Пасля, убачыўшы слёзы на вачах мае маці, сказаў:
Ты не плач, васпані, у маладосці папакутуе і будзе шчаслівы.
Прыняўшы блаславенне і маючы заўсёды ў памяці бацькаў наказ, з хатульком за плячыма і з кіем у руках пакінуў я родны дом.
Найперш выправіўся да камісара[130] князёў Агінскіх прасіць пратэкцыі. Той мяне прыняў на службу, загадаў практыкавацца ў пісанні і вучыцца рэгістратуры, і я ў хуткім часе зразумеў увесь гэты парадак; сваёй пільнасцю стараўся заўсёды заслужыць добрую рэпутацыю. З цікавасцю слухаў я размовы пра гаспадарку і, калі ўжо адчуў, што і гэтым магу заняцца, прасіў пана камісара, каб дапамог мне атрымаць месца аканома ў якім-небудзь князевым фальварку.
Ты малады, сказаў камісар. Каб гаспадарыць у маёнтку мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй прадбачыць перамену надворя, калі прыйдзе час сенакосу. О! Тут гаспадару трэба паказаць розум; каб сена не згніло на лузе.
Дабрадзею, кажу я, кожны ж гаспадар некалі вучыўся на практыцы, а калі не хопіць мне прадбачлівасці ў якіх цяжкіх справах параюся з людзьмі старэйшымі і спрактыкаванымі.
Добра, пане Завальня, сказаў камісар. Пагавару пра гэта з князем. Толькі глядзі, каб не падвёў мяне.
З Божаю дапамогаю апраўдаю рэкамендацыю пана камісара.
Хутка стаў я аканомам у маёнтку Магільна. Прызначылі мне трыццаць талераў[131] гадавое пенсіі, дазволілі трымаць пару сваіх коней дзеля разездаў па вёсках, і я прыступіў да абавязкаў з найвялікшай стараннасцю, каб апраўдаць рэкамендацыю пана камісара і заслужыць у князя прыхільнасць і рэпутацыю.
Міласэрны Бог блаславіў маю працу і клопаты. Надышло лета. Зямля ўсюды добра ўрадзіла. Жыта вырасла такое буйнае і густое, што калі чалавек ішоў па дарозе праз жытнёвае поле, дык ледзь можна было ўбачыць ягоную шапку. На пшаніцу, авёс і ячмень міла было глянуць. Усюды калоссе гайдалася на ветры, нібы хвалі на возеры.
Аднаго разу, калі ўжо сонца хілілася да захаду, я быў на лузе, дзе сяляне жвава зграбалі сена. Я хацеў, каб нічога не засталося на заўтра, бо над лесам падымалася хмара і гром абзываўся ўдалечыні. У гэты час князь конна вяртаўся з палявання праз маёнтак Магільна і цешыўся, бачачы ўсюды на палетках добры ўраджай. Ён падехаў да работнікаў, і я пачуў, што ён кліча мяне да сябе:
Пане Завальня! Пане Завальня! Хадзі, васпане, да мяне!
І я, як мог хутка, падбег да яго.
Вельмі мяне ўсё цешыць, сказаў князь. Ты дбайны гаспадар; міла глянуць: у гэтым маёнтку ўраджай нашмат лепшы, чым у іншых.
Ласка Божая, яснавяльможны княжа, сказаў я, лета цёплае, і дожджык часта мілаваў зямлю; спадзяюся, і намалот не падвядзе: жыта добра каласілася.
Гэта праўда, што лета добрае, але пры гэтым бачу і добрую руплівасць. Дзякуй, дзякуй, пане Завальня.
Сказаўшы гэта, князь паехаў, а я вярнуўся да сялян.
Праз колькі дзён камісар павіншаваў мяне, бо князь загадаў дадаць да мае пенсіі яшчэ дзесяць талераў. І з таго часу, атрымліваючы штогод сорак талераў, я мог жыць спакойна і бацькам сваім памагаў, пакуль Бог дазваляў ім жыць на гэтым свеце.
Князь быў чалавек старасвецкі, пабожны і дабрачынны (царства яму нябеснае). Я заўсёды малюся за ягоную душу. Ён бацька быў сваім слугам; бедных і нешчаслівых цешыў і дапамагаў ім.
Паслужыўшы гадоў пятнаццаць у такога шляхетнага і добрага пана, я ўзяў у арэнду маленькі фальварачак. Не шкадаваў хлеба людзям, мая брама была адчынена суседзям і падарожным; ажаніўся і купіў гэты кавалак зямлі і дамок, дзе і цяпер жыву.
Калі так апавядаў мой дзядзька пра сваё жыццё, на падворку забрахалі сабакі, нехта моцна пастукаўся ў браму і закрычаў:
Гаспадар, гаспадар! Атчыні вароты, пусці нас хоць пагрэцца, саўсем прастылі. Барані Бог, гэткая бурная ноч.
Парабак адчыніў. Паскрыпваючы па снезе, заязджае некалькі вазоў; пытаюцца: хто тут жыве?
Пан Завальня, адказвае парабак.
Некалькі падарожных зайшло ў чэлядны пакой. Дзядзька пасылае мяне, каб я папрасіў да яго пані Мальгрэту; калі тая прыйшла, сказаў ёй:
Не гневайся, васпані, на падарожных, а калі б і з нас каго спаткала ў дарозе такая бура аніхто б не хацеў гінуць на возеры, спяшаўся б як найхутчэй трапіць у цёплую хату. Жыццё кожнаму дарагое: чалавек як можа ратуе сябе ад няшчасця; сурова будзе судзіць Бог таго, хто перад нешчаслівым зачыняе дзверы. Дай, васпані, ім вячэру, не хвалюючыся вельмі пра будучыню. Хлеб надзённы пасылае нам Усемагутнасць Божая.
Гаспадар, гаспадар! Атчыні вароты, пусці нас хоць пагрэцца, саўсем прастылі. Барані Бог, гэткая бурная ноч.
Парабак адчыніў. Паскрыпваючы па снезе, заязджае некалькі вазоў; пытаюцца: хто тут жыве?
Пан Завальня, адказвае парабак.
Некалькі падарожных зайшло ў чэлядны пакой. Дзядзька пасылае мяне, каб я папрасіў да яго пані Мальгрэту; калі тая прыйшла, сказаў ёй:
Не гневайся, васпані, на падарожных, а калі б і з нас каго спаткала ў дарозе такая бура аніхто б не хацеў гінуць на возеры, спяшаўся б як найхутчэй трапіць у цёплую хату. Жыццё кожнаму дарагое: чалавек як можа ратуе сябе ад няшчасця; сурова будзе судзіць Бог таго, хто перад нешчаслівым зачыняе дзверы. Дай, васпані, ім вячэру, не хвалюючыся вельмі пра будучыню. Хлеб надзённы пасылае нам Усемагутнасць Божая.