Каруселі круціліся з аднолькавай хуткасцю – ні хутка, ні марудна, разам з імі круцілася, бы ваўчок, і хатка, але яна набірала абароты і, у выніку, лапка заблыталася сама ў сабе. Хатка бразнулася аб зямлю, пасыпалася шкло з вокнаў – і ўсё гэта без аніводнага гуку.
У хатцы – нікога. Відвць, Баба-яга яшчэ не вярнулася з палявання.
Як малое дзіця, што вучыцца хадзіць, хатка паднялася на лапку і зноў пачала круціцца.
– Сюжэт для постмадэрніста, – прыкмеціла дзяўчына Ніхто. Я пагадзіўся.
Аднак нам трэба было ісці. Я яшчэ не ведаў дакладна, але адчуваў, што дарога хутка скончыцца, прывядзе да лячэбні, і калі я дайду, мае жахі скончацца, і Ён назаўсёды знікне з майго жыцця.
Як шыкоўны дыван, перад намі паўстала дрыгвяністае балота. За балотам павінна быць шаша. Чамусьці я быў упэўнены ў гэтым. Толькі як яго перайсці? Здавалася, выпрабаванням не будзе канца, як у тым фільме пра чалавека, які бег. Што трэба зрабіць, каб мне адкрылася, куды ісці? Я выламаў сабе драўляную дзідку, каб абапірацца і правяраць глыбіню, але спадзявацца на яе…
Ніко ж прыспешвала, бо адчувала патыліцай Яго цяжкое дыханне.
– Добра, – прамовіў я, – трымайся за мяне і тэпай дакладна па маіх слядах.
Я ніколі не хадзіў па балоце, але нешта падсвядома падказвала, як трэба гэта рабіць.
Чарапахавай хадою мы пасунуліся наперад. Не ведаю, колькі поту з мяне сышло, але, калі б я быў анучай, то з мяне сцякло б вядро вады.
Мы амаль прайшлі небяспечнае месца, ужо відаць бабулі, якія развешваюць бялізну ўзбоч шашы, а па самой шашы праносяцца рознакаляровыя машыны.
Заставаўся нейкі метр да выратавання, як пачуўся спалоханы крык Ніко. Павярнуўшыся, я паспеў убачыць толькі руку дзяўчыны ды белую шапачку, але і яны хутка зніклі ў ненажэрнай пашчы багны. На месцы Ніко, узрадаваны, як Фрэдзі Кругер, з’явіўся Ён, гатовы націснуць на гашэтку кулямёта. Я павярнуўся да шашы. Адтуль не маглі не бачыць, што адбываецца ў багне. Я намагаўся крычаць, але крык застраваў у горле, нібы костка. Мабыць, я і крычаў, але не чуў свайго голасу, раптоўна страціўшы слых, як Бетховен. Але ж глухі Бетховен пісаў музыку. Аднак я не кампазітар…
Страх скаваў мяне кайданамі і зрабіў падсечку. Я паляцеў, гатовы ўжо адчуць брудны прысмак дрыгвы ў роце. Але чамусьці ніякага смаку не адчуваў. Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў, як Ён плюхаецца ў багне, спрабуючы выратаваць кулямёт, узняўшы яго над галавой. На твары Яго – нейкая разгубленасць і няўцямнасць. Відаць, монстр не мог зразумець, што адбываецца.
Нехта (ці не Бог?) шапнуў мне на вуха, каб я прыўзняў пазногцем край балота; гэта будзе лёгка зрабіць, бо нагой я ўжо адкінуў невялікі кавалак, з-за чаго Ён і праваліўся ў твань.
Я крануў пазногцем прыўзняты ўжо кавалак, ён скруціўся, што дыван. Маньяк пачаў захлынацца і праз імгненне знік. Балота зрабілася звычайным дываном, які я скруціў у рулон і пад пахай аднёс да бабуль, што развешвалі бялізну. Бабулямі яны здаваліся толькі здалёк. Насамрэч гэта былі студэнткі медінстытута. Відаць, і без таго дрэнны мой зрок яшчэ больш пагоршыўся. Студэнткі запрасілі мяне ў госці.
Я паабяцаў прыйсці і выйшаў на шашу лавіць машыну.
Ужо седзячы ў салоне «бумера», я заплакаў, бо дзяўчыну Ніхто любіў, як нікога. Але ніхто і знікае ў нішто. Магчыма, яе ніколі нідзе і не існавала, акрамя майго ўяўлення, як і кукурузнага поля з ракою і балотам, як не існавала і мяне, бо я таксама быў гульнёй нейчага ўяўлення.
Добры чалавек Мазахаў
Мазахаў курыў. Ён ляжаў на раскладушцы ў сваёй асабістай кватэры, а на ягоным ложку кахаліся яго сябар з сяброўкай. Яны так пыхцелі і так шумна цалаваліся, і так рыпеў ложак пад імі, што Мазахаву стала балюча за ложак. Ён злез з раскладушкі і пайшоў на кухню. Уключыў ваду і зачыніў дзверы, каб нічога не чуць. Мазахаў уздыхнуў і закурыў яшчэ адну цыгарэту: уключаная вада, што лілася з-пад крану вадкай трубкай, і зачыненыя дзверы не пазбавілі Мазахава гукаў з пакою. Яны сталі яшчэ больш гучнымі. Відаць, прысутнасць Мазахава рабіла больш-менш сціплымі яго сябра з сяброўкаю, адсутнасць жа нарадзіла выбух стрымліваемых пачуццяў.
