Павал Касцюкевіч - Зборная РБ па негалоўных відах спорту стр 6.

Шрифт
Фон

2.Аднакласнік


Перастрэць на вуліцы аднакласніка і, пачуўшы пра ягонае жыццё, пераканацца, што не такі ўжо кепскі для цябе расклад на гэтым свеце. Тэорыя адноснасці ў дзеянні. Пасля першай радасці, калі ўсё яшчэ цешышся, што ты па-ранейшаму маеш сякія-такія шанцы падмяць усё пад сябе, пачынаеш звяртаць увагу і на самога аднакласніка. Змячаеш, што разам з ягонымі такімі чужымі няўдачамі і злыбедамі і ўсё астатняе ягонае жыццё таксама іншае, усё не так, як у цябе. Не так і не так, а вось гэтак. І паралельна з трыумфальна вернутымі ў галаву думкамі парваць гэты свет на андрэеўскі сцяг, душу ахінае якісь няўцямны сплін. Позіркам абглодваеш суразмоўцу і табе трошачкі хочацца ягонага, нармальнага: паслужыць у войску, спусціцца ў салігорскую шахту, паслухаць апошні unplugged «Славянскага базару». Каб стаць як усе, спадзеючыся, што так ты, можа быць, пазбудзешся гэтага пачуцця калі часам здаецца, што твае мазгі, як выпушчаны галактычны дэсант, раскідала па ўсім Сусвеце.

Мой аднакласнік, Слава Вэдэвэ.


3.Антаніна, я твой мужчына


І да таго ж гэтыя іх цяльняшкі. Няйначай вышэйшая, нечалавечая, фантазія прыдумала іх. У беспрасветнай імгле колеру хакі і сярод плямістага хаосу стылю «мілітары», пэўна, вярхоўнае вэдэвэшнае божышча выпрадукавала, выламаўшы з уласнага калена, гэтае блакітна-белае чаргаванне, двухколерныя промнікі святла ў цёмным царстве.

Божышча было абкуранае, зедліва скажа маладое крыло. Можа быць. Хаця, думаю, нешта-нейкае ўсё ж ёсць у гэтым дні. Штосьці ад моцы і немачы бразільскага карнавалу-аднадзёнкі. Штосьці ад бесшабашнай пагулянкі казакоў у «запарожцы». Штосьці ад колішняга неспадзяванага прыезду шатландскіх футбольных заўзятараў у кілтах у Менск. І яшчэ трошкі ад зборнай Харватыі.

Зборнай Харватыі? Ну, гэтая іх адметная клятчастая форма. Рэч у тым, што калі Харватыя атрымала незалежнасць, то на кірмашы фарбаў астатнія краіны збольшага ўжо разабралі ўсе каляровыя камбінацыі. Да таго ж дзяды падкінулі харватам у спадчыну чырвона-бела-сіні сцяг. Банальную палітру, якой трымаецца ці не ўвесь славянскі свет з прымкнулымі да яго французамі і галандцамі. І тады, у гэтыя змрочныя часы сумневаў і цяжкіх роздумаў, камусьці з харвацкіх дызайнераў прыйшоў да галавы ход канём: форма ў чырвоныя і белыя краткі. І, значыць, звоніць мне неяк летнім дзяньком адна Антаніна: «Паша, прыязджай, у мяне зноў праблемы ў асабістым жыцці, трэба параіцца, любоўная дылема: футбаліст або таксіст. І абодва харошыя хлопцы». І я імчуся да Антаніны. Першай справай здзіраю сваю недарэчную кашулю, што замінае і асланяе футбольную маечку ў краткі, і потым, як след прадэманстраваўшы свае нацельныя шашачкі, крычу на ўсе застаўкі: «Антаніна! Не яны, а я, Я твой мужчына! Два ў адным... не тры ў адным. Ты можаш разлічваць на мяне, нават калі табе раптам удумаецца ўзбуйніць гэты твой любоўны, футбольна-таксісцкі, трохкутнік яшчэ і шахматыстам».

Пакрыўдзілася Антаніна. Але каму спадабаецца, калі цябе, мужчыну, перарабляюць на жанчыну з правам дарадчага голасу.

Дарэчы, яшчэ адна дата праляцела над намі, як фанера над Парыжам, Дзень шахматаў, дваццатага ліпеня! У наступным годзе абавязкова святкуйце і так, каб чэрці вылі. Уяўляю орды крыважэрных людзей у прыталеным гарнітуры і клятчастым, а-ля клоўн Папоў, капялюшы, якія чэпяцца на вуліцы да вартых жалю хлопчыкаў у бірузовых шапачках: «Чаму, е-два-е-чатыры тваю за нагу, без акуляраў?», «Чаму цельнік не ў клетачку?»


4.Носік вышэй!


Лета хутка скончыцца. Гэта навукова даведзены факт. І як лета маленькае жыццё, дык у верасні нас чакаюць маленькая смерць і маленькі страшны суд. Не схавацца. І дзень дэсантніка, які выпадкова (невыпадкова?!) супадае з днём грымотнага Іллі-прарока першы званочак. Жнівень гэта слухаць у аўтобусе, як напалеонаўскія планы пра трыумфальны захоп турэцкага берага пакрысе зязджаюць на старэчае буркатанне, што ад чалавека ў гэтым свеце нічога не залежыць, а пагатоў выкананне ягоных планаў на лета, і што ўсе мы, па сутнасці, у далонях Івана Купалы, гэтага змрочнага летняга бажка, які тры месяцы навылёт прымушае нас паліць чорныя шыны недаробленых за зіму справаў ды скакаць праз вогнішчы скоразвялых раманаў, пасля чаго мы робімся пяныя і дурныя, забываючыся пра самае элементарнае пра Крым.

Класіка жанру. Лета, мікрараён, дзе прэвалюе сена на асфальце ў другім пакаленні (зрэшты, так можна сказаць пра ўсе менскія мікрараёны). Ля гастранома ідзе невысоканькая, гжэчна апранутая бабулька, якая крыху так выбіваецца з агульнай моды. Раптам чуецца трохі звераваты крык: «Носік вышэй! Носік, ё..., вышэй!» Нос кабеты міжволі ўздымаецца. Але голас не задаволіўся і гне сваё:

«Яшчэ вышэй!» Бабчын нос заложна лезе ўгору. Але на трэцім выкрыку, схамянуўшыся: «Што ж гэта я?» яна апускае голаў і азіраецца. На лужку перад гастраномам мужчына косіць траву касой. А на ганку магазіна згуртавалася ладная талака, якая сочыць за рухамі касца і, дзе трэба, папраўляе яго словам. Гэтым летам людзям ёсць што сказаць.

Так што хапайце, хапайце высалапленым языком гэтыя летнія перліны. Бо неўзабаве, праз які месяц, свет скурчыцца да невялічкай амбразуры, адкуль мы будзем атрымліваць адно канверты ад працадаўцы і радасці скупыя тэлеграмы ад жыцця, апантана смолячы ў адказ па псіхічнай атацы белых.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3