Нарэшце шчасце, відаць, назусім перайшло на бок Джо. Клешч, узбуджаны і ўсхваляваны не менш за саміх хлопчыкаў, кідаўся туды і сюды, але кожны раз, як толькі ён збіраўся перайсці да Тома і ў таго свярбелі рукі, каб пачынаць, Джо булаўкай спрытна заварочваў кляшча ў другі бок і пакідаў яго за сабой. Том нарэшце не вытрымаў: надта ўжо вялікая была спакуса. Ён працягнуў руку і сваёй булаўкай загарадзіў дарогу кляшчу. Джо ўскочыў, як ашпараны:
Том, не чапай!
Я хачу толькі крыху падагнаць яго, Джо!
Гэта нячэсна, сэр! Пакінь яго ў спакоі!
Ды ну цябе, я-ж трошкі.
Пакіньце кляшча ў спакоі, гавораць вам!
Не жадаю.
Ты не маеш права чапаць: ён на маім баку.
А клешч чый?
Мне ўсёроўна, чый ён, ён на маім баку, і ты не маеш права яго чапаць!
Што? Не маю права!? Клешч мой, і я магу рабіць з ім, што захачу!
У гэты момант Том атрымаў здаравенны ўдар па спіне; другі такі-ж удар трапіў у плячо Джо, а потым на працягу двух мінут настаўнік з вялікай стараннасцю выбіваў пыл з куртак, а школа ўся рагатала. Хлопчыкі былі так захоплены сваёй гульнёй, што не заўважылі, як перад гэтым у класе раптам зрабілася ціха. Справа ў тым, што настаўнік падкраўся да іх ціха, на пальцах і досыць доўга стаяў ззаду, сочачы за гульнёй, а потым ужо дадаў ёй і з свайго боку больш рознастайнасці.
Калі нарэшце прышло дванаццаць гадзін і настаў вялікі перапынак, Том вышаў са школы з адной групай школьнікаў, Бэкі з другой. Праз некаторы час яны сустрэліся на лужку і вярнуліся разам у пустую школу. Яны селі блізенька адзін ля аднаго і палажылі перад сабой грыфельную дошку. Том даў Бэкі грыфель і ейнаю рукою нарысаваў другі дом, дзівоснай архітэктуры. Калі цікавасць да мастацтва прайшла, яны сталі проста балакаць адзін з адным.
Том пытаўся:
Ты любіш пацукоў?
Том пытаўся:
Ты любіш пацукоў?
Фу! я іх цярпець не магу.
Яно так, жывых і я не люблю. Але я кажу пра здохлых; ім можна завязаць вяроўку на шыю і круціць вакол галавы.
Не, пацукоў я наогул не люблю. А вось што я люблю, жаваць разінку.
І я таксама. Шкода толькі, што яе ў мяне няма.
У такім разе ў мяне крыху ёсць. Я дам табе пажаваць, толькі ты мне потым аддай назад.
Гэта было прыемна, і яны пачалі жаваць па чарзе, матаючы нагамі ад празмернай прыемнасці.
Ты была калі-небудзь у цырку?
Была, і тата абяцаў яшчэ раз павесці мяне, калі я буду добрая.
Я быў у цырку тры-чатыры, многа разоў! Там заўсёды прадстаўляюць што-небудзь новае. Я, калі вырасту, паступлю клоунам у цырк.
Праўда? Вось добра! Яны ўсе такія прыгожанькія, стракаценькія!
Але, але, і пры гэтым кучу грошай заграбаюць... Бэн казаў, па далару ў дзень. Слухай, Бэкі, ці была ты калі-небудзь заручаная?
Што гэта значыць?
Ну, заручаная, каб выйсці замуж?
Не.
А хацела-б?
Не ведаю. У якім гэта выглядзе?
У якім выглядзе? Ды ні ў якім. Ты проста гаворыш хлопчыку, што ніколі ні за каго не пойдзеш, апрача яго, разумееш, ніколі! потым цалуеш яго, вось і ўсё. Гэта кожны можа зрабіць!
Цалаваць? Навошта-ж цалаваць?
Ну, затым, каб... ды таму, што звычай такі... Усе гэта робяць.
Усе?
Ну але, усе закаханыя. Ты памятаеш, што я напісаў на дошцы?
Памятаю.
Што-ж?
Не скажу.
Тады можа мне сказаць?
Так, скажы... але толькі калі-небудзь у другі раз.
Не, цяпер.
Не, не трэба лепш заўтра.
Не, не, цяпер, Бэкі. Я ціханька, я шапну табе на вушка.
Бэкі не ведала, што сказаць, а Том палічыў яе маўчанне за згоду, прылажыў губы да самага яе вуха і паўтарыў гэтыя словы. Потым сказаў:
Цяпер ты мне шапні тое-ж самае.
Яна доўга адмаўлялася, потым папрасіла:
Адвярніся, каб не бачыць мяне, тады скажу. Толькі ты нікому не расказвай, чуеш, Том? нікому, нікому! Добра?
Не, не, я нікому не скажу, будзь спакойная. Ну, Бэкі!
Ён адвярнуў твар, і яна саромліва прашаптала:
Я... вас... кахаю!
Потым ускочыла і пачала бегаць вакол парт, ратуючыся ад Тома, які ганяўся за ёй; потым зашылася ў кут і закрыла твар белым фартухом.
Ну, Бэкі, абвясціў Том, цяпер усё ўжо скончана, засталося толькі пацалавацца.
І ён цягнуў яе за фартух і за рукі.
Трохі-па-трохі яна здалася і апусціла рукі, а Том пацалаваў яе проста ў губы, кажучы:
Ну, вось і ўсё, Бэкі. Цяпер ты ўжо нікога не павінна любіць, апрача мяне, і ні за кога, апрача мяне, не выходзіць замуж, ніколі, ніколі і навекі вякоў. Ты абяцаеш?
Так, я нікога не буду любіць, Том, апрача цябе, і ні за кога другога не пайду замуж. І ты глядзі, ні з кім не жаніся, апрача мяне.
Ды ўжо-ж, вядома, такі ўгавор. І калі пойдзеш у школу ці са школы, ідзі са мной, калі нікога з старэйшых не будзе блізка, і ў гульні выбірай мяне, а я буду цябе выбіраць. Так заўсёды робяць заручаныя.
Я ніколі не чула пра гэта. Гэта вельмі міла!
Гэта надзвычайна весела! Мы з Эмі Лорэнс...
Шырока расчыненыя ясныя вочкі сказалі Тому, што ён даў маху, і ён спыніўся збянтэжаны.
Том! Дык я ўжо не першая, з якой ты быў заручаны?
Дзяўчынка заплакала.
Не плач, Бэкі. Я не кахаю яе больш.
Не, кахаеш! Ах, Том, ты сам ведаеш, што кахаеш.
Том хацеў-быў абняць яе, але яна адштурхнула яго, павярнулася тварам да сцяны і зноў заплакала. Том пачаў суцяшаць яе, называючы ласкавымі імёнамі, зноў паспрабаваў абняць, але яна зноў адштурхнула яго. Тады ў ім абудзіўся гонар. Ён пакрыўдзіўся і вышаў.