Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 88.

Шрифт
Фон

Праз нейкі час пачуў такую гаворку між суседзяў:

 Яўхімія, заўсёды сварачыся з мужам, знелюбіла яго і хацела пакінуць назаўсёды, а можа, мела яшчэ і прыяцеля, які яе да гэтага падбіваў. Дык калі муж быў у адездзе, яна збірала ўсё, што можна забраць з сабою, каб пакінуць мужу пусты дом, ды тут нечакана глянула ў вакно і ўбачыла драўляную галаву таго Дзядка; невядома, адкуль і якім чынам зявілася тая перад вакном. Яўхімія закрычала ад страху і самлела. Пачулі ў другім пакоі сямейнікі, прыбеглі на ратунак, ледзь прывялі яе да прытомнасці, скінулі Дзядка з вакна, каб ён другі раз не трапіў ёй на вочы. У гэты час прыехаў купец, і тут пачалася жахлівая бура, але добра, што не ўдалося ёй пакінуць свайму мужу пусты дом.

Ужо другі год маю ў сябе гэтага Дзядка, і, дзякуй Богу, усё ідзе шчасліва, цаню яго як найдаражэйшую памятку.

Калі пан З. закончыў расказваць, абазваўся Ротмістар:

 А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Інсекту і пра гэтага Дзядка, бо цяпер казалі, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамі. Так, яна ўжо адпакутавала за свае грахі. Раскажу, што ад іншых чуў, а ці гэта праўда, не мой клопат.

 А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Інсекту і пра гэтага Дзядка, бо цяпер казалі, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамі. Так, яна ўжо адпакутавала за свае грахі. Раскажу, што ад іншых чуў, а ці гэта праўда, не мой клопат.

Кабета Інсекта

Даўней жыла ў нашым краі багатая пані. Я не памятаю яе прозвішча, але гэта неістотна. Дык вось тая пані здзекавалася са сваіх падданых і лёкаяў, забыла пра веру і хрысціянскія абавязкі, ёй здавалася, што чалавек гэта яе ўласнасць, гэтаксама, як і кожная рэч, і што яна мае права чыніць над людзьмі што захоча.

Яна рабавала бедных сялян, увесь плён мазольнае іхняе працы пускала на раскошу. А людзі ў той час разлучаліся з душою ад голаду. Яна хадзіла ў дарагім ядвабе і дыяментах, а яе падданыя не мелі чым накрыцца ад холаду і ветру; калі хто завінаваціўся ў чым кара была неміласэрная, ды яна часта і без віны жорстка карала. Пані так лютавала, што загаралася гневам, калі дзяўчына з яе воласці захоча замуж за чалавека вольнага і багатага. Адразу гэтую гаротніцу садзіла ў кайданы, быццам тая ўчыніла нейкае страшнае злачынства.

Так жывучы, гэтая зласлівая кабета заўважыла, што яна ўжо састарэла, а сумленне шаптала ёй, што скончыцца некалі жорсткае панаванне, ды і здароўе пачало слабець. Бачачы свой блізкі скон, яна перамяніла свае звычкі, зрабілася пабожнаю і міласэрнаю, давала міласціну жабракам, адпісала нейкія грошы на кляштары ў Полацку, абы маліліся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе і дазволіў доўга жыць на свеце. Зазванілі ва ўсіх касцёлах, сабраўся люд, абвясцілі пра гэта з амбона, паляцелі ў неба малітвы пабожных людзей і весткі пра святыя ахвяры. Залагоджаны малітвамі вернікаў, Бог злітаваўся над грэшніцаю, дазволіў доўга жыць на гэтай зямлі і чакаў пакаяння.

Пані пражыла гадоў сто, ды не толькі не змянілася на лепшае, але гнеў і жорсткасць яшчэ болей выраслі ў яе сэрцы. Так што большая частка яе падданых, пакінуўшы свае хаціны, тулялася па свеце, шукаючы сабе спажытку, і лёкаі разбягаліся, кленучы сваю пані. Суседзі яе ненавідзелі, ніхто не хацеў адведаць, ніхто не хацеў яе сустрэць ці нават наблізіцца да яе жылля. А гнеў нішчыў яе цела, выпетрала ад злосці, і постаць яе дзень пры дні змяншалася.

Доўга так жывучы, забытая людзьмі, яна сохла і пакрысе змяншалася, ужо была падобная да хворага карузліка, пасля на немаўля, робячыся ўсё шчуплейшаю. Нарэшце перамянілася ў нейкую дзіўную Інсекту, з аднаго і другога боку выраслі ў яе доўгія празрыстыя крылы. Аднак тая самая злосць гарэла ў яе сэрцы.

Прамінула шмат гадоў. Тая грэшная кабета жыла, як бы заклятая ў абліччы нейкае крылатае пачвары, а хто падыходзіў да яе жытла, дык бачыў, як яна вылятала адтуль з жахлівым крыкам і адганяла перапалоханага прахожага, лётаючы ў яго над галавою.

Прыехаўшы здалёку, новы дзедзіч пан А. пачаў гаспадарыць у тым маёнтку, а калі суседзі расказалі яму пра напады страшнае Інсекты, ён загадаў адчыніць усе вокны, акурыць дымам пакоі, і дарэмна тая, з жахлівым піскам і крыкам кідаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусіла ляцець у сад і схавацца між дрэваў. Але злосць кіпела ў яе сэрцы, і яна хацела што б там ні было выгнаць новага гаспадара з дому.

Лёкаі пана А. расказвалі, што апоўначы чуцён шум і нейкі піск пад падлогаю і па кутах, часам зяўляюцца страшныя здані і нейкія звераняты, падобныя да жаб і жукоў з чорнымі кашэчымі галовамі і зіхоткімі, як іскры, вачыма; калі хто падыдзе, яны ўмомант знікаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзіркі або ў шчыліны ў сцяне; і што гэта абавязкова мусяць быць злыя духі. Яны раілі пану, каб запрасіў ксяндза і пасвянціў дом. Пан смяяўся і казаў, што гэтыя дзівы ад іхніх забабонаў, бо дасюль ён нічога такога не бачыў.

Праз некалькі дзён апоўдні неба было пагоднае. Пан А. адчыніў вокны і сядзеў адзін, задумаўшыся, у пакоі. Тут залятае Інсекта, кружыцца па пакоі, у пісклявым яе голасе чуваць страшная лаянка і праклёны. Яна села перад панам на стале ён заўважыў як бы жаночую постаць, ногі і рукі сухія, падобныя на пчаліныя, і сама тонкая. Тут яна ўзлятае са стальніцы, кружляе вакол галавы пана А. і ўжо хоча ўбіцца ў яго валасы. Ён жа, накрыўшы галаву хусткаю і баронячыся, як ад пчалы, выбег перапалоханы з дому, загадаў лёкаям выгнаць тую страшную пачвару дымам і зачыніць вокны.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги