Севярын Квяткоўскі - Як стаць беларусам. Сто гісторый стр 10.

Шрифт
Фон

А чытаць пачаў пасля спрэчкі з сябрам, які не мог мне давесці, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя, а я якраз хацеў гэтых доказаў. Сам сябар ніякіх «мінуўшчынаў» не чытаў. Яму хапіла ўрокаў гісторыі ў Пячанскай сярэдняй школе. Ён нічога толкам не ведаў, але быў перакананы, што ў Беларусі ўсё сваё было і ёсць. Мяне цяжка было пераканаць без аргументаў, да таго ж я досыць моцна быў абазнаны якраз у імперскай расейскай гісторыі. Вось таму і набыў часопіс па беларускай гісторыі, першы, які патрапіў на вочы. Мабыць, тады і адбылася канчатковая рэвалюцыя ў маёй свядомасці. Я хутка зрабіўся моўным радыкалам паўсюль і заўжды размаўляў толькі па-беларуску. Сёння стаў спакайнейшы.

Як патлумачыць суайчыннікам, навошта ім нацыянальнасць? Якая ім практычная карысць?

Пытанні няпростыя. Заклінаннямі любіць мову, шанаваць продкаў і слаўную гісторыю не дапаможаш. Заклінаць можна ў дзіцячых садках, а з дарослымі людзьмі такія рэчы не пройдуць.

Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне гэта як выйсці з пакоя з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу ці як адкрыць новую планету. Хіба дрэнна быць першаадкрывальнікам?

Вольга Рудніцкая: Кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая

Тое, што я люблю Беларусь і што мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца, я зразумела ў школе. Гэта быў цудоўны час адраджэння, калі толькі пачыналі выходзіць нацыянальныя падручнікі па гісторыі, калі мы вышуквалі ў новых часопісах і кніжках дадатковыя матэрыялы пра Гедыміна, Стэфана Баторыя, Бону Сфорца, Льва Сапегу. Гэтыя імёны зачароўвалі, рабіліся асновай тваёй свядомасці, твайго гонару і нават твайго штодзённага існавання.

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Шмат у чым на такое стаўленне да гісторыі і на свядомае адчуванне сябе беларускай паўплываў бацька. У яго была моцная нацыянальная самасвядомасць. Таксама ён вучыў, што варта шукаць праўду.

А яшчэ ў нас была цудоўная настаўніца па гісторыі. Мы ведалі пра гісторыю Беларусі ўсё. Менавіта дзякуючы ёй словы «нацыянальная самасвядомасць» сталі аднымі з самых галоўных у маім жыцці. Ды і роднае Маладзечна заўсёды было горадам, у якім моцна адчуваўся дух свабоды і патрыятызму.

Пасля часта падарожнічала, шмат у якіх краінах атрымалася пабываць. Пабачыўшы свет, яшчэ больш запэўнілася, што кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая, і варта ганарыцца тым, што маеш. І мова нашая сапраўды, як казаў Багушэвіч, такая ж людская і панская, як французская, нямецкая ці іншая якая.

Аляксей Валабуеў: На мяне паўплывала пачуццё справядлівасці

Я вучыўся ў школе па «бел-чырвона-белых» падручніках. Але пасля школы ўвогуле не цікавіўся беларушчынай. Не магу сказаць, што на маё вяртанне ў «бел-чырвона-белы» свет паўплывалі нейкія палітычныя падзеі. Калі казаць папросту, дык нельга было трываць далей несправядлівасць. А «Белоруссия» гэта несправядлівасць.

На жаль, я не размаўляю ўвесь час па-беларуску. Гэта звязана і з працай, і са старымі знаёмствамі. Комплекс яшчэ да канца не пераадолены:) А моўны комплекс, бадай, самы цяжкі. Ён вымагае ці не найбольшых высілкаў, каб ад яго вызваліцца.

Зрэшты, мова гэта яшчэ далёка не ўся беларушчына. Натуральна, тут я маю на ўвазе архітэктуру, музыку, жывапіс, скульптуру і шмат чаго яшчэ.

Я не магу сказаць, што асяродак свядомых беларусаў гэта проста клуб па інтарэсах. Гэта як паралельны свет, які, што праўда, усё часцей перасякаецца са сваёй паралеллю.

Іван Осіпаў: Я знайшоў адабранае

Я нарадзіўся ў 1985 годзе ў Гомелі, але вырас ў вёсцы Абакумы. У дванаццаць год пачаў захапляцца гісторыяй, археалогіяй. Дарэчы, у школцы беларуская літаратура і мова мне падабаліся больш за расейскую літаратуру і мову. Калі меў пятнаццаць год, у Абакумы прыехалі археолагі і я пайшоў да іх памочнікам. Аднойчы яны пачалі мяне распытваць, што я ведаю не толькі пра блізкія, але і пра аддаленыя ад нас мясціны? Менавіта тады я неяк у адзін момант адчуў, як моцна звязаны з маёй вёскай ды яе наваколлем. І з гэтага адразу заняўся краязнаўствам.

Яшчэ праз два гады я зразумеў, што гісторыя маёй вёскі гэта частка вялікай гісторыі ўсёй Беларусі, якая настолькі ж мне блізкая, як і мясцовая гісторыя.

Але канчаткова я вырашыў, што я беларус, калі прачытаў кнігу Леаніда Дайнекі «След ваўкалака». І аж спалохаўся, калі зразумеў, колькі ведаў мне бракуе.

Тады я пачаў скупляць беларускія кнігі, беларускую музыку, каб запоўніць пустоцце ўнутры сябе, каб вярнуць тое, што ў мяне адабралі, а я знайшоў!

Алесь Залескі: Паўплывала музыка

Я нарадзіўся ў Растове-на-Доне, і калі не лічыць двух гадоў, калі гадаваўся ў бабулі ў Рэчыцы, увесь час жыў у Расеі. Бацькі мае расейскамоўныя. Не магу сказаць, што яны неяк паўплывалі на маю беларускасць. Дваццаць пяць гадоў свайго жыцця я адчуваў сябе расейцам і нават ганарыўся гэтым!

У канцы 2005 года я чарговым разам прыехаў з Піцера ў Рэчыцу на адпачынак, падчас якога звярнуўся да сябра-аднакласніка, каб той параіў мне які-небудзь беларускамоўны гурт хацелася прывезці дадому якойсьці экзотыкі. У выніку набыў два CD гурта «Крама».

Спачатку я здзівіўся існаванню беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове не таму, што адказваюць на занятках па беларускай літаратуры, а таму, што любяць яе. Ну і галоўнае беларускамоўная музыка, бо я і ўявіць не мог, што яна ёсць і што ў яе такія разнастайныя стылі! Гэта было сапраўднае адкрыццё. Дзесьці праз два гады і мая першая песня на беларускай мове пад назвай «Пустэча» (гурт «Люэс») зявілася ў сеціве.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3