Расла дзяўчына і ад году да году станавілася прыгажэйшая. Мела яна на вуснах радзімы знак, але гэта як усе маладыя панічы казалі не толькі не псуе яе, а, наадварот, надае прывабнасці; і чым больш радзімку хвалілі, тым хутчэй тая расла. Ды так, што ўжо матку папярэджвалі, а ці не сапсуе яна твар дзяўчыне? Але Праксэда не ўважыла на гэта, і той радзімы знак давёў маладзёнаў да няшчасця.
Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў, праязджаў конна ўначы праз іхнія мясціны нейкі малады паніч. Ніхто не ведаў, хто ён быў і адкуль. Казалі, што твар яго заўсёды быў бледны, нос востры, доўгі, валасы, як шчацінне, чорныя і бы крумкачовыя пёры; погляд такі калючы, што цяжка вытрымаць, гледзячы яму ў вочы.
Спадабалася яму Варка, дык ён часта завітваў у гэтую карчму, а Праксэда цешылася і мела надзею выдаць сваю дачку за шляхціца.
Праз нейкі час радзімка на вуснах у Варкі яшчэ хутчэй пачала расці, а людзі ў вёсцы шапталіся між сабою, што, мусіць, той заезджы паніч яе пацалаваў.
Васемнаццацігадовую Варку радзімка на вуснах, хоць была ўжо і вялікая, яшчэ не псавала, яшчэ падабалася хлопцам, і яна любіла, каб яе акружаў гурт залётнікаў, але ўсімі яна пагарджала, бо маці пераконвала дзяўчыну, што яна выйдзе замуж лепей, чым якая шляхцянка.
Раскажу пану, што з гэтага аднаго разу атрымалася. Кахаў Варку адзін малады чалавек, які служыў у пана лёкаем і лоўчым. Звалі яго Міхась. Ён пачуў, што нібыта дудар Ахрэм строіць кпіны з яго каханае: расказваў усім, што Варку злы дух пацалаваў, бо яна ніколі не жагналася, а таму і той знак на вуснах гэтак вырас.
Абразілі лоўчага такія размовы, і пачаў ён шукаць нагоды, каб адпомсціць Ахрэму за зняважаны гонар каханае і гэтым заслужыць у маці і ў дачкі прыхільнасць.
У нядзелю сабралася моладзь у Праксэдзінай карчме. Між імі некалькі лёкаяў, і лоўчы прыйшоў з маёнтка. Адны паглядалі на дачку карчмаркі, захапляючыся яе хараством, іншыя шапталіся між сабою і здзекліва называлі паненкаю. Зявіўся дудар Ахрэм. Вітаюць яго, садзяць на лаве, частуюць гарэлкаю. Ён у добрым настроі пачынае іграць і спяваць. Было там колькі маладых дзяўчат з суседняе вёскі, дык іх і Варку хлопцы запрашаюць у скокі.
Сярод гэтае вясёлае забавы разбіўся без дай прычыны гаршчок, што стаяў высока на печы. Свісталі, нібыта нехта дзьмуў у рыльца, пустыя бутэлькі на стале, і ў кожным кутку што-небудзь падала на зямлю.
Ад вашых скокаў уся карчма трасецца, бурчала Праксэда, збіраючы на падлозе розныя драбніцы, якія пазляталі з шафы.
Тут знячэўку велізарны кот саскочыў з печы на дол. Убачылі гэта ўсе, пакінулі скакаць, а кот знік, быццам яго і не было.
Дудар Ахрэм перапыніў маўчанне:
Не бойцеся, скачыце, гэта паніч жартуе. Ну, той, што бывае тут часта ў гасцях.
Праксэда гнеўна зірнула на Ахрэма, нешта шапнула на вуха лоўчаму і пайшла ў маленькі пакой, які быў адасоблены перагародкаю.
Не зважаючы на гэта, Ахрэм пачынае зноў граць і спяваць, але Міхась выбіў дуду з ягоных рук, кажучы:
Праўдзівы дудар губы тоўсты, а галава пустая.
Разгневаны дудар глянуў на яго з пагардай:
А ты, кажа, праўдзівый панскій лакей: сам нізкій, лоб слізкій, нос плоскій толька што тарэлкі лізаць.
Лоўчы хацеў даць яму поўху, але Ахрэм перахапіў руку. Умяшаліся іншыя госці ў гэтую зваду, адцягнулі Міхася, пераконваючы яго, што дудар, адурманены гарэлкаю, сказаў тое, пра што пасля, калі шал той выйдзе з галавы, будзе шкадаваць. Але Праксэда пагражала, што гэта яму проста так не пройдзе, заплаціць яшчэ за тое, што зняважыў дачку.
Дудару ўсе раілі маўчаць, бо доўга спрачацца небяспечна, і каб лепей ішоў дадому.
Дудару ўсе раілі маўчаць, бо доўга спрачацца небяспечна, і каб лепей ішоў дадому.
Паслухаў Ахрэм. Дуду пад паху, шапку ссунуў набакір, заспяваў песню і выйшаў за дзверы. Іншыя бавіліся там яшчэ доўга, стараючыся супакоіць Праксэдзін гнеў і Варчын смутак.
Апоўначы адзін за адным госці выходзілі з карчмы, і кожны чуў дарогаю, што ў густым лесе бесперастанку грае нехта на дудзе. Усе дзівіліся, не ведаючы, што гэта значыць: якім чынам і з кім Ахрэм трапіў у той дзікі гушчар. Ноч была ціхая і пагодлівая, голас дуды чуцён далёка, рэха адзывалася па ўсёй ваколіцы, у вёсках не змаўкаў сабачы брэх. Гаспадары выходзілі з хат, маракавалі: ці то лясун завабіў дудара ў тыя гушчары, ці то колькі пяных гуляе, не памятаючы, што заўтра панядзелак і трэба рана ўставаць.
Калі на ўсходзе пачало світаць, начлежнікі, якія былі там з коньмі непадалёку, чуючы, што музыка ў лесе не спыняецца, вырашылі пайсці на голас дуды і пабачыць, што там дзеецца. Прыходзяць у цёмны яловы гушчар: сядзіць на спарахнелай калодзе Ахрэм, іграе на дудзе і не чуе, што прыйшлі людзі. Адзін начлежнік кладзе яму руку на плячо і кажа: «У імя Айца і Сына! Што з табою зрабілася, каму ты граеш усю ноч у гэтым лесе?» Ледзь сказаў ён гэта, дуда выпала ў Ахрэма з рук, і сам ён увесь здранцвеў, твар пачарнеў, слова вымавіць не можа.
Начлежнікі ўзялі яго пад рукі, вывелі з лесу і, пасадзіўшы на каня, завезлі дадому. Доўга дудар быў хворы, а пасля пра тое здарэнне так апавядаў:
«Калі выйшаў з карчмы і, спяваючы, вяртаўся дахаты, сустрэў мяне на дарозе нехта нібыта знаёмы, голасам і постаццю зусім падобны да кума; і так пачаў размову: