Стогны спыніліся, і палец адразу-ж перастаў балець. Хлопчык, крыху засаромлены, паясніў:
Цёця Поллі, мне здавалася, што ён зусім здрантвеў. І ён так балеў, што я нават забыўся на зуб.
Бач, якая справа! А што ў цябе з зубам?
Адзін зуб хістаецца і страшэнна баліць, аж цярпець нельга.
Ну, годзе, годзе, а то зноў пачнеш стагнаць. Адчыні рот! Так, зуб сапраўды хістаецца, але з гэтага не паміраюць. Мэры, прынясі мне шаўкавінку і галавешку з кухні!
Цётачка, не трэба, ён ужо не баліць! Я не буду стагнаць, нават калі ён і зноў забаліць. Я і выгляду не падам. Калі ласка, цёця, не трэба! Я не хачу сядзець дома, я хачу ісці ў школу.
А-а, дык вось яно што! Ты ўсю гэтую гісторыю выдумаў толькі для таго, каб не ісці ў школу, а замест таго ісці вудзіць рыбу? Ах, Том, Том, я так цябе люблю, а ты нібы наўмысля робіш мне розныя брыдоты, псуеш маё старое сэрца.
Тымчасам прынеслі прылады для зубадрання. Цёця Поллі зрабіла пятлю на канцы шаўкавінкі, надзела яе на хворы зуб і моцна сцягнула, а другі канец прывязала да ложка; потым схапіла палаючую галаўню і сунула яе ў твар хлопчыку. Міг і зуб павіснуў на нітцы ля ложка.
Але ўсе пакуты так або іначай узнагароджваюцца. Калі Том, паснедаўшы, зявіўся ў школу, усе таварышы зайздросцілі яму, бо пустата, якая стварылася ў верхнім радзе яго зубоў, дазваляла яму пляваць зусім новым і незвычайным спосабам. За ім хадзіла цэлая чарада дзетвары, зацікаўленая такой зявай: адзін хлопчык, які парэзаў сабе палец і да гэтага часу карыстаўся агульнай увагай і пашанай, цяпер адразу страціў усіх сваіх прыхільнікаў, і слава яго змеркла. Ён быў вельмі пакрыўджаны і з няшчырай пагардай абвясціў, што нічога не варта так плявацца, як Том Соўэр; але другі хлопчык адказаў на гэта: «а ну, паспрабуй!» і той адышоў, як развенчаны герой.
Неўзабаве пасля таго Том сустрэўся з Гекльберы Фінам, сынам усім вядомага ў горадзе пяніцы. Усе мамы ў горадзе шчыра ненавідзелі Гекльберы і разам з тым баяліся яго, бо ён быў гультай, брыдкі, невыхаваны і не прызнаваў ніякіх законаў. Том, як і іншыя хлопчыкі з «прыстойных» дамоў, зайздросціў адрынутаму Гекльберы, які мог увесь дзень нічога не рабіць. Тому таксама было сурова забаронена гуляць з гэтым абадранцам, але акурат таму ён і карыстаўся кожным выпадкам, каб пагуляць з ім.
Гекльберы апранаўся ў неданоскі з плеч дарослых людзей; вопратка яго ва ўсе пары году квітнела рознакаляровымі плямамі і вісела лахманамі. Капялюш яго быў зусім разбураны: ад яго (палёў звешваўся ўніз вялікі кавалак у выглядзе поўмесяца. Куртка на ім даходзіла яму да пят, і заднія гузікі размясціліся куды ніжэй спіны. Штаны трымаліся нямаведама як і спускаліся ззаду вялізным пустым мехам, а ў нізе валакліся па зямлі памялом. Гекльберы быў вольнай птушкай, бадзяўся, дзе хацеў, у добрае надворе начаваў дзе-небудзь ля чужога ганка, а ў дрэннае, у пустых бочках. Яго не прымушалі хадзіць у школу і ў царкву, яму не было каго слухацца, над ім не было гаспадара.
Ён мог вудзіць рыбу ці купацца, калі і дзе хацеў, і сядзець у вадзе, колькі ўлезе. Ніхто не забараняў яму біцца. Клаўся спаць ён, калі хацеў, хоць сярод ночы. Увесну ён першы з усіх хлопчыкаў пачынаў хадзіць босы і ўвосень апошні надзяваў скураныя боты. Яму не трэба было ні мыцца, ні надзяваць чыстае адзенне, і лаяўся ён дасканала. Словам, гэты хлопчык меў усё тое, што надае вартасць жыццю. Так думалі ўсе затузаныя, скаваныя «добрым выхаваннем» хлопчыкі з «прыстойных дамоў» ў Пітэрсборо.
Том гукнуў мілага валацугу:
Эй, Гекльберы! Хадзі сюды!
Сам ідзі, калі хочаш!
Што гэта ў цябе?
Здохлы кот.
Дай, братка, паглядзець! Бач ты, зусім здрантвеў. Дзе ты яго здабыў?
Купіў у аднаго хлопчыка.
Што даў?
Сіні білецік і бычыны пузыр, які дастаў на бойні.
А дзе ты ўзяў сіні білецік?
Купіў у Бэна Роджэрса два тыдні назад за пугу.
Слухай, Гек, а на што можа спатрэбіцца мёртвы кот?
На што патрэбны? А бародаўкі знішчаць.
Ну? Няўжо? Я ведаю спосаб лепшы.
Давай спрачацца, што не. Якое?
Гнілая вада.
Гнілая вада! Нікуды яна не варта, твая гнілая вада.
Не варта?! А ты калі-небудзь прабаваў знішчаць ёю бародаўкі?
Не, не прабаваў. А Боб Танер прабаваў.
Адкуль ты гэта ведаеш?
Ён казаў Джэфу Тэчэру, а Джэф Джонні Бэкеру, а Джонні Джыму Холмсу, а Джым Бэну Роджэрсу, а Бэн аднаму негру, а негр мне. Вось і ведаю.
Ну, дык што з таго? Усе яны хлусяць. Прынамсі ўсе, апрача негра, бо я яго не ведаю. Але я яшчэ не бачыў негра, які-б не маніў. Глупства!.. Цяпер ты мне скажы, як знішчаў бародаўкі Боб Танер?
Ды так, узяў ды абмакнуў руку ў дажджавую ваду, што набралася ў гнілым дупле.
Сярод белага дня?
Вядома.
Стаяць тварам да пня?
Але. Прынамсі, так я памятаю.
Гаварыў ён што-небудзь пры гэтым?
А гэтага ўжо не ведаю.
Ага! Як будзеш знішчаць бародаўкі гнілой вадой, калі не ведаеш, як прыступіцца да справы! З такога глупства, вядома, нічога не выйдзе. Трэба пайсці аднаму ў самую пушчу, зазначыць мясцінку, дзе ёсць такі пень з дажджавой вадой, і роўна а поўначы, стаўшы спіной да пня, апусціць руку ў ваду, прыгаварваючы:
Ячмень-зерне, ячмень-зерне, рассыпся мукою,
Гніль-вада, гніль-вада, вазьмі мае бародаўкі!