Мазахаў самотна, як воўк на поўню, зірнуў у начное акно. Ён пачаў спяваць ад няма чаго рабіць і ад самоты, але хутка змоўк, бо ведаў усяго толькі адну песню, вывучаную з вялікімі цяжкасцямі яшчэ ў школьныя гады да нейкага вечара, пра Яся, што касіў канюшыну.
Яму стала няўтульна і адзінока.
З сябрам Мазахаў вучыўся пяць гадоў на адным факультэце ў адной групе. Сябар стаў беларускім пісьменнікам, а Мазахаў пайшоў працаваць падсобным рабочым на тыпаграфію, у якой друкаваліся кніжкі сябра. Ніводнай з іх ён не чытаў, бо не разумеў беларускай мовы, да таго ж праца замінала чытанню. У вольны час Мазахаў любіў гартаць «Плэйбой» і глядзець па відаку «Эмануэль». На тыпаграфіі ён паралельна засвоіў электракару і атрымаў права на яе кіраванне. Яго празвалі «Ферары-аварыя», таму што гойсаў ён на сваёй машыне па цэхах з неверагоднай хуткасцю, уяўляючы сябе кіроўцам «ферары» на аўтагонках, з-за чаго вельмі часта не паспяваў націскаць тормаз і не ўпісваўся ў вольнае месца праезджай часткі цэхоў.
Мазахаў не вельмі паважаў сваю працу і не стараўся выконваць, а тым больш перавыконваць план. Наадварот, з яго гойсаннем работа стаяла, бо Мазахаву даводзілася цэлымі днямі рамантаваць сваю кару з-за частых аварый. Затое зарплату атрымоўваў ён большую, чым тыя, хто літаральна парыўся на працы. Магчыма, начальства лічыла яго механікам?…
Мазахаву было адзінока і няўтульна на кухні. Ён падумаў было зноў закурыць, але выцягнуўшы цыгарэту з пачака і паглядзеўшы на яе, перадумаў. Мазахаў паламаў цыгарэту напалам і падсунуў пад вадзяны струмень, з-пад якога цудам выкараскаўся вялікі рыжы прусак. Ён вылез на сухое і перакуліўся лапкамі дагары.
Мазахаў закрычаў. Так, як крычаць у галівудскіх фільмах жахаў ахвяры.
На крык прыбеглі сябар з сяброўкай.
– Што здарылася? – занепакоена ўзіралася ў яго сяброўка сябра.
– Трэба выклікаць 911, прусак памірае, – пазіраючы на яе, адказаў Мазахаў.
– Ідыёт, – прамовіла сяброўка сябра і хутчэй выбегла з кухні пад цёплую коўдру, а сябар рассмяяўся і паляпаў Мазахава па плячы.
Неяк Мазахаў збіў электракарай пераплётчыцу з пераплётнага цэха (нешта яму там трэба было) Дэсадаву – дзяўчыну кроў з малаком, якая вучылася ў вольны час на стрыптызёршу. Дзякуй богу, не забіў і нічога не пераламаў ёй. Але пры ейным падзенні і сам паваліўся на яе. Яшчэ і нейкую сваю руку на левую грудзь яе паклаў, як бы між іншым. Дэсадава раскрычалася, што тая фурыя, і пабіла Мазахаву твар да крыві. Мазахаў жа з размазанай крывёй на твары запрасіў Дэсадаву ў кіно. Дэсадава падумала-падумала, перастала крычаць і прыняла запрашэнне.
Прусак не памёр. Ён і не збіраўся паміраць. Пакуль Мазахаў у калідоры набіраў па тэлефоне 911, ад прусака і слядоў не засталося. Вось незадача. Затое на падлозе засталіся сляды, што пакінулі сябар з сяброўкай. На іх Мазахаў паслізнуўся і моцна пабіў галаву. Пяць хвілін ён не памятаў як яго завуць. Мазахаў хацеў тэлефанаваць у даведачную, але тут яго паклікаў сябар і яны пайшлі курыць на балкон. Сяброўка сябра сапела ў дзве дзірачкі (стамілася), адвярнуўшыся да сценкі. З-пад коўдры відаць быў белы аксаміт попачкі.
Сябры пакурылі, паціснулі адзін аднаму рукі і вярнуліся да сваіх часова пакінутых сябар да сяброўкі, Мазахаў да раскладушкі.
Дэсадава прыйшла ў кіно ў скураной міні-спадніцы, у скураной кофтачцы, у скураных батфортах, дакладней, прыехала на «харлеі» айчыннай вытворчасці.
Мазахаў чакаў яе з кветкамі і пры гальштуку.
– Ой, гэта мне?! – узрадавалася Дэсадава кветкам і чмокнула Мазахава ў лоб, пакінуўшы свой аўтограф на ім. Мазахаў зіхацеў ад шчасця.