Я купаюся. Калі ехала павольна, то плаваю ўздоўж берагу, апусціўшы вочы ў ваду, і разглядаю рыбаў. Тут няма кефалі. Жоўтыя сумныя рыбіны, стракатыя вясёлыя, ружовыя задуменныя. Вусатыя. Надзьмутыя. Рыбы, што спяшаюцца па справах. Калі ехала хутка, то, кінуўшыся ў ваду, плыву да Мідзілі. Зацята плыву, аж пакуль ня пойдзе напярэймы памежны катэр. Тады павяртаю назад.
Аднойчы, не даяжджаючы да перавалу, я зьвярнула з шашы на прачышчаную бульдозэрам дарогу – такія дарогі ў гарах зазвычай вядуць да гранітных кар’ераў або да вялікіх аліўкавых плантацыяў. Гэтая, абвіўшы некалькі невысокіх вяршыняў, вывяла да жытла.
Белая хата, збудаваная яшчэ за часам імпэрыі, у высахлай ушчэнт седлавіне. Сям-там алівы, старыя камлі, маладыя галіны. Зялёна-шэрая лістота над пажоўклай травой, усё астатняе спяклася на сонцы. Пануры восьлік паміж алівамі, тры пужлівыя авечкі. На ганак выйшла старая. Яна круціла галавой, азіраючыся, але не прыкрывала вачэй ад сонца. Яна выйшла на шум матору, але машыны ня бачыла. Я націснула на газ, матор зароў, і старая нарэшце сфакусавала позірк. Я заглушыла рухавік і выйшла, бразнуўшы дзьверкай, і пару разоў пакланілася, як вымагае звычай.
– А хто то? – спыталася яна.
– Мяне завуць Нэйбахат, – адказала я.
Я разглядала старую, вырашаючы, што сказаць, як растлумачыць ёй свой прыезд.
– Пабачыла дарогу і трапіла да вас.
– А хто то? – паўтарыла старая. Тады я сказала:
– Мяне прыслаў мула з Бахрамкале. Ён пытаецца, ці ня трэба вам чаго падвезьці – прадуктаў, вопраткі, можа, трохі грошай? І казаў, што ў вас можна купіць алею.
– Нэйбі? – перапытала старая. – То ты? Які мула?
Старая, пэўна, спачатку прыняла мяне за родзічку ці знаёмую. Мне падалося, што з ёй ужо нельга гаварыць, але праз хвіліну задуменнасьці яна прамармытала:
– А, мула, барані яго алах… – і зноў замоўкла, няўцямна разглядаючы мяне чорнымі вачыма, адно зь якіх амаль цалкам, а другое напалову зацягнутыя бяльмамі.
Проці звычаю, яна не спяшалася запрасіць мяне ў дом. Сонца пякло мне галаву, у седлавіне ветру зусім не было. Пот – вадкасць, якая плыве з чалавека тонкімі струменьчыкамі проці ягонай волі.
– Хадзем, уцягнеш мне нітку ў голку, – нарэшце сказала старая.
Я пайшла за ёй, уцягнула нітку ў іголку, не адрываючы яе ад катушкі, – так запатрабавала старая. Потым я прыяжджала яшчэ пару разоў.
На ёй заўсёды было адно: чорная хустка, цёмная сукенка, чорныя шаравары. Яна, мабыць, так і спала. Ад яе патыхала цьвільлю, мочам, авечым гноем. Старая не абувалася нават у самую спёку, калі я не магла дакрануцца да пяску. Босай хадзіла на агарод і па ваду.
Бачыць яна амаль ніц ня бачыла, але дзякуючы звычцы ўпраўлялася вобмацкам.
Павесіўшы на бакі панурага восьліка два аплеценыя пыльнай лазой вялікія бутлі і пачапіўшы на локаць вядро, яна выходзіла з дому у самую спёку – чым ясьней сьвяціла сонца, тым лепш яна бачыла – і па незаўважнай у камянях і пыле сцежцы ішла да крыніцы – струменьчыка, што выцякаў проста з каменю. Ісьці трэ было спачатку ўгору, потым уніз – з гадзіну. Доўга цюрчэў струменьчык, пакуль напаўняліся бутлі. Восьлік дзе-калі падыходзіў і піў, перахопваючы яго. Тут, ля вадапою, восьлік трохі ажыўляўся і пачынаў скубсьці траву, якая расла паблізу вады. Травы было мала, і восьлік пераходзіў на поле, на агурочнік. Калі бутлі былі поўныя, старая бралася за паліванне. Доўга-доўга струменьчык напаўняў вядро. Кожнай расьліне – па кубку, усім пароўну, незалежна ад тога, гурок гэта, памідор ці бульба. Нічога іншага старая не садзіла. Старая сказала мне, што кожны раз яна паспявае паліць толькі палову поля – трэба ісьці назад, пакуль не зьвечарэла. Яна баялася цемры. Таму на другі дзень яна палівала другую палову поля – усярэдзіне корчыкі выглядалі лепш, іх, выходзіць, палівалі часьцей, і восьлік сюды не дабіраўся. Я не магла дапамагчы старой паліць усё – загваздка была ў крынічцы, якая занадта марудна жаўрэла…
Старая была вельмі маўклівая. Яна ні пра што мяне не пыталася й не адказвала.
