Заслона.
P.S. Пра значэнне імя другой дачкі Гая Юлія Цэзара і пра прысутнасць у ангельскім арыгінале Шэкспіра «Юліі» замест «Джульеты» няпраўда.
Шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць вечароў
Шатан у Менску. Не відаць яго хаваецца недзе. Хоць усе добра абазнаныя пра ягоную нябачную прысутнасць, ён усё роўна намысліў выпусціць вонкі світу, якая фальшыва звястуе ягонае прыйсце.
Імя свіце вараннё.
Чорнае птаства з драпежнай дзелавітасцю лунае па-над горадам. Ад Панікоўкі і Купалаўскага сквера аж да плошчы Якуба Коласа. Зграя пацукоў з прыробленымі крыламі, менска-мінскія птушкапціцы. Пасля нябачнай адмашкі гуртом зрываюцца з вершалінаў дрэваў і, перакрыжаваўшы небасхіл, крыляюць. Кружляюць. Гергечуць і пачвараць.
То пазбіраюцца ў адну купу, то крыху разлятуцца, размяркуюцца па абшары, сябе прыпадобніўшы да вузельчыкаў, а неба да браканьерскай сеткі, каторая штохвіліны пагражае абрынуцца і ўблытаць нас усіх.
Бамжы, найбольш сталыя насельнікі вулак, згледзеўшы чорную армаду, прадбачліва хаваюцца пад казыркі грамадскіх тэлефонаў.
Карэнныя менчукі, скамянелыя пасярод праспекта, не зважаючы на белую дрэнь, што валіцца на штрыфелі іх гарнітураў, адно стурбавана сочаць, каб на тле адвячоркавага неба чорныя гмахі птушак не пачалі перарабляць на свой лад столькі гадоў рупліва маляваны гарадскі рысагляд.
Карэнныя менчукі, скамянелыя пасярод праспекта, не зважаючы на белую дрэнь, што валіцца на штрыфелі іх гарнітураў, адно стурбавана сочаць, каб на тле адвячоркавага неба чорныя гмахі птушак не пачалі перарабляць на свой лад столькі гадоў рупліва маляваны гарадскі рысагляд.
Дзяўчына, з усіх бакоў абнятая байцом белпалка, учуўшы масіраванае карканне, ніякавее, позірк блякне. Робіць выгляд, быццам нічога не змянілася, але прысуд вынесены сёння ў іх нічога не будзе. Паглядаючы ў розныя бакі, дзяўчына і баец яшчэ каторы часы абдымаюцца на выцягнутых руках. Дзяўчына, паспяхова скроіўшы міну асобы з нягэтага свету, думае пра кальцый у арганізме. Сам баец думае пра бясплённую самаволку, што хутка павінна скончыцца, пра змарнаваныя бутэльку «Змовы манахаў» ды букет гваздзікоў. Не тое што сённяшнім вечарам, на другім спатканні, у яго было многа шанцаў, але цяпер іх абнулены нуль.
Менскі гопнік, што нешта палка даводзіў быў таварышу, цяпер таксама чуе вараннёвы клёкат: ягоная лаянка гусцее, ён намагаецца перакрычаць птушак, і твар ягоны выцягваецца ў доўгую дзюбу. Ад аральнай напругі губы абяскроўліваюцца, бялеюць, шчокі ж наадварот пакрываюцца чырвонымі плямамі, і твар гопніка робіцца падобным да негатыву галавы бусла. Бутэлька піва ў чэпкіх птушыных пальцах раздражняльна пустая.
Дзве студэнткі, найлепшыя сяброўкі, ужо не ідуць за ручку, а напалохана ціснуцца адна да адной бокам, ад бёдраў да плячэй, усё роўна як раней разяднаныя, а цяпер зноў сфастрыгаваныя па шве сіямскія блізнючкі. Уперыліся кожная ў свой экранчык мабільніка і ўпотай адна ад адной доўгімі, надта доўгімі пазногцямі пішуць любоўныя эсэмэсы аднаму і таму ж аднагрупніку.
Цяпер паселае на высозныя таполі Купалаўскага сквера вараннё ператвараецца ў чорныя парэчкі. Зрабіўшы гэты вокамгненны скачок з фаўны ў флору, парэчкаўё пагрозлівым тонам прапануе сябе ў якасці пачастунку.
Але лепей ужо так. Лепей, што ўсё гэта і ўсе яны у маім горадзе і ў маёй галаве, бо сёння я, ушчэнт захоплены гэтай навалай, напэўна, першы раз пасля таго растання, першы вечар за шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць вечароў не думаю пра Свету.
Дзень дэсантніка
1.Сонечнае прыцьменне
Яны злятаюцца з недасяжных вышыняў, з тых сляпучых узвышшаў, якіх не сягаюць арлы і снягі. Мама, мама, глядзі: яны лятуць, асланяючы сонца на 10, 20, 30 адсоткаў! Нецвярозымі анёламі імкнуць да нас, неспасцігальныя, як прыбамбасы Бэтмэна, і, прызямліўшыся на пакрытыя керамінаўскай кафляй ганкі дамарослых супермаркетаў, дзіравяць грэшнае паветра гарадоў пяццю нябеснымі зыкамі:
Сла-Ва-Вэ-Дэ-Вэ!
Іх не было тут цэлую вечнасць, адзін зямны год, яны шмат чаго не ведаюць пра нас, пра ўтомную зіму і стагнацыю. Яны, нетутэйшыя, па-ранейшаму песцяць аблудную надзею, што зямныя дочкі будуць біцца галавой у гістэрыцы і рваць валасы на галовах, як толькі змецяць у сваім полі зроку вузкую палоску бірузовага берэту. Яны яшчэ ў вочы не бачылі новага дызайну бутэлькі «Аліварыя-Айс». Таму і купілі пяць скрыняў. Нетрывала ступаюць неакрэплымі анёльскімі нагамі па зямлі. Зрэнкамі блакітнага аж выліваецца! колеру зазіраюць мінакам у вочы са спіны. Трохі смешныя. Спажываюць гарэлку як ваду, а чарніла як паветра. Хісткай хеўрай ловяць замест таксоўкі аўтобус. Ставяць акардэонныя акорды на гітарным грыфе. Перакананыя на ўсе сто, што чалавек найлепшы сябар дэсантніка.
Дзень ВДВ свята сямейнае, таму ў гэты дзень трэба сядзець дома і нікуды не выходзіць. А ноччу будзь ласкавы пастаў свечку і літровы слоік «ёршыка» на падваконне. Гэта для заблукалых берэтаў. І не важна, што ў цябе сёмы паверх. Стропы ў іх доўгія дацягнуцца.
А ты служыў у войску? І ў нас усё неяк не атрымлівалася знаеш, сямя, саўна штопятніцу, аўстрыйскія партнёры, праблемы на фірме і пад уласнай чарапной каробкай. У нашым класе з пятнаццаці здаравіл адслужыў толькі адзін хлопец. Хоць і не ў дэсантуры.