Таццяна Абдулхакава: Я з гэтым адчуваннем нарадзілася
У маёй сямі ніколі не размаўлялі па-беларуску, але з дзяцінства нас вучылі паважаць родную мову. Памятаю свае дзіцячыя кніжкі, дзе былі беларускія казкі, апавяданні, вершыкі, якія я ведала на памяць.
Потым была беларускамоўная школа (у вёсцы яна адна, таму выбіраць не даводзілася). Тэарэтычна навучанне павінна было праходзіць па-беларуску, бо падручнікі былі беларускія. Але амаль усе настаўнікі размаўлялі па-расейску. Зрэшты, пытання наконт таго, куды паступаць пасля школы, амаль не ўзнікала. Ведала, што гэта будзе менавіта беларуская мова і літаратура.
Мне складана вызначыць той момант, калі я свядома зразумела, што я беларуска. Напэўна, я з гэтым адчуваннем нарадзілася. Таму і пытання наконт роднай мовы ў мяне ніколі не ўзнікала. Я заўсёды ведала, што родная беларуская.
Вольга Пашкевіч: Я заўжды лічыла сябе беларускай
Расейская мова яна для вуліцы, для размоваў з незнаёмымі людзьмі ці з тымі, хто не разумее беларускую мову. А нам і на сваёй добра. Роднай мове мяне вучылі бацькі, таму натуральна, што я з імі размаўляю па-беларуску. Але з сябрамі таксама. Неяк так мне зручней. Колькі сябе памятаю, заўжды лічыла сябе беларускай. Некалі нават паспрабавала з сябрамі па-расейску гаварыць, але надта смешна атрымалася.
Шмат людзей лічыць, што калі нехта размаўляе па-беларуску, то ён нейкі вясковы прастак, які нават не змог навучыцца гаварыць па-расейску. Што за глупота! Як сцвярджаюць знаўцы, наша мова адна з найпрыгажэйшых ў свеце паводле меладычнасці. Таму няма чаго саромецца размаўляць на беларускай мове.
Вольга Палівода: Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць
Мая маці расейка, бацька беларус. Але пра беларускасць у сямі ніхто асабліва не згадваў. Бацькі ад палітыкі трымаюцца ўбаку, хаця і маюць сваю ўласную пазіцыю. А вось дзядуля любіў размаўляць па-польску. Любоў да радзімы, па вялікім рахунку, прывіў менавіта ён.
Навучалася ў беларускай школе, таму што гэта была адзіная ў Маладзечне гімназія.
Навучалася ў беларускай школе, таму што гэта была адзіная ў Маладзечне гімназія.
Усе прадметы, апроч рускай мовы, выкладаліся па-беларуску. Потым давялося перавучвацца, здаваць біялогію па-руску: ныркі почки, і гэтак далей Але гэта не было складана, бо мы на перапынках заўсёды размаўлялі па-расейску. Тады неяк і не задумваліся пра мову. Калі пераехала ў Менск, беларускасць зрабілася бліжэйшай. Магчыма, таму, што стала больш самастойна думаць. І ўжо не так стрымлівалі бацькі і асяродак.
Пачала пісаць вершы па-беларуску. Нашая мова вельмі прыемная, меладычная. Але з беглай гаворкай у мяне праблемы, таму што няма з кім размаўляць. Цяпер крыху больш занятая, а раней штосераду хадзіла на Корч. Гэта яблыневы сад у Менску каля Нацыянальнай бібліятэкі на «Усходзе». Месца тусоўкі тых, хто цікавіцца старадаўняй беларускай музыкай. Прыемная атмасфера, танцы, адкрытыя для стасункаў людзі, магчымасць размаўляць з жывым чалавекам па-беларуску. Бо дома няма з кім, калі толькі з аркушам паперы
Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць. Лічу, што тыя, хто ўсвядоміў сябе беларусам, ужо прайшоў пэўны шлях станаўлення сябе як асобы.
4. ЛЮБОЎ
Беларусь гэта як каханне. Сэрцам любіць тое месца, дзе я жыву. Я лічу, што ўсё пабудавана на любові, у тым ліку і беларушчына. Я часам параўноўваю сваю любоў да роднай мовы з любоўю да дзяўчыны, бо яна прыгожая, мілагучная, родная. Мой бацька займаўся музыкай і прывіў мне любоў не тое каб да беларускай культуры, а ўвогуле да культуры. Падабаецца ці не адчуваеш сэрцам. Маё захапленне Беларуссю тоеснае захапленню прыгажосцю сусвету. Гэта своеасаблівы стан душы, калі ты добра разумееш, хто ты, дзе ты, чаму ты тут і чаму ты такі, а не іншы.
Сяргей Сакума: Беларусь гэта як каханне
На ўсходзе Беларусі, дзе я нарадзіўся, усе вакол размаўлялі па-расейску. Толькі бабуля, што жыла разам з намі, раптам устаўляла свае «анягож», «скуля я ведаю». Я неўпрыкмет набіраўся такіх словаў і пасля ўстаўляў у школьныя сачыненні.
Памятаю, яшчэ ў дзясятым класе на занятках па беларускай літаратуры на мове гаварыла толькі настаўніца. Таму я атрымліваў немалое задавальненне, калі падчас адказу на запытанне настаўніцы мне шэнціла скласці цэлы сказ, не ўжыўшы ніводнага расейскага слова. На першым курсе ў студэнцкім інтэрнаце мяне пасялілі ў блоку, дзе суседзямі, на шчасце, апынуліся тры хлопцы, якія ўвесь час размаўлялі па-беларуску і якія былі сапраўды шчырыя і свядомыя. Не прамінула і двух тыдняў, як і я сам ужо гаманіў па-беларуску, і так мне гэта падабалася, што і слова не даваў уставіць сваім суседзям.
Пасля былі Дзяды. Я пайшоў з сябрамі ў Курапаты. Крыжы ўздоўж дарогі, невялікія яміны і пагоркі паміж дрэваў. Зявілася калона са сцягамі, прычым сцягоў, падавалася, было болей, чым людзей. Калона рухалася, нібыта адна з грунвальдскіх харугваў. Мне мроілася, што ўсё магчыма, што праз дзесяць гадоў усе будуць размаўляць па-беларуску. Мабыць, тады я ўпершыню і адчуў, што беларус гэта і я таксама.
Быць беларусам гэта ісці ў свет не з пустымі рукамі і чалавекам без роду, а з гонарам несці свету нашыя здабыткі і каштоўнасці.