Наталья Васильевна Бабина - Крыві не павідна быць відна (зборнік) стр 7.

Шрифт
Фон

Крыць няма чым. Што я хапалася за ўсялякую работу, што працавала і працавала, гэта ўсё так, але праўда ў тым, што прасьвету не было відаць. І што з чалавека я ператварылася ў аўтамат па здабыванні сродкаў існавання – гэта таксама праўда. І праўда, што ўсё часьцей прыходзіла думка: як жа я стамілася жыць, прыбяры мяне, Госпадзе, і нават тое, што ў мяне трое дзяцей, не адганяла гэтай думкі…

Фабіян, які, здаецца, драмаў, паварушыўся і выглянуў у шчыліну.

– Расея!.. Можна і падсілкавацца.

Я звычайна ня ем чужога, у горла ня лезе, але ад акура тных бутэрбродаў зь селядцамі не адмовілася.

Дык ты, значыцца, з Маладэчна, – кінуў мне памідор Фабіян. – Я там у вас гадоў з восем працаваў. Што ты зьдзіўляешся? На будоўлі, я ж інжынэр-будаўнік. Ты думаеш, я бомж? Не, я бадзяга. А гэта вельмі розныя рэчы. Сумную паэзію жыцьця заўважаюць толькі бадзягі ды некаторыя маці, а не разумее ўвогуле ніхто. А калі канкрэтна, я зьбег ад жонкі.

– Навошта ж жаніцца з такой, ад якой потым уцякаць?

– Пытаньне не да мяне… Колькі сябе помню, кахаў суседзкую дзяўчыну. Яшчэ з тае пары, як разам у пяску сядзелі, потым у школе вучыліся. Вырашылі пажаніцца, як толькі скончым школу. Рыхтаваліся да вясельля. Вечарам вёз я сваю Гэлю ў клюб на танцы на матацыкле. Яна нахінулася, каб паправіць раменьчык на басаножку, а я якраз павяртаў, і яна далася галавой аб каменны слуп. Бяз шлему ехала… Ты мо й чула пра гэты выпадак. У нас у Радашкавічах тады толькі і мовы пра тое было. А мяне ад сьмерці выратавала турма. Мяне ж пасадзілі. Каб застаўся дома, то зрабіў бы сабе нешта, бо перад вачыма ўсё стаяла відовішча: яе расколатая галава і паўшар’і мазгоў… А ў турме памерці не дадуць, – ён міжволі крануў шнар на твары. – Так што на пахаваньні мяне не было, ляжаў у турэмным шпіталі. Словам, яна памерла, а я – не. З дому зьехаў, працаваў у Менску на будоўлі, потым у інстытут паступіў. А з Гэляй адзін час нават размаўляў, яна прыходзіла, голас яе чуў. Потым мінулася… А як інстытут скончыў, пайшоў працаваць, маці пачала чапляцца – жаніся ды жаніся, я хутка памру, а ты адзін прападзеш, як муха. Эма была вельмі непадобная да Гэлі, непрыгожая, нягеглая, старалася ўдаваць зь сябе дзелавую, а ў твары, у вачах штосьці такое няшчаснае. Але пасьля шлюбу яна перамянілася. У сілу ўвайшла. Закруціла ўсё пасвойму: тры гады, што мы пражылі разам, былі трыма гадамі грошай. Грошы, грошы, грошы. Кожная капейчына на ўліку, кожная павінна прыносіць прыбытак, і ня дай Бог купіць, прыкладам, газету – бо гэта ж немаведама якая трата…

– А дзеці ў цябе ёсьць?

– Дзяцей яна не хацела, казала, што няма чаго пладзіць жабракоў. Карацей, я зьбег. І я вельмі Эме ўдзячны.

– Удзячны?

– Каб не яна, я ня стаў бы бадзягам. Многага тады не адбылося б. Прыкладам, я не дапамог бы табе вярнуць твае тысячы.

– Дык ты пакуль і не дапамог. Не кажы «гоп». Я наагул не ўяўляю, як гэта можна зрабіць.

– Я табе зараз нешта пакажу, толькі ты не палохайся і не крычы.

Зь нетраў заплечніка Фабіян, пакорпаўшыся, дастаў агромністы чорны пісталет.

– Ты не баісься цягаць з сабой зброю? – зьдзівілася я. – А міліцыя?

– А што міліцыя? Думаеш, яны кожнага стрэчнага-папярэчнага грабуць? Атнюць, як кажуць у Маскве. Дый наагул, гэта не пісталет, а муляж. А вось гэта не муляж.

Фабіян дастаў з заплечніка вялікую, шчыльна сплеценую з дроту скрынку, адкінуў накрыўку. Я закрычала і адскочыла. Тоўстая, з мэтар дваццаць даўжынёй зьмяюка, якую ён моцна ўхапіў ля галавы, зьвівалася кольцамі, сычэла і застрашальна расчыняла зубатую пашчу.

– Асьпідус аўрэльянус, рэкамэндую. Нават не драпежны. Усяедны.

– Але чалавечынай ты яго ня корміш? – спытала я, адшукаўшы голас.

Фабіян задаволена засьмяяўся. Машына сьцішыла хаду і стала.

– Дзяўчынкі налева, хлопчыкі направа. Стаянка сем хвілінаў, – паведаміў кіроўца.

