Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 95.

Шрифт
Фон

Летуценнік Севярын

Быў ён з лепшых вучняў, любілі яго настаўнікі, ён часта атрымліваў узнагароды, меў вялікую ахвоту вывучаць замежныя мовы і нядрэнна ўжо гаварыў на некалькіх. А чытаў найбольш паэзію: ідыліі Фэакрыта[182], Геснера[183], Шымановіча[184] яго зусім ачаравалі. Паўсюль ён бачыў Аркадзію, а ўсе людзі ў ягоным уяўленні былі наіўныя і шчырыя пастушкі. Калі ён выходзіў на шпацыр за горад, дык у ручаях бачыў наядаў, на лугах скакалі німфы, а ў засені дрэваў з-пад зялёнага вэлюма ўсміхаліся яму дрыяды. Словам, усюды сустракаў ён старажытны залаты век грэкаў, не ведаў, што ёсць бяда на свеце, быў заўсёды вясёлы сам і весяліў іншых.

Аднаго разу, калі настаўнікі з вучнямі агледзелі музей, дзе былі розныя дзівосныя рэчы і карціны славутых мастакоў, і, спыніўшыся перад Драўляным Дзядком, загаварылі з ім, Севярын, налавіўшы поўную жменю мух, падбягае туды і пытаецца ў Дзядка:

 Адгадай, Дзядок, што ў мяне ў руцэ?

Дзядок патрос галавою і кажа:

 О нешчаслівы! Ты будзеш выгнаны з раю сваіх мар, пойдзеш крамяністаю дарогаю, і нікчэмныя інсекты ў вобліках страшыдлаў будуць гнацца за табою.

Севярын жа выпусціў мух, засмяяўся і пабег.

Пасля курса навук Летуценнік пакінуў горад, вылецеў у свет, як птушка з клеткі, калі вясна ўбірае лугі і дрэвы пахкімі кветкамі. І ён, бедны, думаў, што гэтая вясна будзе яму вечнаю. Але як хутка надышла панурая восень!

Спачатку толькі ва ўяўленні бачыў ён пекных багінь на лугах і ў гаях, нарэшце спаткаў іх і ў свеце. Гэта была панна Адэля, з маёнткам, прыгожая і з добрымі манерамі. Гэтай асобе Севярын аддаў сэрца, і Адэля была яго адзінаю мараю. Кахаў ён гады чатыры. Не буду тут апісваць шчаслівыя і нешчаслівыя хвіліны; гэтыя гісторыі заўсёды падобныя адна да адной, хоць і малююць іх розныя пісьменнікі па-рознаму. Не буду ні хваліць, ні ганіць жанчын, бо ўсе дочкі Евы такія і мусяць быць такімі, якімі іх стварыла прырода. Скажу толькі, што вужака золата і ганарлівасці звяла Адэлю, яна здрадзіла Севярыну і выйшла за іншага.

Першае каханне, да таго ж яшчэ нешчаслівае,  найвышэйшая навука, пасля якое чалавек з увагаю пачынае чытаць кнігу свету, таямніцы сэрца, адносіны сяброў і блізкіх. Адсюль пуцявіны чалавечага жыцця бяруць накірунак на поспехі і няўдачы. Тут ён сустракае няраз насмешлівыя вочы і нясталае сяброўства. Зразумеў і Севярын, што свет не рай, а людзі не анёлы.

Пасля гэтага здарэння зрабіўся ён самотны, усе ягоныя мары былі жахлівыя, уцякаў ад людзей, мілай была яму адзінота, найпрыемнейшы быў яму малюнак неба, і то толькі тады, калі ў чорных хмарах адзываліся грымоты, выў вецер, шумелі лясы і хвалі на возеры. У нікчэмных жамярыцах пазнаваў ён постаці шкадлівых людзей, мроіў і расказваў пра дзівы. Усе, хто ведаў Севярына, жартавалі з яго і называлі варятам.

Калі я вандраваў у тых краях, дзе ён жыў, дык адведаў яго як сябра свайго дзяцінства. Заходжу ў пакой і бачу, што сядзіць ён самотны, задумлівы, бледны, вопратка і валасы збэрсаныя.

 Як маешся, Севярын?

Ён устаў, абуджаны ад сваіх мрояў, і доўга, не пазнаючы, глядзеў на мяне. Я назваўся.

 А! Даўно чакаю!  прамовіў ён, паціснуў мне руку і пасадзіў ля сябе, а сам зноў аддаўся мроям і сядзеў як нямы.

 А ўжо колькі гадоў прайшло,  перапыніў я маўчанне,  як развіталіся мы з маладымі нашымі прыяцелямі і настаўнікамі. Шчаслівыя былі часіны! Ці ўспамінаеш цяпер тыя даўнія забавы, размовы, майскія праходкі, прыемныя мары і жарты, у якіх ты заўсёды вёў рэй?

 Мае мары і жарты зніклі назаўсёды. Цяпер у мяне іншыя погляды: тады чалавек мог бы зрабіцца шчаслівы, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце.

 Як ты перамяніўся!  здзівіўся я.  Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?

 Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухі. Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае вакно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А бачыш слёзы на маіх вачах? Іх ты раней ніколі не бачыў, вось якая перамена са мною. Але паслухай, што раскажу табе. Ты не зважаў, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу тут самотны, у гэтым ціхім маім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іх рознай формы: адны круглыя, шырокія, з крывавымі плямамі, другія сухія, з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. І ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва.

 Вялікая розніца,  сказаў я,  у тваіх мроях. Раней цябе захапляла паэзія грэкаў і шчырае каханне патрыярхальных часоў, цяпер жа ў цябе фантазія нейкая журботная.

 Але слухай, яшчэ табе штосьці скажу,  прамовіў ён,  пра гэтых нягодных мух. Я любіў чытаць паэтаў, любіў некалі і пісаць. Прыйшло мне ў галаву сказаць у вершах пра свае пачуцці, якія былі ў мяне да свае сямі і да Адэлі, якую шчыра кахаў. Я паслаў ёй свае песенькі, з якіх яна магла б зразумець маю сапраўдную прыхільнасць. Яна прачытала, паклала на стале, але і там мухі, якія, не маючы што рабіць, лёталі ўсюды, здзекаваліся з маіх пачуццяў, звінелі датуль над вухам Адэлі, пакуль яна зусім не забыла пра мяне і мае вершы. Ды яны і цяпер не даюць мне спакою, і цяпер, калі што-небудзь напішу, усё абсмяюць і запэцкаюць, гэтыя прыкрыя мухі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги