Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 55.

Шрифт
Фон

 Не магу глядзець на цябе без агіды, твой твар мне страшны.

 Слабыя нервы маеш. Калі пазнаёмімся бліжэй, дык на ўсё будзеш глядзець без прыкрасці ды страху і лепш уладкуешся на свеце. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю, зараз яна прыляціць.

Толькі сказаў гэта залятае ў вакно сарока, большая і зграбнейшая за іншых сарок, пёры на ёй белыя, як снег, вочы чорныя. Апусцілася на стол. Здзіўлены гаспадар паглядае на жвавыя і імклівыя рухі прыгожае птушкі. Яна зляцела на падлогу і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні. Скамароха аслупянеў, слова вымавіць не асмельваецца. Яна ж такімі словамі перапыніла маўчанне:

 Калі ляцела, дык бачыла прыгожыя горы і лясы гэтае краіны, тут вельмі шмат азёр. Думаю, жыхарам нічога не бракуе?

 Так, пані, сказаў з паклонам ціхім голасам гаспадар.  Наш край прырода адарыла ўсім, што толькі трэба чалавеку.

 Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край і яго жыхароў. Спадзяюся, што знайду тут сабе зычлівых прыяцеляў.

 Шмат хто будзе мець за шчасце ўбачыць пані.

 А як маюцца тутэйшыя падданыя?

І яны шчаслівыя. На лугах і пагорках даволі травы для вялікіх чародаў.

Белая Сарока села на крэсла, а пан Скамароха ля яе. Доўга апавядаў ёй пра берагі Дрысы і Дзвіны. Расказваў, хто і як жыве ў ваколіцы, якую славу мае сярод суседзяў, якія даходы фальваркаў. Расказваў, як гандлююць з Рыгаю, калі разальюцца вясною рэкі, і якая выгада ад таго жыхарам гэтага краю. Размова без перапынку цягнулася да поўначы.

 Я яшчэ наведаю гэты край. І ты пазнаёміш мяне са сваімі добрымі суседзямі. А зараз мушу спяшацца дадому: ужо поўнач, а дарога далёкая.

 Я яшчэ наведаю гэты край. І ты пазнаёміш мяне са сваімі добрымі суседзямі. А зараз мушу спяшацца дадому: ужо поўнач, а дарога далёкая.

Сказаўшы гэта, пакланілася гаспадару, імгненна перамянілася ў Белую Сароку і вылецела ў вакно.

Скамароха доўга стаяў здзіўлены і глядзеў туды, дзе схавалася яна ў начной цемры. Вярнуўшыся да крэсла, на якім сядзела гэтая прыгажуня, убачыў пасярод пакоя яе пасланца. Той трымаў велізарны мех золата.

 Белая Сарока ахвяруе табе гэты падарунак, каб быў верны сам і іншых знайшоў, адданых ёй. Яна наведае твой дом, калі тут ужо будзе некалькі тваіх суседзяў, сапраўды зычлівых да яе.

Сказаўшы гэта, пасланец выскачыў у вакно і знік.

Скамароха самотны хадзіў па пакоі. Дзіўныя мроі снаваліся ў ягонай галаве. Багаты ўбор і незвычайная прыгажосць Белае Сарокі і цяпер стаялі ў яго ўваччу. Ні на хвіліну не мог забыць пра яе, і ад гэтых думак прапаў сон. Ні на волас не заснуў, а ўжо ўсё прачнулася і сонца было высока.

Свіснуў. На панаў выклік прыбег лёкай, і, скуголячы, ускочыў у пакой чорны сабака. Гладзячы сабаку, Скамароха загаварыў да слугі:

 А што, і сёння, можа, мучылі вас жахлівыя сны?

 Ах, пане! Нейкая туга напала на нас і гэтае начы,  адказаў лёкай.  Ва ўсіх нас сон быў кароткі і неспакойны. Вартаўнікі расказваюць, што чулі яны ўначы, як па вёсках вылі сабакі, рыкала жывёла, і бачылі, як з поўначы, шугаючы полымем, ляцеў цмок і іскры сыпаліся з яго; пэўна, нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з дяблам. А аканом казаў, што некаторыя бачылі кабету, якая плакала на цвінтары, ды так, што яе голас наводзіў на ўсіх трывогу і смутак.

Скамароха, крыху змяніўшыся з твару і задумаўшыся, шпарка прайшоўся па пакоі.

 Не кажы больш такое лухты. У вас заўсёды ў размовах нейкія цуды і прароцтвы, вы як тыя забабонныя бабы кожная рэч вас узрушае і пазбаўляе спакою. Скажы, каб запрагалі коней, паеду сёння да пана Л. і пана С., а можа, і іншых суседзяў наведаю.

Ездзячы ад маёнтка да маёнтка, ён усюды з захапленнем апісваў прыгажосць, багацце, розум і шчодрасць Белае Сарокі. Са здзіўленнем усе слухалі гэтыя апавяданні і рознае пра іх казалі. Некаторыя даводзілі: тут схавана нейкая здрада і што заплацяць за яе вялікім няшчасцем. Іншыя радаваліся і прасілі пана Скамароху, каб пахваліў іх перад Белай Сарокаю, калі яна другі раз наведаецца ў ягоны палац, і з нецярплівасцю чакалі дня, калі змогуць яе ўбачыць.

Прыехалі да Скамарохі госці. Былі яны ўсе з ліку заўзятых прыхільнікаў Сарокі, хоць бачыць яе яшчэ не мелі мажлівасці. З самага пачатку забаранілі лёкаям заходзіць у святліцу, каб тыя не чулі сакрэтных панскіх размоваў. Келіхі з цудоўным віном стаялі на стале. Скамароха весела апавядаў, якую гаворку меў некалі з Белай Сарокаю. Натхнёна і з запалам гаварыў пра яе розум і хараство, даводзячы, што за ўсё жыццё не бачыў, нават на дасканалых і дарагіх карцінах, такіх высакародных і прыгожых кабетаў.

Гадзіннік прабіў поўнач. Ноч была пагодная, ціхая, і поўня свяціла ў адчыненае вакно. Гаспадар наліў у келіхі віно:

 Выпем за здароўе пані, якая ўвесь час была галоўнай асобаю нашых прыемных размоў.

Ледзь сказаў з хуткасцю бліскавіцы залятае ў вакно Белая Сарока і апускаецца на стол пасярод поўных келіхаў. Уражаныя гэтым, усе, гледзячы на яе, паўскоквалі са сваіх месцаў. Нечаканае маўчанне ў пакоі. Зрабіўшы колькі хуткіх рухаў на стале, яна глянула на гасцей, лёгка, як вецер, зляцела на падлогу,  і вось ужо бачаць усе перад сабою кабету дзіўнае прыгажосці, усю ў дыяментах і перлах.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3