Фабіян цягнуў мяне ўпрочкі ад вакзалу. Поезд адышоў, грукат ягоных колаў сьціх. Фабіян дастаў з-за пазухі пачак зялёных і працягнуў мне:
– Трымай.
Я разгублена глядзела на яго.
– Бяры. Мне яны непатрэбныя, а гэныя сабе яшчэ накрадуць.
У Воршы мы з Фабіянам разьвіталіся: я паехала дамоў, а ён застаўся бадзяцца па сьвеце.
* * *
За акном аўтобуса праплывалі жнівеньскія краявіды: гарбатыя хаты і багатыя катэджы, пушчы і бары, коні ў вазах і вэлясыпэдысты ў гумовых ботах, босая дзяўчынка зь дзіцячым вазком, буслы ў канаве… Простыя малюнкі жыцьця.
Чаму ж мне так цяжка на іх глядзець, чаму няма ў іх спакою, а толькі панылае чаканьне?
Раптам я пачула адказ: бо гэтая зямля неблаславёная.
Нічога не атрымаецца ні ў тых, хто жыве ў гарбатых хатах, ні ў тых, хто ў катэджах, ані ў дзяўчынкі не атрымаецца, ані ў малечы. Бо мы жывем на неблаславёнай зямлі.
…Вычарпаная, прачнулася я на наступную раніцу. Пуста на душы, пуста ў доме, муж пачаў прапіваць ня толькі хатнія рэчы, але й прадукты. Нікога ў хаце, цішыня, халодна.
Я села за стол, дастала з торбы і расклала на дзесяць частак неблаславёныя грошы. Потым сабрала і схавала, дзе знала. Гэта было маё першае рацыянальнае дзеяньне ў новым жыцьці. Потым пайшла ў краму.
…Ён чакаў мяне ў двары на лавачцы, абапіраючыся на свой вялікі заплечнік. Гледзячы, як ён уздымаецца мне насустрач, я думала: а мо мне толькі падалося, што зямля неблаславёная? Можа, насамрэч, трэба толькі пашукаць, і знойдзецца на ёй блаславёнае месца і для мяне, і для Фабіяна, і для маіх дзяцей, і для босай дзяўчынкі, і для вэлясыпэдыстаў у гумовых ботах?
Ягоныя дужыя худыя рукі моцна абдымалі мяне. Залацісты асьпідус грацыёзна зьвярнуўся васьмёркамі на тоўстай галіне яблыні й мірна паглядаў на нас адтуль.
Жнівень 2001, ЗаказанкаБосьнія і Герцагавіна, або Эўропа вялікіх фараонаў
«Вядома, я тлустая. Якой яшчэ маю быць, нарадзіўшы пяцёра дзяцей? Ясна, ня Твігі! І няма чаго мне пра гэта лішні раз нагадваць, – раздражнёна думала я, чапляючы на нос сонечныя акуляры і адгортваючы старонкі. – Яшчэ прапанаваў бы на дыету сесьці! Не прапануе, ведае, што ня сяду».
Раптоўна, як і завялася, я супакоілася. Пятнаццаць гадоў разам! Гэта супакойвае, нават калі муж раніцай скажа, што ў цябе тлустая сьпіна. Зараз мужава галава (ня тлустая) віднелася недзе ля далягляду, амаль там, дзе зьліваліся Адрыятычнае мора і неба. Пяцёра дзяцей зь віскатам гулялі ў бэрыка – марскога, наколькі я разумела. А я чытала.
«У цары Эгіпту, – звычка перакладала я францускія словы, адразу выстройваючы іх паводле правілаў беларускай мовы, – боская і чалавечая сутнасьці зьліліся ў непаўторную асабістасьць, у вобраз цывілізацыі, якая праіснавала некалькі тысячагодзьдзяў. Давайце ж выправімся ў вандроўку і адкрыем іх сьвет. Давайце ўшануем памяць фараонаў Эгіпту і адкрыем для сябе адну з найвялікшых старажытных цывілізацыяў, якая паўстане перад нашым зачараваным позіркам».
Я зьняла акуляры і пацерла пераносьсе. Нешта перашкаджала засяродзіцца. Няўжо гэтая недарэчная, але абсалютна не зламысная заўвага мужа?
Мы ведалі адно аднаго са школы. Аднойчы ў трэцяй клясе я спісала ў яго раўнаньне на кантрольнай – мабыць, з гэтага моманту трэба адлічваць пачатак нашага сяброўства. Сяброўства дзіўнага, якое з плянэтарыю ў парку Горкага і коўзанкі ля магазыну «Электроніка», гэтых неабходных атрыбутаў менскага маленства, плаўна перацякло ў бесталковае юнацтва, што разьвяло нас у розныя бакі, каб потым зноў зьвесці ў час, цяжкі для абаіх. Пажаніліся мы, супраць волі яго і маіх бацькоў, калі я чакала дзіця – і не ад яго. Ён жа на тую пару меў непрыемнасці – настолькі ж натуральныя для маладога мужчыны, як цяжарнасьць натуральная для маладой жанчыны. Мая фраза гучыць таямніча і двухсэнсоўна, а ўсё было вельмі проста: яго даставаў КДБ. Каго ў тыя часы не даставаў КДБ! Сукурсьнік Зьмітра, хлопец, які яго залажыў, якраз і быў бацькам майго маючага нарадзіцца дзіцяці.
