Да дзявятага класа беларуская мова для мяне была як замежная. Усё змянілася, калі адным з профільных прадметаў навучання стала беларуская мова. І, як мы жартавалі, трошкі літаратура. Тады я і зразумела, якая яна прыгожая і мілагучная.
Можна, вядома, доўга і пафасна апісваць «момант прыходу да мовы», але гэта не самае цікавае. Уласна кажучы, і не самае складанае. Значна складаней «перайсці на мову».
Калі ты бачыш чалавека ўпершыню лёгка пачаць размаўляць з ім на мове, але звярнуцца з беларускім словам да сяброў ці родных вось сапраўднае выпрабаванне. Ва ўсякім выпадку, для мяне гэта было вельмі цяжка. З бацькамі і да сёння працягваю размаўляць па-расейску.
Найбольш складанымі ў засвойванні мовы былі першыя два месяцы. На той час я жыла ў Берасці, а там беларуская мова выклікае ў людзей не найлепшыя эмоцыі. Гэта ў Менску белмова лічыцца элітарнай, а там усё па-іншаму. Часам ледзьве не да слёз даходзіла. Часта чула ў свой адрас, што «ўсё гэта юнацкі максімалізм, і хопіць ужо выпендрывацца». Хаця насамрэч думкі выдзеліцца з натоўпу праз беларускую мову ў мяне ніколі не было. Усё атрымалася само сабою.
А цяпер я вельмі ўдзячная тым, хто тады мяне зразумеў і падтрымаў. Бо калі б адмовілася ад мовы і вярнулася да расейскай, то шмат страціла б у сваім жыцці.
Памятаю, як некалі ў «Кантакце» сустрэла апытанне: «Чаму беларускамоўныя дзяўчыны могуць сустракацца толькі з беларускамоўнымі хлопцамі?». Што за глупота? падумала я тады. Затое цяпер разумею, што гэта праўда. Беларуская мова гэта не толькі сродак вербальных зносін, але асобны светапогляд. Я змянілася. Вельмі. І бачу, як пад уплывам беларускай мовы іншыя змяняюцца таксама.
Надзея Паўлава: Разнастайныя факты склаліся ў цэласны малюнак
Усвядоміць сябе беларусам у нашай краіне значыць дасягнуць пэўнай ступені духоўнага развіцця. У другім класе я нават прасіла маму, каб яна вызваліла мяне ад заняткаў па беларускай мове. Потым была глыбока ўдзячная ёй, што яна мяне не паслухалася.
Калі пачала самастойна знаёміцца з беларускай мовай, дык хутка адчула, як кепска выкладалі яе ў школе, абыякава, без любові. Адначасна знаёмілася з цікавымі людзьмі, якія любяць Беларусь, ведаюць яе гісторыю і традыцыі і, натуральна, размаўляюць па-беларуску.
Усё гэта супала з маім навучаннем на архітэктурным факультэце, са знаёмствам з беларускай архітэктурай, з новым бачаннем гісторыі роднага Менска, са шматлікімі паездкамі па разбураных помніках беларускага дойлідства і культуры.
Пакрысе ўсе гэтыя разнастайныя факты склаліся ў цэласны малюнак.
А потым склалася сітуацыя, калі я была змушаная сурёзна падумаць пра магчымасць эміграцыі. Тады я і зразумела, што нават калі перавязу з сабой, напрыклад, у Канаду, усіх сваіх самых любых людзей, я ўсё роўна там страчу вялікую частку сябе. Ужо хаця б таму, што я займаюся мастацкай фатаграфіяй і рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры. А за мяжой гэтыя кірункі маёй працы не будуць мець сэнсу.
Так атрымалася, што я нарадзілася і вырасла тут. І для мяне ўсё Сапраўднае таксама тут. Там цікава. Там варта папрацаваць, павучыцца, пасябраваць з рознымі людзьмі. Але Быць тут.
Анка Упала: Інтымнае пытанне
У трэцім класе на пытанне настаўніцы беларускай мовы «Ці трэба вучыць беларускую мову?» я адказала, што не трэба і што лепей, каб усе паступова перайшлі да таго, каб размаўляць на якой-небудзь адной мове, бо так зручней. А моманту, калі зразумела, што беларуская мова патрэбная мне асабіста, я дакладна не памятаю. Гэтае адчуванне прыйшло знутры з усведамленнем таго, хто я: як частка маёй самаідэнтыфікацыі як чалавека. Як імя, як пол, як сацыяльныя ролі. Быць самой сабой важна.
Я жахлівы інтраверт, і пытанне беларускасці для мяне інтымнае, як усё, што закранае эмоцыі.
Беларускае для мяне пачалося з дзіцячых кніжак з казкамі, якія купляла мне маці, і замацавалася песнямі гурта N. R. M. «Long live Лявон Вольскі!» атрымоўваецца.
Дарэчы, першую касету з запісам акустычнага канцэрту N. R. M. я выйграла на турніры па «Што? Дзе? Калі?», арганізаваным пісьменнікам Аляксеем Бацюковым. Турнір быў прысвечаны наданню Магілёву Магдэбургскага права, і пытанні задаваліся па-беларуску.
6. ЛОГІКА
Проста ўключыўся ў галаве нейкі тумблер. Вакол мяне не было ні мітынгаў, ні незалежных выданняў. Шмат беларусаў «абуджаецца» менавіта за мяжой. Зрабіць мікс з нацыянальнага з сусветным і сучасным. Культурна-ментальнае мы самі сабе рабілі. Аскепкі прачытанага і ўбачанага склаліся ў мазаіку. Часамі здаецца, што ў Беларусі існуе два сусветы. Маленькі сусвет зацятых беларусаў і вялікі сусвет постсавецкіх беларусаў чарговых «тутэйшых». Калі табе не ўсё роўна, што адбываецца ў гэтай краіне. Я ўсё жыццё хачу быць адметным. Асноўнае не кроў, а самаадчуванне.
Таццяна Нядбай: Вырашаеш ты сам
У нас у школе лакальная ідэнтычнасць была дастаткова развітая: мы былі з Полацка-самага-старажытнага-горада-Беларусі!
У школьныя гады нацыянальнасць не была для мяне нечым такім, што як спадчына пераходзіць ад бацькоў да дзяцей. І тады, і цяпер у большай ступені мне здаецца гэта пытаннем уласнага выбару чалавека. Гэта як калі ўсталёўваеш праграму, выбіраеш опцыю на якой мове ўсталяваць. Так і тут ніхто і ніколі за цябе гэтага не вырашыць вырашыш ты сам. Не кажу, што так мусіць быць ува ўсіх. У некаторых семях існуюць трывалыя нацыянальныя традыцыі і дзеці ўсведамляюць сваю нацыянальнасць як штосьці зададзенае. У мяне гэта было маім уласным выбарам.