Я ведаў старога, што памятаў год Лебяды, сказаў пан Латышэвіч, і часта апавядаў пра дзівы, якія сам бачыў на небе. Гарэлі тады замкі ў паветры і войскі біліся ў полымі. Страшэннае гора было ўсім. Людзі жывіліся адной травою; аднак жа праз год злітаваўся Бог над галоднымі і паўсюль спіжарні напоўніліся жытам.
Беднасць у нашым краі не навіна, сказаў Сівоха. Прыйдзе вясна, і рэдкі селянін, сеўшы за стол, пакладзе хлеб перад сабою і будзе мець, чым засеяць поле. А гэтая заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё незразумелае ў нас заўсёды знак няшчасця. Будзьма больш ашчадныя і руплівыя. Хто працуе і просіць Бога, той і сам жыве заможна, і людзям дапамагае.
Сляпы Францішак уздыхнуў:
Мы сустракаем і праводзім усе гады з адной і той самай песняй. Свет нам пілігрымка, а неба напамін. Летам, калі я чую гром, што скаланае ўсю зямлю, думаю пра Ўсемагутнасць Творцы і пра Ягоную міласэрнасць. Няхай будзе Яго воля. Наша будучыня у Яго руках.
Я чуў некалі такое апавяданне[167], сказаў Сівоха. Летам пасля захаду сонца перад нядзеляю ноч была ціхая і пагодная. Парабкі пагналі коні на начлег. Адны сяляне пасля дзённае працы гаварылі пра сваю гаспадарку, іншыя спявалі, вяртаючыся з паншчыны. Раптам убачылі ўгары дзіўнае відовішча: на ўсю сваю прастору раскрылася неба і быццам бы сярод гэтага святла бачылі анёлаў, адзенне якіх было бялейшае за снег, а вакол галавы німб, яснейшы за сонца. Усе ўпалі ніцма, і хто маліўся шчыра, таму Бог такія шчодрыя даў дарункі, што ўсё жыццё тыя людзі не ведалі нэндзы.
Чуў і я гэтую гісторыю, сказаў Завальня. На маю думку, праўдзівую і шчырую малітву заўсёды неба пачуе. Але дзе ж Базыль? Ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
Агледзеліся ўсе але Базыля ўжо ў пакоі не было.
Пэўна, заваліўся спаць, абазваўся Сівоха, бо я даўно заўважыў, што ён ледзь сядзеў і ўсё пачынаў драмаць. Але, пане-гаспадару, час бы і нам ужо адпачыць. Заўтра не цэлы дзень спаць: трэба быць на святой імшы.
Але ж апавяданне пра жабер-траву не закончана.
Сказаўшы гэта, дзядзька выйшаў і загадваў прыгатаваць гасцям ложкі.
Патушаны агонь. Усе моцна спяць.
Таварыш у падарожжы
Усюды прырода дзіўная, прыгожая і разнастайная, чаргуюцца навальніцы і пагодныя дні. Здзіўлены пілігрым пазірае на змрочныя, вясёлыя і дзікія малюнкі пагоркаў і лясоў, страчае людзей, якія, разумеючы яго думкі і пачуцці, радыя падзяліцца з ім цяжкай сваёй тугою; усюды ёсць шчасце і нядоля; усюды незразумелая наканаванасць вядзе нас па розных дарогах жыцця. Чаму ж чалавек заўсёды сумуе па сваёй роднай зямлі, як дзіця па маці?
Такія думкі агортвалі мяне, калі на адзіноце падарожнічаў праз палі і цёмныя лясы далёка ад Бацькаўшчыны. Было ўжо каля паўдня чыстае неба, ціхі дзень, спёка. Знябожаны падарожжам і сонцам, я сеў каля дарогі ў засені бяроз.
Непадалёку звінеў крынічны струмень, лашчылі мяне лёгкія подыхі ветрыку, што плыў з поля. Аддаўшыся марам, я ўспамінаў прыгоды мінулых гадоў і не заўважыў, як нехта падышоў да мяне высокага росту клунак на плячах, смуглы ад сонца і ветру твар, худы, змучаны цяжкім падарожжам. Пачаў ён так:
Прыемна адпачываць тут, у засені бяроз каля крыніцы?
Цяжка ісці ў такую спякоту, адказваю. А да вёскі ці да якой-небудзь аўстэрыі[168], магчыма, яшчэ далёка.
Найлепей ісці, калі сонца схіліцца да захаду і абзавуцца спевамі саловак лясы, а цяпер усюды глуха: і птушкам дакучае спёка.
Куды ты ідзеш? запытаўся я ў незнаёмца.
Туды, далёка, паказаў ён рукою.
Будзеш мне спадарожнікам, бо і я таксама іду ў той бок.
Добра! Але, здаецца, бачыў цябе калісьці. Ці не на берагах Дзвіны? Можа, мы землякі?
Мо і так. Бо там прамінулі найшчаслівейшыя дні майго жыцця.
Я Севярын, сказаў вандроўнік. Смутак і час змянілі мой твар, і вясёлыя думкі назаўсёды развіталіся са мною. Сёння я ўжо не той. Такія вось пуцявіны нашыя.
Успамінаю цяпер: ты вёў некалі рэй у вясёлых забавах.
Пакуль не глянуў вакол сябе. А як убачыў і ўсё спасціг вандрую па свеце і нідзе не знаходжу спакою.
Пуцявіны нашага жыцця, сказаў я, як пуцявіны жахлівых сноў.
І цяжка дачакацца світання, якое б абудзіла ад гэтых страшных крозаў.
Ці даўно, пытаюся, бачыў родныя пагоркі і лясы?
Нядаўна, адказвае, пераведаў той край. Бачыў: пагоркі на сваім месцы, а лясы разрасліся яшчэ болей. Шмат! Шмат перамен! Змрочны час, неўраджайныя гады, зніклі вясёлыя забавы сялян, і ў полі не пачуеш песні аратага ці пастуха. Толькі Плачка на могілках сумным голасам кранае душы тых, хто ідзе блізка таго месца.
Калісьці былі лепшыя часы. Люба было бачыць строі і забавы людзей на свяце або на вяселлі.
Ці памятаеш? спытаўся Севярын. Вёску на беразе рэчкі Обалі, ці памятаеш? Калісьці там заможны гаспадар Лукаш выдаваў дачку замуж. У той час мы абодва цікавіліся народнымі забавамі і вясельнымі песнямі. Усяго там хапала гасцям: багата было ежы і пітва. Памятаеш гэтую песню:
Наехала гасцей,
Поўный двор, поўный двор.
Выбірай, Марынка,
Каторый твой, каторый твой.
Да што ў сінім,
На каню сівым,
То сват мой.
А што ў атласе,
Ў жоўтым паясе,
То дзевір мой.
Пышна ўбраный,
А конь буланый,
То свёкір мой.
Конь вараненькій,
Сам маладзенькій,
То мілый мой.