Аднойчы адвязаліся і згубіліся авечкі. Калі, абышоўшы вакол хаты, старая гэта зразумела, яна заплакала, закрычала і ўпала на зямлю. Праз паўгадзіны я, спатнелая і задыханая, прыгнала трох худых жывёлінаў, а яна таксама ляжала на пыльных камянях і плакала.
– Ана, устаньце, гляньце, вось яны, я іх знайшла! – крыкнула я.
Яна села на зямлі і стала аглядацца з тым самым выглядам, як тады, калі пачула шум маёй машыны.
– Вось яны! – крычала я, запыняючы бяздумных авечак і папіхаючы іх каленьмі бліжэй да старой. – Усе тутака! Ня плачце!
Адзінай ежай старой было авечае малако і сыр зь яго, ну і яшчэ аліўкі. На бульбу і агуркі ў гэтым пекле разлічваць не прыходзілася.
Старая, дрыжучы, углядалася перад сабой. Мы загналі авечак у хлеў, і, поўзаючы ў гноі на каленях, старая яшчэ доўга мацала авечак, лічыла.
Потым старая ўпершыню пачаставала мяне. Я ела сухаваты салёны кавалак сыру, трохі забруджаны яе рукамі, старая ела свой кавалак побач са мной, ёй цяжка было есьці цьвёрды сыр трыма пянькамі, што засталіся ў роце, крошка сыру прыляпілася да шчакі, а кавалачкі гною – да пальцаў, і я падумала, што старая хутка памрэ.
Я вырашыла, што заўтра паспрабую прывезьці ёй смажаную залатую кефаль. Раней, што б я ні прывозіла, ёй нічога не смакавала, ежай яна цяпер лічыла толькі сыр ды аліўкі, а ўсё астатняе клала назад у торбу і засоўвала мне ў руку. Мярцьвяцкі пах стаяў у хаце, калі я прыехала наступным разам.
Старая ляжала, непазнавальная, на сьпіне, вочы яе былі закрыты, а сківіца адвалілася. Сухія рукі са скурчанымі пальцамі ляжалі ўздоўж цела. З-пад пляскатай падушкі выступаў краёк іконкі. Я і ня ведала, што яна была грэчанкай. Калі тут рэзалі грэкаў, яна, значыцца, была зусім дзяўчом.
Я выйшла з хаты, выпусціла з хлеву авечак, якія неспакойна турзаліся па загоне, выпусціла і напёрла восыпка, які, аднак, адразу зноў вярнуўся пад хату.
Дома, пад кірказонамі, я вырашыла забіць Марыда. Ах, я ж яшчэ не казала, хто такі Марыд! Я яго ўтрыманка. Ён прыяжджае сюды раз на тыдзень. Дзень я праводжу зь ім, а астатнія шэсць – так, як хачу. Гэта прымальная плата – мне ня трэба, як многім іншым жанчынам, бачыць свайго ўтрымальніка кожны дзень і ноччу, пакуль не заснеш. Мне не прыходзіцца штодзённа працаваць, каб два разы на месяц атрымліваць жалю вартую купку грошай, якіх усё роўна заўсёды бракуе. Як ён пнецца выглядаць значным, і, халера, гэтае валасатае пуза… Поры на носе, пах парфумы ад вусоў. Тэк-с.
Забіць мужчыну, які агідны.
Я схадзіла за пісталетам і навярнула на ствол глушыльнік. Заўтра ён прыедзе, і я яго заб’ю.
1996Грошы ёсьць дакумэнт
Не памятаю, як выйшла, як дайшла. Што пад машыну ня трапіла – цуд. Ачомалася толькі на лаўцы ў сквэрыку, і то трохі: і скверык, і трамваі, і людзі круціліся ў мяне перад вачыма вясёлкавым, зь перавагаю блакітнага, колам.
Гэта ад неспадзяванкі. Я даўно ўжо ня маю надзей, але пляны яшчэ сную. І вось гэтыя пляны абваліліся, а руіны прыдушылі мяне такім цяжарам, што з-пад іх мне ня выбрацца. Кола круцілася ўсё хутчэй, туман перад вачыма гусьцеў, гусцеў, аж пакуль не згусцеў у папяровы кубачак з халоднай мінералкай. Зь цяжкасьцю сфакусаваўшы погляд на кубачку, тады на руцэ, што яго трымала, тады на тулаве, да якога рука мацавалася, тады на галаве над тулавам, я зьдзівілася настолькі, што мне нават стала лепш. Запамінальны выгляд у мужыка, які мяне паіў: худы да сухасьці, касцісты, вакол касаватага вока – шнар ад брыва да гарбатага носу, на другой шчацэ – пляма апёку. Пусты кубачак мужык кінуў у вялізны зашмуляны заплечнік і выхапіў стуль пунцовую ружачку з кропелькамі вады на пялёстках.
– Табе.
Я далонню ацерла з ілба халодны пот – сьлед мінулае непрытомнасці. Вопратка бамжацкая, зьбітыя боты. Рукі запэцканыя. Ружачка ў заплечніку… Мужык сеў побач, заплечнік прымасціў ля ног, скасавурыў на мяне і без таго касое вока і задаў няўцямнае пытаньне, якое, аднак, я выдатна зразумела: