– Ты чаго?
Калі цяля з лысінкай нарадзілася, з лысінкай яго і ваўкі зьядуць. Так і я. Вось толькі што жыцьцё – у каторы гэта раз! – тыцнула мяне носам і выразна сказала: «Людзям ня вер!», а я гляджу на шахвараста ў расхрыстанай куртцы, напэўна ж, прайдзісвета і махляра, і мне хочацца ўсё яму расказаць, бо такія ў яго прыгожыя, рэдкага фіялкавага колеру вочы, хай сабе й касое.
Ну, я і расказала.
…Калі ты настаўніца, у цябе трое дзяцей і жывеш ты, скажам, у Маладэчне, сточваць канцы з канцамі няпроста. Муж не памочнік. Як так выйшла, што вясёлы стройны хлопец, ад погляду якога трымцела маё сэрца васямнаццаць гадоў таму, ператварыўся ў азызлага чырванатварага барацьбіта зь зялёным зьмеем, я ня ведаю. У барацьбе, вядома, перамагае зьмей, і ў тыя рэдкія гадзіны, калі муж ня п’е, у яго адно жаданьне – напіцца. А дзяцей трое. Ратуе тое, што я добра шыю. Да мяне і паліто прыносяць шыць, і гарнітуры. А аднойчы наша дырэктарка прынесла і вывернула на канапу гару норкавых скурак.
– Пашыеш мне футра, – сказала яна патрабавальна. – Добры вечар!
Я пашыла. А куды падзенешся? Вочы баяцца, а рукі робяць. Дырэктарка была ў захапленьні.
– У цябе талент! – вяшчала яна перад люстрам. – Прыроджаныя здольнасьці мадэльера!
Футра гэтае яна паперла на выставу народных промыслаў у Менск. Мяне запрасілі на адкрыцьцё, і я тулялася паміж тканых капаў і вышыванак, дурэючы ад тлуму. Мардатая, адзін у аднаго, дэлегацыя дзелавых колаў Масквы трохі пагалёкала каля майго футра, а ўжо пры канцы дня да мяне рыссю падбегла дырэктарка.
– Казіміраўна, пашанцавала! – горача зашаптала яна мне ў вуха. – Не прадзешаві! Пагаджайся! Грошы я пазычу! З нэндзы выберашся!
Нічога не разумеючы, я вылупіла на яе вочы.
– Нэла Казіміраўна, – загаварыла дырэктарка ўжо ўголас, перабольшана-ласкава. – Вашае футра зьвярнула на сябе ўвагу аднаго з нашых шаноўных гасьцей з Масквы. Прадстаўніца ягонай фірмы ў Менску, – яна велічна павяла рукой у бок маладзіцы з цыцкамі і плятынавымі валасамі, – праводзіць вас. Магчыма, вас зацікавіць яго прапанова.
Маскоўскі госьць Іван Іванавіч чакаў мяне ў нейкім службовым пакоі. Пасьля непрацяглых, але ўзьнёслых камплімэнтаў мне (самародак, народны талент, рэдкае майстэрства) ён разгарнуў перад мною часопіс.
Там, на глянцавай старонцы, прыгожая незямной, адсутнай прыгажосцю жанчына хуталася ў доўгую, да кітак, футравую сімфонію. Ані намёку на фальш, аніводнай ноты дысанансу: срабрыста-чорны вадаспад ліецца, пераліваецца ў чорна-срабрысты, лашчыць вока. Мяккі каўнер, шырокае крысо, якое прыгажуня прытрымлівае рукою.
– Зможаце пашыць такое? – пачула я голас маскоўца.
Ах, дык наш шаноўны госьць хоча скарыстацца з таннай беларускай працоўнай сілы? Але колькі ж такая цаца будзе каштаваць у Маскве? Халера яе ведае. Дый не пашыю я такога, заскладана, занадта вытанчана. Дырэктарчына норка была ўся аднолькавая, цёмненькая, а колькі я пакутавала, пакуль дапасоўвала адну да адной… Не, не змагу, вырашыла я, і раптам адчула знаёмы сьверб у кончыках пальцаў. Хвалі цудоўнага аксамітнага футра… Адчуць іх пад рукамі, адчуць, як каштоўныя скуркі ператвараюцца ў неацэнную дасканаласць, даць ім новае жыцьцё, каб прымусіць забыцца пра тое жыцьцё, якое аднялі ў зьвяркоў, каб цяпло новай дасканаласці прымусіла забыцца пра холад асвежаваных тушак…
– Гэта шыншыла. Тут спатрэбяцца вельмі адмысловыя скуркі.
– Я давяраю вам і вашаму густу. Калі мы з вамі будзем супрацоўнічаць, вы атрымаеце заказ «пад ключ» – ад набыцьця скурак да пашыву. Давайце дамовімся так: я аплачваю вашыя выдаткі на матэрыялы і плачу за работу дзвесьце даляраў.
Я пасля доўга ганарылася тым, што сказала ў адказ «ня можа быць нават мовы» і зрабіла спробу выйсці.
– Колькі б вы хацелі? – спытаў ён адразу.
– Дзесяць тысяч.
– Ну, вы ж ведаеце – за такія грошы можна пашыць у Парыжы. Давайце будзем імкнуцца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. А то вы будзеце мець – пагадзіцеся – вельмі добрую працу, а дзе ж мой інтарэс? Тысяча.
