Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 5.

Шрифт
Фон

Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.

І такому вас вучаць езуіты ў школах, нашто ж гэта прыдасца?

 Хто вучыцца,  адказаў я,  той павінен пра ўсё ведаць.

 Ну, то кажы далей.

І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:

 Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашэму, тут нічаго ні прыпомніш.

Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае прычыны, перажагнаўся і заснуў.

На другі дзень ён як вясковы гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, загукаў:

 О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць забі, не помню аніводнага імя тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і пра тое.

У час майго побыту ў дзядзькавым доме мусіў я амаль пяць тыдняў кожную ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэцкіх або лацінскіх класікаў, аднак найбольш яму падабалася з «Адысеі» мудрасць Уліса[33] на берагах Цырцэі і на востраве цыклопаў. Паўтараў мне няраз:

 А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на ілбе. Але ж і хітрун гэты Уліс напаіў, выкалаў вока і выехаў на баране.

Не мог таксама ён забыць шостае песні з Вергілія[34], дзе Эней увайшоў у пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:

 Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока пад зямлёй. Дзіўная рэч!

Аднаго разу, размаўляючы са мною, запытаўся ён, ці даўно я быў у Полацку.

 Амаль год не меў нагоды быць у гэтым горадзе.

 Калі надарыцца там быць, добра было б даведацца ад ксяндзоў езуітаў, як вучацца мае Стась і Юзік. О, не кепска быць чалавекам вучоным! От, як вашэць апавядаеш з розных кніжак, таго невук і ў сне не ўбачыць! Добра ўсё ведаць. Я, будучы ў Полацку, і мая нябожчыца жонка, вечная ёй памяць, прасілі ксяндза-прэфекта[35], каб не шкадавалі розгаў.

Розгаю дух святы дзетак біць радзіць,
Розга аніяк здароўю не вадзіць[36].

О, гэта цудоўныя вершы розга вучыць розуму і веры. Сёй-той з нашых панічоў, якіх песцяць у бацькоў, толькі і бавіцца з коньмі і сабакамі, а прыйдзе які ў касцёл, дык нават не перажагнаецца. Якая ўцеха бацькам толькі кара Божая!

Ужо былі першыя дні лістапада. Самотны, седзячы ля вакна, я слухаў завыванне асенніх вятроў і пошум бяроз і клёнаў, якія густа ўздымаліся над дахам. Віхор круціў па двары жоўтае лісце і ўзнімаў яго ўгору. Усюды глуха, толькі зрэдку забрэша сабака, калі мінае прахожы або пакажацца з лесу звер. Думкі мае былі занятыя нейкімі тужлівымі марамі. Тут уваходзіць кабета, што за гаспадыню ў майго дзядзькі. Гэта сястра яго жонкі-нябожчыцы, ужо ў сталых гадах. Убачыўшы, што я задумаўся, сказала:

 Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнае кампаніі не маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай,  як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца.

Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы. Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў і ўжо зіма. Уздоўж Нешчарды зявілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць тоні і глядзець на багаты ўлоў, а тут яшчэ і тая была карысць, што ён, прабыўшы цэлы дзень на марозе, хутка засынаў, і я вечарамі быў вольны. Да таго ж мы часцей мелі і заезджых гасцей, перад якімі дзядзька вельмі хваліў мяне і езуіцкія навукі, расказваючы, што чуў ад мяне шмат новых і такіх разумных аповесцей, што і запомніць цяжка. Быў і я рады гасцям, бо сёй-той з іх заступаў маё месца, і мне ўжо было прыемней слухаць, чым гаварыць.

Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнае зоркі, падаў густы снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала снегам, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над магілаю самое прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра гэта дзядзьку.

 Гэта падарожныя,  адказаў ён,  дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3