Выходзіць на панадворак, бычыць свой вазок, увесь уледзянелы, а ўсярэдзіне ляжыць велізарны лешч; глядзіць уражаны рыбак і не разумее: што за праява? Кліча жонку, сямейнікаў і апавядае ім, як апоўначы сусед выпрасіў гэты вазок, каб перавезці ў ім дзяцей да свата. Дзівіліся ўсе, але ніхто не разгадаў таямніцы.
Як узышло сонца, сабраліся ўсе рыбакі, прыехаў ксёндз-плябан[113], пакрапіў свянцонаю вадою нерат і возера. Сабраліся цікаўныя з блізкіх вёсак, усе чакалі, што з гэтага будзе. Занялі велізарную прастору пад лёдам, цягнуць нерат, і ўжо ўся сець наверсе, ды ніводнае рыбіны няма. Стаяць усе разгублена і маўчаць. І тут адзін рыбак з гэтага гурту расказаў, як нячысцік падмануў яго і пазычаў вазок, на якім, працуючы ўсю ноч, пэўна, перавёз усю рыбу ў нейкае іншае месца. Дык рыбакі забралі невад і разышліся па сваіх хатах.
З таго часу ніводзін рыбак не закідаў сеці на гэтым возеры. Знядбанае людзьмі, зарасло яно ўсё багавіннем, пакрылася навекі зялёным імхом, і толькі свеціцца здалёк невялічкае вадзяное вакенца.
А ці не чуў ты чаго-небудзь, кажа Завальня, пра Глухое возера[114], акружанае з усіх бакоў цёмным лесам, яно непадалёку ад тае рэчкі, што выцякае з Нешчарды і ўліваецца ў Дрысу? Кажуць, нават у самае добрае надворе ў тым возеры ніколі не бачаць ані сонца, ані воблакаў на небе, ані зорак, ані месяца. Там заўсёды вада каламутная, а ноччу можна пабачыць страшныя відмы. Расказваў мне адзін паляўнічы, што, палюючы на глушцоў, там заначаваў. Нібыта бачыў, як соўгаліся па берагах нейкія пачвары, бамбэлькі водныя ператвараліся ў доўгія постаці, накшталт велізарных стрэлак, і на вогненных крылах лёталі над вадою, а калі заспяваў певень у далёкай вёсцы, дык усе дзівы сталі туманам.
О! Добра ведаю гэтае возера, сказаў Родзька, і чуў я пра яго дзівосы, там і цяпер вусцішна; кабеты, часам збіраючы гуртам блізка ля тых берагоў грыбы ці ягады, стараюцца як найраней вяртацца дахаты, каб не спаткаў іх вечар у лесе, бо пасля захаду сонца смяецца там і енчыць нейкае страхоцце.
Раскажу пану дзівы нечуваныя, але было гэта на свеце.
Недалёка адсюль, на заходнім беразе Нешчарды, на ўзлобку, дзе і цяпер яшчэ стаіць маёнтак, жыў даўней пан З., вельмі багаты: усе гэтыя дзікія бары, аж да самых берагоў Дрысы, былі ягоныя. Тое Глухое возера ў цёмных лясах пачало ўжо зарастаць, ніколі там лодка не плавала, аніводзін рыбак не асмеліўся закінуць там сеці.
Узімку пану З. заманулася на тым возеры паспрабаваць шчасця, а таму загадаў паклікаць старэйшага рыбака і кажа яму:
Заўтра збірай людзей, прывозьце нерат на Глухое возера і закідвайце там. Ад пракаветных часоў там ніколі не лавілі, дык, мусіць, шмат будзе рознае рыбы.
Нельга, сказаў рыбак. Хоць я ніколі і не лавіў там, але чуў, што ў многіх мясцінах ляжаць на дне таго возера карчы, дык вельмі лёгка можна папсаваць увесь нерат.
Адкуль тыя карчы, калі там ніколі лесу не было? Заўтра, не верачы гэтай небывальшчыне, закінеш нерат.
То няхай пан перш загадае папрасіць ксяндза, гаворыць рыбак, каб пасвянціў нерат і возера, бо, прынамсі, святая праўда! нячысцік там ужо даўно пасяліўся.
Ды хіба ты яго калі бачыў, што пляцеш абы што?
Пане, запытайся ў людзей кожны ведае, якія там бываюць дзівы ўначы: страшыдлы снуюць па беразе, чуваць з-пад вады енк і смех, пасля захаду сонца адтуль самы смелы чалавек уцякае.
І слухаць не хачу вашыя забабоны дурныя. Заўтра, што б там ні было, лавіце рыбу.
Не пасвянціўшы ваду? пытае рыбак.
Няма такое патрэбы.
Заклапочаны рыбак пачухаў патыліцу і пайшоў павольна да вёскі. Абяўляе сваім таварышам панскую волю; сабраўшыся ў гурт, доўга гаманілі пра гэта, баючыся, каб не прычынілася якога няшчасця. Але трэба панскую волю выканаць. Наступнага дня прыехалі рабакі на Глухое возера і спыніліся пасярод невялікае круглае галявіны. Вакол цёмны лес, густыя яліны і хвоі хіліліся пад цяжарам снегу, і здавалася, што белыя муры акружаюць гэтую мясціну. Тут улетку аніколі вецер не ўздымаў хваляў, а зімою не кружыў снегу. Дзень быў хмурны, вакол панавала цішыня, рыбакі знялі шапкі, прачыталі пацеры, назначылі месца, дзе прабіваць палонку, і пачалі сваю працу.
Кінулі нерат і, ужо цягнучы яго, пачулі шоргат пад лёдам, сыканне і нейкі дзікі піск, нібыта там тысячы гадаў грызліся між сабою. Агарнулі рыбакоў трывога і страх, мурашкі па целе пабеглі. Аднак, трымаючыся разам, не выпусцілі з рук нерат, цягнуць, надаючы адзін аднаму адвагі ды мяркуючы, што трапілася сціжма ўюноў. А як выцягнулі з вады ўвесь нерат страх успомніць! поўная сець маленькіх дяблікаў. Крый Божа такіх і ў сне бачыць! Былі там нячысцікі накшталт ракаў з чорнаю поўсцю, іншыя як павукі, кожны з ката, іншыя падобныя да шчанюкоў, з нагамі незвычайнае даўжыні. Нельга апісаць усё гэтае страхоцце. Пацукі, яшчаркі, кажаны, краты поўзалі па лёдзе, качаліся па снезе з жахлівымі крыкамі, сыканнем і піскам. Даўмеліся рыбакі, што натрапілі на дяблава кубло. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінулі нерат, а самі ўцяклі.
А ці лавілі асташы калі-небудзь у тым возеры?
І прадзеды не памяталі, каб хто-небудзь рыбаліў там.