– Дзевяць з паловай.
– Гэта несур’ёзна!
Сур’ёзна аказалася – пяць тысяч. Мы ўдарылі па руках і падпісалі дамову.
Мая няўрымслівая дырэктарка даведалася, што такая работа ў Маскве будзе каштаваць дзесяць-пятнаццаць тысяч, але пагадзілася, што і пяць – больш чым добра. Ого, пяць кавалкаў зялёных! З такімі грашыма мне ня страшная ні зіма, ні выпускны баль у наступным годзе, і нават фары маленькага «Форду» заблішчэлі недзе ў тумане будучыні…
Дырэктарка, сапраўды, пазычыла мне грошы, і я прывезла ад пана Караля з-пад Беластоку купу мяккіх пераліўчатых скурачак. Ацаніць іх і зьняць мерку да мяне прыехала з Масквы мымра, для якой шылася футра. Яна адразу аддала мне тое, што я патраціла ў Польшчы, і я разьлічылася з дырэктаркай.
Шыла я толькі рукамі. Сотні тысяч раўнюткіх шыўкоў, напарстак прырос да сярэдняга пальца… Мымра прыяжджала колькі разоў, цьвіла і пахла з кожным разам усё мацней. У апошні свой візыт яна прынесла мне неабмерную каробку цукерак, сказала, што я цуд, што грошы я ў любы час магу забраць у прадстаўніцтве фірмы мужа ў Менску, расцалавала мяне, упакавала футра і зьнікла. Назаўтра – то бок сёньня – я прыехала ў Менск.
Плятынавая дамачка ў прадстаўніцтве выклала перад мной дзьвесьце баксаў.
– А рэшта?
– Якая рэшта?
– Яшчэ чатыры тысячы васемсот.
Яна працягнула слухаўку радыётэлефону. Іван Іванавіч са мной не цырымоніўся. Ад крыўды, ад хваляваньня, ад яго агідных словаў кроў спачатку прыліпа да шчокаў, а потым затахкала ў скронях… Вось так, абражаная, амаль непрытомная, без жаданьня жыць далей я і апынулася на лаўцы ў сквэрыку. Так, у мяне трое дзяцей, якіх трэба падняць, але ж, бачыць Бог, ёсьць мяжа і маім сілам…
– Ясна, – кіўнуў бомж. – Грошы, грошы, грошы. Грошы ёсьць дакументам, які сведчыць, што твая праца запатрабаваная ня толькі чалавекам, які табе плаціць, але і ўсімі тымі людзьмі, празь якіх грошы прайшлі раней. Бачу толькі адзін шлях: трэба ехаць у Маскву. Вярнуць табе твае дакументы.
Галава мая зноў, як карусель у парку, паціху пайшла кругам. Вось так, згопалу, у Маскву? Зь невядомым чалавекам? І як жа ж мы здабудзем тыя грошы? Адрас у мяне ёсьць, але што з таго? А ў торбачцы ж у мяне дзьвесьце даляраў, я даўно не трымала ў руках такіх грошай, а ну як падмане і абярэ? А зь іншага боку, што мне губляць? Дзьвесьце даляраў зь нявыкруткі мяне ня выведуць… Дзеці цяпер у бэпээсэмаўскім лягеры (начальнікам там адзін актывіст БНФ, дапамог уладкаваць, каб трохі ад’еліся), а мужу да лямпачкі, хоць бы я і на месяц адляцела, а ня толькі ў Маскву.
– А чым ён займаецца, гэты твой Іван Іванавіч?
– Кніжкі выдае. А цябе як зваць?
– Мяне зваць перарваць, хвамілія лопнуць. Фабіян я. Ну, што, рашылася?
Якія ўсё ж такі прыгожыя ў гэтага абарванца вочы!..
– То хадзем на вакзал.
– З вакзалу ў Маскву езьдзіць эліта, багема і бабулі з унучкамі. Сярэдняя ж кляса – ён стукнуў сябе ў худую грудзіну – дабіраецца таньней і зручней.
Фабіян устаў, закінуў за плечы рукзак і працягнуў мне руку.
* * *
Праз гадзіну мы ляцелі на ўсход у вялікай фуры, нагружанай печывам заводу «Слодыч», і ў шчылінах тэнту пасвіствалі вецер, роспач і страх. Куды ты прэшся, Саламея Круцяльніцкая? Дзеці, школа, гарод, гарод, дзеці, школа – вось тваё жыцьцё, па-іншаму ты жыць ня ўмееш. Куды ж ты ляціш?
– І вартае ж жыцьцё, няма чаго сказаць, – нечакана прамовіў унутраны голас. – Даў Бог плёну. Муж – адна назва, жылы цягнеш, як бэльгійская кабыла, сьвету за капейкай ня бачыш. Дзеці, лічы, сіроты пры жывых бацьках.
– Но-но! – страпянулася я. – Дзяцей я люблю, і яны мяне любяць.
– А калі ты ў апошні раз купляла ім марозіва, пяшчотная матуля? – пацікавіўся голас. – Ці вазіла ў Горадню ў заапарк? А па душах калі з каторым апошні раз гаварыла? Толькі і ведаеш, што высалапіўшы язык працаваць, палоць, паліваць, парэчкі дзерці. Бульбу пад лік абіраеш, каб на ўсю зіму хапіла. І ў лягер на тры зьмены!