Сказаўшы гэта, ён пайшоў у чалядны пакой.
Прайшло паўгадзіны. Дзядзька вяртаецца, размаўляючы з падарожным у старым сурдуце[132], што некалі быў пашыты з добрага зялёнага сукна, валасы коратка падстрыжаныя, густыя бакенбарды і вусы; выраз яго твару і манеры казалі, што ён не просты селянін, а доўга служыў пры двары.
І што за прычына, сказаў дзядзька, такога далёкага падарожжа? Гэта ж не жарт наведаць усе куткі Інфлянтаў і Курляндыі![133]
Пан ведае гэтую простую прыказку, сказаў падарожны, за дурной галавой і нагам не ўпакой[134]. Вось, уласна, накшталт гэтага і маё цяперашняе падарожжа. Прыйшла ў галаву майму пану думка пабудаваць суконную фабрыку; меркаваў, што такім чынам набудзе залатыя горы. Адгаворвалі яго суседзі, што добра разумелі гэтую справу, кажучы такія словы:
«Не з фабрык трэба пачынаць грамадзянам беларускім, каб палепшыць свой быт, а з зямлі, бо сялянская гаспадарка найбольш прыносіць карысці ў нас; трэба рупіцца заводзіць жывёлу, угнойваць палеткі, павялічваць сенажаці і сваіх падданых навучыць лепшым маральным канонам, каб любілі сваю бацькаўшчыну. Не крыўдзіць, прысвойваючы іх уласнасць, менш будаваць корчмаў і старацца мець больш збожжа ў запасе».
Гэтыя парады не мелі аніякага выніку. Пан заклаў у банку большую частку маёнтка, накупляў машын, выдаткоўваючы на гэта велізарныя грошы, прывёз іншаземца-фабрыканта, частку падданых паслаў у сталіцу вучыцца гэтаму рамяству, а іншых зарабляць грошы на ўтрыманне фабрыкі. Тым часам у гаспадарцы найвялікшыя страты; селянін прыйшоў да жахлівае нэндзы. Я сам чуў у полі гэтую песню, поўную роспачы:
Ня будзім жыці,
Пойдзім блудзіці.
З лецця худые,
Паны ліхіе
Кароў пабралі,
У двор загналі.
Нет хлеба, солі,
Нет шчасьця, долі.
Поля пусьцеіць
І не чым сеіць.
Ня будзім жыці.
Пойдзім блудзіці.
І сапраўды, за адзін толькі год амаль трэць падданых пакінулі свае хаты і пайшлі блукаць па свеце.
Убачыў пан сваю памылку, бо і фабрыка яго, не будучы яшчэ ўпарадкаванай як трэба, пачала ўжо занепадаць; бракавала грошай на воўну, на прывоз замежных фарбаў, на выплату пенсіі фабрыканту зніклі ўсе надзеі.
Дайшла вестка ад людзей, якія ездзілі з таварамі ў Рыгу, што яны сустракалі там сялян нашае воласці. Дык пан неадкладна паслаў мяне, каб я з дапамогаю мясцовых уладаў вярнуў тых людзей на ранейшае месца жыхарства.
Арганісты з Расонаў
У гэты момант нечакана адчыняюцца дзверы заходзіць увесь абсыпаны снегам арганісты з Расонаў; ледзь ступіў на парог гучна прамовіў:
Laudetur Jezus Chrіstus[135]. Вясёлых святаў! і кладзе стус аплатак[136] розных колераў на стол.
А! Дзякуй, вялікі дзякуй! сказаў дзядзька. Чакаў пана Андрэя і ўжо думаць пачаў, што сёлета ён, можа, забыў, дзе жыве Завальня.
Як можна забыць пра пана Завальню, асабліва ў такую лютую буру, бачачы зыркі ліхтар на доме, добры і ветлы гаспадар якога клапоціцца пра жыццё падарожных.
У той толькі час і госці ў мяне, калі пакрые Нешчарду лёдам, але за гэта вясной і летам жыву, нібы пустэльнік які, акружаны вадою і лесам.
Арганісты звяртаецца да сляпога Францішка:
О, даўно не бачыліся! Грамадзянін усяго свету! А пра Расоны ўжо зусім забыў. У нас і цяпер успамінаюць, як некалі ў час Юбілею спяваў ты на хорах. Хто з ксёнжкі, а пан Францішак усе песні на памяць. Ну калі ж ты нас наведаеш?
Жыву я цяпер вельмі далёка.
Але ж ты жывеш там, дзе сустракаеш ласкавых і сапраўдных сяброў, а такіх у цябе шмат па ўсёй Беларусі.
Цяпер з ласкі пана Б. маю свой дамок на выспе пасярод возера Рабло. Там маю намер пакласці канец свайму тулянню (пакуль мне пан Бог дазволіць жыць).
Ведаю пана Б., добры ён чалавек. Маёнтак яго ля самага возера Рабло ў Рабшчызне. Я бываў там некалі, а адгэтуль будзе не менш за шэсцьдзесят вёрст. Але як мяне трасе, увесь замёрз: такі моцны вецер і мароз, што нельга вытрымаць.
Выпем гарэлкі, пане Андрэй, сказаў дзядзька, а там вячэру цёплую прынясуць на стол то і сагрэешся.
А добра было б гарэлачкі, бо людзі кажуць, што гэты трунак у гарачае лета халодзіць, а ў зімовыя маразы грэе.
Пасля гарэлкі і закускі павесялелы арганісты сказаў:
Пан Завальня сёння мае гасцей, мае і новыя апавяданні.
Кожны чалавек нешта адрознае ад іншых сустракае ў сваім жыцці, дык кожны адрознае ад іншых і расказвае.
І Янка філосаф[137] езуіцкае акадэміі мусіў ужо расказаць шмат гісторый. Чуў я, што калі ён быў яшчэ ў школах[138], дык вельмі любіў чытаць кніжкі. Яго гісторыі вучоныя; расказваў мне пра нейкія паганскія народы, што жылі Бог ведае ў якія даўнія часы; імёны іх такія цяжкія, што на другі дзень ужо не памятаю.
І я хадзіў да езуітаў у школы, альвар[139] і цяпер ведаю на памяць, перакладаў прамовы Цыцэрона, і з «De arte poetіca»[140]. Гарацыя яшчэ памятаю гэты верш: «Оmne tulіt punctum quі mіscuіt utіle dulcі»[141]. Але калі я ўбачыў, што гэта ўсё vanіtas vanіtatіs[142], не захацеў паглыбляцца ў далейшыя мудрасці; навошта філасофстваваць, лепш верыць сэрцам. Дык пачаў вучыцца музыцы, і цяпер, дзякуй Богу, маю месца пры касцёле і задаволены.
І ўсё ж цяпер чарга пана Андрэя расказаць што-небудзь.
А ці не будзе гэта ўжо позна? Колькі часу?