У нас са Зьмітром не было прыціркі. Абцерліся мы адно аб аднаго раней, за сем гадоў вучобы ў школе. З таго моманту, калі сталі жыць разам, скончылася бесталковае юнацтва.
Пад гарачую руку я, бывала, папракала Зьмітра рознымі ўяўнымі і рэальнымі яго грахамі. Ён ніколі ня тыцнуў мне маім першынцам і тым, што было да шлюбу. З таго самага часу, калі на сьвет зьявілася Югася, ён ставіўся да яе так пяшчотна, як толькі можа бацька ставіцца да вельмі любімага дзіцяці.
Да трэцяга дзіцяці я працавала. Адмыслова наймала няньку, а сама пісала бухгальтарскія праграмы на замовы розных фірмаў. Круцілася, як трэска ў палонцы. І прыкладна з тым самым вынікам. Аднойчы ў адной паўлегальнай фірмачцы мне заказалі распрацоўку поўнага пакету праграмнага забесьпячэньня – вельмі тэрмінова і вельмі дорага. Калі я прынесла сваю працу, усталявала і навучыла пэрсанал карыстацца, дырэктар, ясна гледзячы мне ў вочы, сказаў, што сітуацыя памянялася і ён ня можа заплаціць мне так, як мы дамаўляліся. А можа – у дзесяць разоў меней.
Дома, адчыніўшы дзьверы, я пабачыла: нянька на кухні палуднуе разам са сваёй дачкой, якая прыходзіла з маткай з нагоды канікулаў, а мае падшыванцы, самі сабою, займаліся ў сваім пакоі і выбеглі мне насустрач, перапэцканыя шмінкай.
Плюнуўшы і расцёршы, я выгнала няньку разам зь яе дачкой, выкінула ў сметнік звараны ёю палудзень, выпіла кавы, зьела хлеба з маслам і адмыла дзяцей ад касмэтыкі. Заплаціла аднаму хлапцу з той фірмачкі, каб ён запароў усё, што я настварала, у гаманцы засталося тры зубры, два зайцы і вавёрка, а таксама прасцірадлы рознакаляровых візытовак…
Маё рашэньне пакінуць працу было для Зьмітра штуршком, стрэлам стартавага пісталета, дазволам на выезд. Ён пакінуў завод і заняўся продажам вазонаў. Аказалася, з продажу хатніх кветак у Беларусі можна жыць.
Даволі хутка мы купілі дом у сельгаспасёлку, і тут, у нетрах старога Менску, сярод вішнёвых садоў, сабак, шынамантажоў і бэнзакалёнак, лазьняў, вербаў, катэджаў, што выдаюць на баптысцкія малельныя дамы, каля рэзыдэнцыі індыйскага пасла, уніяцкай парафіі сьвятога Язэпа і гуртовага базару сланечнікавых семак, так хутка, як гэта дазволіла прырода, зьявіліся на сьвет яшчэ двое нашых дзяцей.
Чым было маё жыцьцё ў гэтым віры?
Не квактаннем над седалам, гэта напэўна. Калі аднойчы, накрываючы на стол, паўжартам я сказала: «Ды я ж ідэальная жанчына, у якой вячэра заўсёды гатовая а палове на сёмую!» – Зьміцер адазваўся цалкам сур’ёзна: «Няма жанчыны, больш далёкай ад ідэалу, чым ты!» Я думаю, ён, як заўжды, меў рацыю.
Не чарадой аднастайных хатніх справаў.
Не піцьцём бясконцай гарбаты за бясконцымі плёткамі зь бясконцымі сяброўкамі – у мяне проста няма сябровак.
Тады чым?
Які таямнічы сэнс асьвячае ўсё гэта: бруднае месіва на лістападаўскіх вуліцах, «Ікарусы» з партрэтамі Пугачовай у салёнах, задачкі за першую-другую-трэцюю клясы, банальную кулінарыю на Крапоткіна, цыгарэту штовечар, якую з выхаваўчых меркаваньняў я дазваляю сабе толькі тады, калі ўся мая пяцёрка моцна сьпіць? Што я кладу дзецям у ранцы разам з канапкамі для перакусу, наліваю ў кубкі разам з ранішняй какаваю, запускаю ў сэрца машыны разам з запальнай сумессю, у той час, калі фары сьвецяць праз ноч, а дзень настае толькі намінальна?
Які няўлоўны дух, які Бог хаваецца сярод натоўпаў тлустых жанчынаў, у кіёсках «Белсаюздруку», у прасмярдзелых залях аэробікі, у пыле над сцэнай Купалаўскага? Яму ахвяра – кантэйнэры рытуальных яек на паліцах крамаў пад Новы год. Але мне, жанчыне з тлустай спінай, ён ня дасьць сябе пабачыць, аж пакуль не зацягнуся тлушчам з усіх бакоў.
– Мама!
Я падняла вочы і адрухова зажмурылася – Тараска, гуляючы, сыпануў мне жменю пяску ў вочы. Як ні старалася, я не магла іх расплюшчыць. Да таго часу, як падбег выкліканы з мора тата, я ўжо плакала крывавымі (літаральна) сьлязьмі, а двое малодшых, нягледзячы на мае ўгаворы, вылі.