Фабіян пусьціў зьмяюку назад у клетку. Вечарэла. Наперадзе віднеліся дамы нейкага места. Спускаючыся ў кювет, я падумала: яшчэ ня позна ўцячы. Бог зь імі, з гэтымі тысячамі, усё адно я іх, мусіць, больш не пабачу. Корчыкамі, корчыкамі, і да гораду, а адтуль – дадому. Але ж не, не ўцяку. Проста цікава. Што будзе далей, што яшчэ знойдзецца ў заплечніку Фабіяна, адкуль ён ужо дастаў ружу, хлеб і зьмяю?..

* * *

У рукзаку знайшлася мапа Масквы, а на ёй – патрэбная нам вуліца. «Эмір-Прэс» месьціўся ў шыкоўным будынку з мармуровай падлогай і фантанам у холе. Ліфт (зь люстрам і пазалотай) падняў нас на сямнаццаты паверх. Вось, праз калідор, засланы дываном, – дзьверы дырэктарскага кабінэту. Не чакаючы ані сэкунды, Фабіян таргануў іх, і мы апынуліся ў прыёмнай.

– У вас прызначаная сустрэча? – сакратарка падняла бровы. – Хто вы?

– Аўтары. Зь Цюменскай вобласці. Хочам прапанаваць рукапіс.

– З рукапісамі – да галоўнага рэдактара.

– Мы ўсё ж хацелі б пагаварыць перш з дырэктарам.

– Пачакайце хвіліну, – дзяўчына зьнікла ў дырэктарскім кабінэце, а праз колькі часу выйшла.

– Праходзьце.

Фабіян прайшоў першым. Спачатку ён дастаў пісталет, пасьля асьпіда, які актыўна выступаў з сольным нумарам. Зьбялелы Іван Іванавіч задраў ўверх ня толькі рукі, але чамусьці й ногі.

– Калі ласка, грошы, якія вы вінныя гэтай даме. Ці мне пакласьці зьмяю вам на калені?

Асьпід пагрозьліва стукнуў хвастом аб бюро і засычэў з асаблівай злосьцю.

Не апускаючы ног, Іван Іванавіч крутануўся да адчыненага сэйфу, выняў стуль пачак грошай і паклаў на стол. Я адлічыла, што трэба, рэшту пакінула. Моцным скотчам прымацавала Івана да крэсла і заляпіла яму рот.

Празь дзесяць хвілінаў мы былі ўжо далёка.

Мяне перапаўняла радасьць. Такое шчасьце, такое поўнае адчуваньне цуду жыцьця бывала са мной толькі ў першыя гадзіны пасьля нараджэння дзяцей. Гучала музыка, шумеў высокі лес, сьпявала душа. Каб не Фабіян, які моцна трымаў мяне за руку, я ляцела б.

Значыцца, ёсьць на сьвеце справядлівасьць! Лёгкасьць, зь якой мы забралі грошы, яскрава сведчыла пра гэта. Я зьзяла.

Фабіяну трэ было адысці, і ён пакінуў мяне, трыюмфатарку, на рагу дзьвюх вуліцаў, наказаўшы стаяць як стаяла і не сыходзіць зь месца. Я і стаяла. Побач працаваў абменьнік. Я дастала гаманец, каб памяняць дзясятку на гасцінцы дзецям. Тут жа справа бліснула лязо, а ў наступны момант я адчула вастрыё пад рабрынай.

– Аддай гаманец, – ціха сказаў адзін з каўкаскім акцэнтам. – Аддай, а то зарэжу.

Я тарганулася ад болю і адчула, як пад блюзкай па целу цурчыць кроў. І зарэжуць жа, і не пашкадуюць, гэта ж Масква! І я спалохалася. То ў Бога сьмерці прасіла, а тут спалохалася бандытаў. Толькі я аддала ім гаманец, яны зьніклі. Расчыніліся ў бясконцым маскоўскім натоўпе. Нічога не зьмянілася: шумелі машыны, адчыняліся і зачыняліся дзьверы супэрмаркету – толькі ў мяне ўжо не было грошай. Сьлёзы падалі на брудны маскоўскі асфальт, як боб у каструлю.

– Што з табой? Што здарылася? – трос мяне за плечы Фабіян.

– У мяне забралі грошы!

І я адняла ад боку чырвоную ад крыві далонь. Памаўчаўшы, Фабіян сказаў:

– Прыкрый пляму торбачкай. Едзьма на вакзал. На цягнік, я буду бабай, ты – унучкай.

– А грошы? Можа, у міліцію? Можа, дагнаць іх?

– Забудзь пра іх, іх ужо і сьлед прапаў. Паехалі, – адрэзаў Фабіян.

* * *

У вагоне я ўзьлезла на верхнюю паліцу і адвярнулася да сьцяны. Сёньняшняя катастрофа ня выклікала ў мяне такой рэакцыі, як учорашняя. Прынамсі, прытомнасці я ня страціла. Прывыкаю?

На Фабіяна ўсё, што адбылося, здаецца, наагул не зрабіла вялікага ўражаньня. Ён тачыў лясы з папутнымі крутымі маладзёнамі, што ехалі ў Вільню. Пляшкі паступова перамяшчаліся са століка на падлогу. Маё здранцьвеньне плыло сярод ляскату, грукату, успышак сьвятла, брыдкаслоўя Фабіянавых суразмоўцаў. Пэўна, так выглядае пекла. Гутаркі, што даносіліся да мяне зьнізу, рабіліся чым далей, тым агіднейшымі. Нарэшце я заснула.

Фабіян штурхаў мяне і шаптаў: «Уставай, хадзем хутчэй». Цягнік стаяў. За вокнамі ледзьве-ледзьве шарэла. Мы выйшлі на пусты пэрон. Помнік падпольшчыку Заслонаву. Ворша. Я нічога не разумела.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора