Другое злачынства гэтага старца парушыла яшчэ больш згоду і мір паміж мною і жонкаю. Меўся я пабудаваць новы драўляны дом, ды крыху не хапала цэглы на падмурак; каб папоўніць недастачу, выйшаў я ў поле і, ходзячы там, выбіраў добрае месца на цагельню. Старац, спаткаўшыся са мною, паказваючы на могілкі і на старую каплічку, якая стаяла навідавоку блізка ад маёнтка, і кажа:
На якім неадпаведным месцы зрабіў нехта гэтыя могілкі. З панскага вакна заўсёды відаць драўляныя крыжы і каплічка. Во ўжо дзе прыкры краявід! Наведваюць пана суседзі, сярод іх шмат маладых ды вясёлых, а гэтыя крыжы і каплічка ўсё перад вачыма, кожнага могуць давесці да маркотных думак і меланхоліі; раіў бы пану прызначыць сялянам месца пад могілкі дзе-небудзь далёка за лесам, каб не так часта чалавечае вока іх бачыла; цэглу з капліцы можна пусціць на падмурак, на гэтым жа месцы пасеяць авёс, каб і знаку не было, што тут гніюць нечыя косці.
Я пахваліў добры старцаў густ і яго здольнасці ў вызначэнні характару чалавека і таямніц прыроды. Загадаў, каб як мага хутчэй знеслі драўляныя крыжы, сабралі надмагільныя камяні ў крушню, зруйнаваўшы капліцу, звезлі цэглу ў маёнтак.
Дарэмна мае падданыя, сабраўшыся з усіх вёсак, прасілі, каб я не нішчыў святыні і не кранаў таго месца, дзе спачываюць астанкі іх бацькоў і сваякоў; дарэмна натурыўся ксёндз-плябан, стараючыся давесці, што я бяру на сваю душу вялікі грэх; дарэмна старэйшыя суседзі папракалі мяне, што адступаю ад дзедаўскіх звычаяў. Нарэшце Амелія, убачыўшы, што ўсе просьбы і напаміны марныя, сказала:
Генрык, аднак жа пры жыцці бацькі і дзеда твайго гэтая каплічка і могільнік былі на гэтым самым месцы, бацьку і дзеду гэтыя крыжы і магілы не заміналі і не наводзілі жахлівых думак. Няраз яны там, калі ўзыходзіла ці заходзіла сонца, укленчыўшы, старанна маліліся за сваіх памерлых сялян. Такі звычай усюды ў нашым краі: могілкі навідавоку або блізка дарогі, каб людзі, сустракаючы вокам крыжы і магілы, тварылі малітвы за душы тых, хто ўжо заручыўся з зямлёю. Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую бязбожную параду, але памятай, Генрык, што Бог усё бачыць.
Не лезь не ў сваё! адказаў ёй у гневе. Я ведаю, што раблю; старац, якога ты называеш жахлівым, смяецца з вашае дурноты; занадта вы ўважлівыя да тых, каго ўжо няма на гэтым свеце.
І гэтак настаяў на сваім. Праз два дні і следу не засталося ад могілак, а цэглу з капліцы паклалі ў падмурак новага дома, у які праз пару месяцаў я перасяліўся. З гэтага часу пачаў заўважаць, што Амелія яшчэ больш перамянілася. Яе вочы і твар заўсёды былі асмужаныя смуткам; казала, што бачыла прывіды ў гэтым новым доме, мроіліся ёй страшныя сны, а апоўначы чула часам нейкія стогны. Па колькі гадзін раніцай і ўвечары яна малілася, укленчыўшы, і так змянілася з твару, што знаёмыя ледзь пазнавалі яе цяпер, хоць і мала мінулася часу.
Калі я расказваў старцу пра жончыны пакуты, ён глянуў на мяне і кажа, ківаючы галавою:
Як, пане, яшчэ мала ты ведаеш, што такое кабета! Гэта адны толькі злосць ды ўпартасць, бо не можа яна камандаваць мужыком і рабіць паводле свае волі. Паведаміў бы пану адзін сакрэт, але няхай ён лепей застанецца вечнаю таямніцаю мае душы, бо гаворыць сёй-той, што я вінаваты ў вашых нязгодах.
Злітуйся, скажы, бо каго ж гэта цікавіць болей за мужа?
Шмат за што ўдзячны пану: зрабіў ён дабрадзейства, даўшы гэты прытулак старцу, які прайшоў жахлівымі пуцявінамі жыцця праз усе выпрабаванні, навучыўся халодным сэрцам глядзець і заўважаць усе таямніцы людскіх думак і ўчынкаў. Адкрыю пану гэты сакрэт, які ведаю ўжо некалькі месяцаў, нікому пра яго не кажучы: у твае жонкі жывыя валасы на галаве.
Не чуў яшчэ ніколі пра такія цуды і не разумею, што ўсё гэта значыць.
Дык раскажу спярша, якім чынам я гэта даведаўся. Памятаю, зехаліся раз госці ў маёнтак; дзень быў ціхі і ясны, выйшлі ўсе тады з дому і, цешачыся добрым надворем, гулялі ў полі. З панам ішлі два пажылыя мужчыны, і былі вы вельмі занятыя нейкай размоваю, а панава жонка ішла наперадзе, акружаная моладдзю, што, гамонячы, часта пазірала на яе касу. Калі падышлі да гаю, я, схаваўшыся за дрэвам, таксама зацікавіўся: чаму гэта яны так пільна глядзяць на яе касу? Маё вока зоркае, і я заўважыў, што на сонцы валасы ў панавай жонкі рухаліся ў касе і па ўсёй галаве. О! Гэту рэч мусіш, пане, мець на ўвазе, бо ёсць дзівы і чары на свеце; моладзь заглядваецца, не разумеючы, якою сілаю запалілася пачуццё ў іхніх сэрцах.
Хіба можа гэта быць? спытаўся я са здзіўленнем.
А то як. Раскажу пану, якім чынам можна ў гэтым пераканацца. Гэта не ўсё, што ў яе жывыя валасы; ёсць яшчэ адзін валасок, які пасля захаду сонца, калі змрок ахутае зямлю, крычыць цэлую ноч аж да белага дня, і таму яна можа заснуць толькі на кароткі час, часта прачынаецца, вечарамі стогне і плача. Калі пойдзе ў асобны пакой, дзе мае звычку, укленчыўшы, маліцца, ціха падыдзі і, стаўшы каля яе, прыслухайся добра. А яшчэ лепей паслухай зблізку ў начной цішы, як той волас спявае найгаласней.
Я быў невыказна здзіўлены і неспакойны. Вырашыў: не спаць усю ноч, абы толькі даведацца праўды. Увечары, калі Амелія, запаліўшы свечку, пайшла ў асобны маленькі пакой памаліцца, я падкраўся на пальчыках да прачыненых дзвярэй, прыслухаўся і пачуў піск такі тонкі, нібы камар, гудучы, лётае ля скроні і шукае, дзе б утнуць. Слухаў некалькі хвілін, не сыходзячы з месца, і гэтаксама ціха зноў адышоў, не чакаючы, пакуль яна дагаворыць свае пацеры.