Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 97.

Шрифт
Фон

І тут перад нашымі вачыма зявіўся дзіўны прывід. Стаіць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелі, а яна вокамгненна знікла.

Глухое маўчанне. Глядзім адзін на аднаго, не адважваючыся вымавіць слова. Так мы сядзім нейкі час. Нечакана адчыняюцца дзверы і заходзіць у наш пакой гаспадыня.

 Што такое?  дзівіцца яна.  Цэлую ноч гамоніце, не чуеце, што ўжо другія пеўні праспявалі, мусіць, хутка пачне днець.

 Пан Ротмістар,  сказаў Зямельскі, так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў руках.

 У сне і я бачыла цуды, пра якія ніколі не думала наяве. Снілася мне нейкая прыгожая раніца, было так ціха, што валасы і не варухнуліся на галаве, на небе ні хмурынкі, узыходзіла сонца, і было яно не сляпучае, але разлівала вакол святло, нібы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкі, нібы чакаючы кагосьці, паглядалі на ўсход. Тут з вышыні зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, і зазвінела па ўсёй зямлі, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкі праніклі ў чалавечыя сэрцы. Укленчылі ўсе, і я старанна малілася. Да мяне падышоў стары, зусім падобны да нашага Драўлянага Дзядка, і кажа: «Маліся!»

Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полі, бачыла на небе рэдкія аблокі, і яны былі белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго і бачу, што на ім штосьці напісана, але што прачытаць не магу. Зноў падыходзіць да мяне той самы Дзядок і кажа:

 Я табе прачытаю, слухай і запамінай. Тут напісана: «Бог справядлівых уславіць перад светам».

Тут я прачнулася і больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамоніце, і прыйшла расказаць сон.

Сказаўшы гэта, яна выйшла.

Ротмістар уздыхнуў і сказаў:

 Вялікая міласэрнасць Божая!  і, ходзячы па пакоі, пачаў гаварыць пацеры.

Закончылася размова. Пасцелі падрыхтавалі нам у гэтым самым пакоі.

 Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць,  сказаў гаспадар.  Свеціць дзянніца на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.

Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.

Развітанне

Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз шчыліну ў аканіцы, асвятляў пакой. Ротмістар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў пацеры, глянуў на мяне і сказаў:

 Хутка поўдзень. Спалі мы добра, бо і я таксама нядаўна прачнуўся, а час ужо дадому.  Ён выйшаў, паклікаў лёкая, загадаў адчыніць вокны, і я як хутчэй пачаў прыбірацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне ні разу так позна ўставаць.

У хаце было ціха. Лёкай паведаміў, што пан і пані з работнікамі ў полі і дзяцей забралі з сабою, каб тут незнарок не перапынілі наш сон.

Мы пайшлі з Ротмістрам у поле, а адтуль з гаспадаром і ўсёй яго сямёю вярнуліся дахаты.

Пасля снедання пан Ротмістар развітаўся з гаспадаром і гаспадыняю і, паціскаючы мне руку, прамовіў:

 Жыву я далёка ад тваіх родных мясцін. Дык хоць успамінай мяне, пра нашы начныя размовы, пра сны і прывіды. Можа, ужо і не сустрэнемся, бо мне недалёка да магілы.

Пан Зямельскі з жонкаю і дзецьмі і я правялі Ротмістра аж да мяжы з суседзямі.

Гаспадыня з дзецьмі вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлі аглядаць гаі і засеяныя палеткі. На праходцы пан Зямельскі шмат мне расказваў, дзе ў яго якая зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа і як уводзіць у сялянскую гаспадарку новыя спосабы працы, якія не вельмі ўдаліся ягоным суседзям.

 Гаспадарка,  сказаў ён мне,  вымагае не прыдумак розных, а досведу і руплівасці; хто працуе, таму і Бог дапамагае. Шмат у нас ходзіць праектаў, як разводзіць жывёлу і палепшыць зямлю. Нашы продкі жылі на гэтай зямлі спакойна і заможна. Гаспадару, які славіць Бога, усяго хапае. Няхай у яго і спытаюць, якім чынам палепшыць зямлю і як развесці жывёлу.

Калі мы ішлі па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскі пляснуў рукамі і з нівы, нібы хмара, паднялася вялікая чарада дзікіх качак.

 Ад іх,  сказаў ён,  адна шкода. Азёраў і рэчак шмат, і столькі гэтых качак развялося, што трэба асобнага стральца ля кожнай нівы, што блізка ля вады. Вясковы гаспадар апрача злых людзей мае яшчэ шмат непрыяцеляў: дзікіх птушак і драпежных звяроў. Летась вунь ля таго цёмнага лесу вырас у мяне цудоўны авёс. Дык мядзведзь за некалькі начэй знішчыў усё, пакінуў толькі здратаваную салому. Гэты звер не толькі нападае на жывёлу і пчол, але і нівы пустошыць. У мяне добрыя сабакі. Яны вартуюць жывёлу ад ваўкоў і мядзведзяў, а вось засеяны палетак немагчыма ўпільнаваць ад шкоды.

Так мы, ідучы, размаўлялі. Павеяў вецер, і далёка за лесам абазваўся гром. Глянулі мы ўгору: велізарная хмара з усходу падымаецца над лесам, маланка, як вужака, прабегла колькі разоў праз нябеснае чарноцце. Мы паспяшалі туды, дзе работнікі зграбалі сена. Ледзь паспелі скончыць і вярнуліся ўсе дахаты, як сонца схавалася за хмараю, пацямнела, усхадзіўся вецер, жывёла бегла хавацца ў хлявы, гусі, выцягваючы шыі і махаючы крыламі, нібы ветразямі, з крыкам уцякалі з поля.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги