перапынках між гэтымі заняткамі зацята таўклі адзін адному пысы.

Хахлы гадавалі свінняў, хадзілі ў госці да кумаўёў, адбіваліся ад Полаўцаў і цягнулі ў свае ложкі палавецкіх дзевак.

Бульбашы, узрадаваныя, што старэйшыя браты часова забыліся на іх існаванне, па-ранейшаму сядзелі на балотнае выспе, ізаляванай ад кшталтаў сусветнай цывілізацыі і штовечар цешвліся захадам сонца.

Зрэшты, гэтыя людзі на балоце былі не такімі дурнымі, як падавалася іх суседзям. Нашчадкі малодшага брата Homo Slavіanikus’а нарэшце навучыліся мець выгоды з геапалітычнага становішча сваёй дзяржавы. Бульбашы збудавалі на кожнае выспе па блокпасту і абклалі мытам падарожнікаў. Мыта плацілі ўсё: і мусульманскія гандляры гашышам, і варажскія найміты, і кацапскія прамысловыя шпегуны, якія кралі на Захадзе тэхналогіі вытворчасці «вогненае вады».

Але ў людзей на балоце нараджаліся не толькі мытнікі, камерсанты і паэты. Час ад часу Бульбашыя дарыла свету праўдзівых махляроў…

На той час усе балотныя мытні краіны трымаў князь Усяслаў, праўнук князёўны Рагнеды. Відавочна, гэта быў дробны палітычны авантурыст, але яго баяліся і паважалі ўсе: і самі Бульбашы, і Кацапы з Хахламі, і варажскія госці, і нават грэцкія святары. Пра Ўсяслава казалі, нібыта ён нарадзіўся ад чараў, умее перакідацца ў ваўка і здольны за дзень абегчы з інспекцыяй усе памежныя блокпасты Бульбашыі.

Аднак, насамрэч усё гэта было маною: падобныя плёткі па загадзе самога Ўсяслава распускалі купленыя за мытныя грошы гусляры і летапісцы. Так, у выніку пісьменнай PR-акцыі палітычны лідар Бульбашыі і прыдбаў мянушку «Чарадзей».

Натуральна, не ўсім навакольным народам падабалася плаціць мыта, а найперш – сквапным Хахлам. Нечакана кіеўскія князі, браты Яраславічы, захапілі саюзны палачанам Ноўгарад – першы мытны блокпост на шляху з Варагаў у Грэкі. Хахлы самі хацелі браць грошы з падарожных.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3