Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 67.

Шрифт
Фон

Там з глыбіні вытыркаюцца велізарныя вострыя камяні, а сярод іх ясная, як зорка, свеціцца пад вадою жабер-трава. Дух Фарон[165] зладзіў там сабе жытло, упадабаў ён гэтыя зёлкі. Калі ціхае надворе і яснае паўдзённае сонца свеціць на небе, ён, самотны, сядзіць у глыбіні, абапёршыся правай рукою на дзікі камень і пазіраючы на ясную жабер-траву, засынае ў чароўных малюнках будучыні.

Калі сядае сонца, гэты дух пакрывае жабер-траву моцнаю сеткаю з раслін, якія там, накшталт хмелю, спляліся вакол дзікіх камянёў так, каб рыбы і вірлівая вада не маглі калыхнуць яе лістоты. Сам жа выходзіць з возера, на вадзяных туманах выплывае ў поле, наведвае лагі і ўзлескі.

Заўтра, калі воблакі не схаваюць сонца і возера будзе спакойнае, як шыба, у самую спякоту (дапільнуй гэтую хвіліну) зайдзі ў возера і ідзі пад вадою да самага Фаронавага прытулку: ён будзе спаць, абапёршыся на камень, а адкрытая жабер-трава свяціцца на сонцы. Сарві лісцік, але не вяртайся назад, бо трэба перайсці ўсё возера. На другім баку, прыклаўшы жабер-траву да скроні, хутка ўбачыш дзівы і даведаешся сваю прышласць.

 Ці ж я рыба,  сказаў Адольф,  каб здолеў перайсці пад вадою ўсё возера?

 Трымай вось гэта ў роце, і нічога благога з табою не будзе.

Кажучы так, Шылка даў яму кавалачак нейкае кары.

Паўдня. Адольф усе глыбей заходзіў у ваду, нарэшце схаваўся зусім. Праходзячы там, дзе жывуць нямыя і халодныя стварэнні, ён страчаў дзіўных стогаловых і станогіх празрыстых істотаў, якія прачыналіся ад здранцвення, узнімалі плечы і зноў засыналі на дне. Калі падышоў да месца, убачыў жабер-траву. Як крышталь на сонцы, адбівалі яе лісцікі яркае святло, а дух Фарон, схаваўшыся ў зеляніне і абапёршыся на камень, адпачываў, нагадваючы вялізны куст багавіння. Над ім і над жабер-травою мітусіліся тысячы вадзяных істотаў. Адольф сарваў лісцік і, не будзячы духа, пакінуў гэтае месца і пайшоў далей.

Выбраўшыся з вады, дыхнуў на поўныя грудзі, выйшаў на другі бераг возера, адпачыў на зялёнай лугавіне і, прылажыўшы да скроні халодны лісцік жабер-травы, умомант адчуў у сабе перамены: перад яго вачыма зявіліся зусім іншыя краявіды.

Там, на пагорку, сярод бярэзін стаяў мураваны касцёлік,  а цяпер ад дрэў тых толькі пянькі тырчаць з зямлі, касцёл у руінах, без дзвярэй і даху. Дзе была вёска цяпер пустка, дзве толькі засталіся старыя грушы, якія нядаўна ён бачыў у садзе. Тут жа, ля яго, некалі каласілася буйное жыта цяпер тая ніва пакрыта дзікаю травою, быццам некалькі гадоў не бачыла ратая.

Трывога агарнула яго сэрца; адышоўся ад возера і пайшоў далей аглядаць тую ваколіцу, якую колькі дзён таму перамераў нагамі са стрэльбаю за плячыма, і ўсюды бачыў вялікія перамены.

Зайшоў далёка, забыўся, якой дарогаю вяртацца, а сонца ўжо нізка. Ідучы хуткай ступою, пазіраў, ці не сустрэнецца дзе чалавечае жытло, каб адпачыць, пераначаваць ды распытаць, у які край заблукаў.

Калі дзень ужо патух і густы змрок лёг на лагі, Адольф падышоў да зусім незнаёмае вёскі. Каля аднаго дома грала музыка, скрыпач і дудар выціналі вясёлы танец, а некалькі маладзёнаў скакалі на вольным паветры.

Адольф, стаўшы непадалёку, глядзеў на танцораў. І тут ён пачуў, як колькі пажылых незнаёмых людзей так гаманілі між сабою:

Адольф, стаўшы непадалёку, глядзеў на танцораў. І тут ён пачуў, як колькі пажылых незнаёмых людзей так гаманілі між сабою:

 Ці не сорам ім скакаць?  сказаў першы.  Цяпер такія цяжкія часіны! Усюды нястача.

 Думаеш, яны маюць душу?  кажа другі. Кажуць часам добра, а робяць зусім інакш, не разумеюць, што гэта кара Божая.

Сустрэча гэтая так уразіла Адольфа, што ён не мог ім і слова сказаць. Хутчэй пакінуў гэтую мясціну, абмінуў усе хаты і заначаваў у карчме пры вёсцы.

На ўзыходзе сонца ён падрыхтаваўся да падарожжа, паведаміў гаспадару, дзе жыве, і запытаўся ў яго, якою дарогаю трэба яму вяртацца дадому.

 Першы раз чую пра гэты край,  адказаў той,  відаць, пан жыве дзесьці далёка ад нас.

Здзіўлены Адольф пачаў распытваць вяскоўцаў і ад усіх чуў тое самае, што ўжо паведаміў яму карчмар. Тады падрыхтаваўся да далёкага падарожжа: купіў на некалькі дзён ежы і з кульбакаю за плячыма пайшоў далей, кіруючыся на поўдзень.

Тым часам надворе перамянілася. Загрымела ў небе, і Адольф убачыў чорныя хмары, падзьмуў вецер; не бачачы блізка ля дарогі чалавечага жытла, ён паспяшаўся ў лясны гушчар, каб хоць пад шатамі ялін схавацца ад залевы.

Бачыць там нейкага старога. Сядзеў ён на спарахнелым пні, угары шумелі хвоі, а на галаве яго вецер кудлаціў белыя валасы. Падышоў бліжэй і, угледзеўшыся добра, пазнаў цыгана Шылку. Стары падняўся і, кланяючыся, сказаў:

 Дзень добры, пане Адольф!

 Ах! Гэта ты, Шылка! Ледзь пазнаў цябе. Чаму ты так хутка пастарэў? Колькі дзён таму назад бачыў цябе, дык не меў ты яшчэ сівізны на галаве, а цяпер валасы як малако.

 Не, пане Адольф, не колькі дзён таму. Ужо мінула больш за дзесяць гадоў, як ты мяне бачыў. Скажы, паніч, куды ідзеш?

 Не ведаю, дзе мой дом, дзе я цяпер, куды выведзе гэтая дарога, і неба хаваецца за хмары, і навальніца над галавою.

 Не хутка будзе такое добрае надворе, якое было тады, як я апавядаў табе пра жабер-траву і пра духа Фарона. Панскі дом далёка, знаёмыя і прыяцелі ўжо рэдка ўспамінаюць тваё імя, мяркуюць, што даўно развітаўся ты з гэтым светам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги