Калі на захадзе тухла сонца і пачало вечарэць, ён убачыў між дрэў вялікі палац, дзе ў кожным акне было відаць святло запаленых агнёў. Гадзюка, хутка віючыся па прыступках, трапіла ў вялікую залу-гасцёўню, а з ёю і Альберт; там сталы застаўлены ежаю і віном, чуваць чароўная музыка, люстэркі і карціны на сценах у залатых каштоўных асадах. Доўга дзівіўся Альберт на загадкавыя дзівосы, разглядаючы ўсялякія аздобы гэтага палаца; пачуўся голас, які запрашаў яго сесці за стол, есці і піць бо ўсё дзеля яго прыгатавана. Пасля вячэры зявілася перад Альбертам гадзюка, трымаючы ў роце залатую манету, падняла высока галаву, каб аддаць яго госцю; Альберт узяў; на тым дукаце[145] з аднаго боку выбіта полымя, а з другога карона і выява гадзюкі.
Калі задумліва пазіраў на дукат, зноў пачуў голас: «Пакуль маеш яго, будзеш мець золата столькі, колькі захочаш».
Гадзюка знікла, і ён адзін застаўся ў гасцёўні; успомніў параду незнаёмага, якога сустрэў у лесе, і, гледзячы на язычок свечкі, што стаяла на стале, паклікаў:
Нікітрон!
Полымя свечкі ўсё вышэй і вышэй падымаецца ўгору, і тут з яго ўзнікае высокая лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо стаў перад ім чалавек у пунсовай вопратцы.
Якія ў пана будуць загады? спытаўся дух.
Хачу імгненна вярнуцца дахаты.
Альберт ляцеў у небе вышэй гор і лясоў і праз колькі хвілін быў ужо ў сваім пакоі.
Альберт ляцеў у небе вышэй гор і лясоў і праз колькі хвілін быў ужо ў сваім пакоі.
Вярнуўшыся дадому, ён выняў з кішэні залаты пенязь, які атрымаў ад гадзюкі, і, кладучы яе ў шкатулку, падумаў сам сабе: «Эх, каб была яна поўная золата!» і ў міг вока шкатулка напоўнілася дукатамі. Цешыцца ён, гледзячы на скарб гэткі і не верыць, што бачыць тое наяве; доўга стаяў, не адводзячы вачэй ад золата, баючыся, каб не знікла яно.
Бачаць суседзі дзіва нечуванае: Альберт купляе найдаражэйшыя люстры, гадзіннікі, дом яго свеціцца золатам і срэбрам; коні і карэты шыкоўныя, лёкаі ў дарагіх ліўрэях, быццам меў ён некалькі тысяч душ у маёнтку; запрашае да сябе гасцей, дае балі; найдаражэйшых він ў яго невычэрпная крыніца.
Мальвіна, чуючы пра гэтую неспадзяваную перамену лёсу, дзівіцца, як і іншыя: адкуль узяліся ў яго такія вялікія грошы? Доўга спадзявалася, што ён, можа, калі наведае яе; прайшло колькі месяцаў не прыязджае; перамяніўся ўжо, дарэмна чакаць! У яго душы цяпер толькі адна пыха.
Прыйшла восень, доўгія вечары. Альберт, стомлены забавамі, у якіх доўга бавіў час з гуртам лісліўцаў, вырашыў застацца дома адзін; сухія бярозавыя дрэвы гарэлі ў печы, настольны гадзіннік іграў мелодыю, за сцяною шумеў восеньскі вецер; ён сеў перад агнём і, гледзячы на яго, аддаўся марам, думаў пра сваё мінулае, пра няўдзячнасць і здраду сяброў, якія некалі кінулі яго, бачачы, што ён зазнаў няшчасця і роспачы.
Калі так пераходзіў ад аднае думкі да другое успомніў Мальвіну. Памяць ярка малявала яму прыемныя з ёю забавы да позняе ночы і той апошні вечар, калі голас гадзінніка з зязюляй пачаў тую размову, што давяла яго да невыноснае роспачы. Гэтыя ўспаміны абудзілі ў яго сэрцы забытае каханне, і прыйшло жаданне абавязкова яе ўбачыць.
Ужо вырашыў быў ехаць да яе, але крыху задумаўся:
О, не! кажа. Яна любіць багацце, а я цяпер багаты і ўладар яе пачуццяў; не буду зневажаць сябе сёння так, як некалі. Я пашлю ёй багаты прэзент, і яна сама адразу зявіцца ў маім доме.
Сказаўшы гэта, паклікаў, гледзячы на полымя:
Нікітрон!
Бярозавыя дровы стрэлілі, быццам з пісталета: вугельчык вылятае з печы, круціцца па падлозе, расце ўсё больш і больш, уздымаецца ўгору, ператвараецца ў чалавечую постаць, і вось стаіць перад ім вялізны мурын.
Слухаю загад, сказаў ён, гледзячы на Альберта вогненным позіркам.
Не хачу бачыць цябе ў такім чорным і страшным абліччы, сказаў Альберт. Вярніся ў агонь і, выкупаўшыся ў белым полымі, зявіся да мяне з белым тварам, з лагоднейшымі вачыма і ў пекным вобліку маладога чалавека.
Мурын, як клуб дыму, кінуўся ў печ; праз колькі хвілін адтуль вылецеў язык полымя, з якога ўмомант утварыўся юнак і, стоячы, чакаў загаду.
Пакуль я напішу ліст да Мальвіны, ты павінен прынесці мне сюды дыяментавыя завушніцы, дыяментавыя бранзалеткі і ўбор на галаву з рубінаў і дыяментаў.
Дух, як бліскавіца, вылецеў у вакно, і яшчэ Альберт не дапісаў ліст, а ўжо ўсе тыя каштоўнасці ляжалі на стале і ля яго стаяў дух у абліччы юнака. Альберт, заклеіўшы ліст, загадаў аддаць яго Мальвіне разам з каштоўнасцямі; паслаў коні і карэту сваю, каб тэрмінова прыехала.
Самотны, шпацыраваў па пакоі; думаў, з якой радасцю яна прыме яго дарункі, з якім пачуццём прывітае яго пасля такога доўгага расстання; бо ведаў, што кабета, бачачы маладога чалавека шчаслівым, у багатым уборы, у пышных салонах, ставіць яго вышэй за іншых людзей; у гэты час ён Бог у яе вачах.
Мальвіна сядзела ў сваім пакоі з суседкаю, што прыйшла ў гэты вечар, і размаўляла з ёю пра розныя дзіўныя здарэнні. Нарэшце пачалі абгаворваць Альберта: адкуль здабыў ён такія вялікія грошы, бо пра гэта разыходзіліся розныя чуткі. Адны казалі, што ён недзе далёка ездзіў і выйграў мільёны ў карты, другія што нібыта выкапаў багаты скарб з зямлі, трэція што навучыўся недзе чарнакніжніцтву і стаў багаты, злыгаўшыся са злым духам. Але ўсё гэта былі толькі здагадкі.