Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.
Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.
Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі[100], падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові да бліжняга!
У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.
У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; зязджаліся абывацелі; адны на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы[101]; другія каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; зязджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.
Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:
Domіnі emule a quo іncіpіemus?
A sіgno Sanctі Crucіs?
Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?
Est munіmentum corporіs et anіmae.
Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:
Facіamus[102].
Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў[103].
Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш:
Я прыгадваю: спевам кляшторны званочак
Сябрукоў маладых заклікаў у грамады.
Калі сэрца не чула ні мораку ночы,
Ні святла, ані лёсу завілага здрады.
Ды, на жаль, час усё ў жыцці перайначыць.
Знікла шчырая радасць, як сон мой шчаслівы,
І кляшторны званочак аціхнуў, а значыць,
Толькі ў згадках чутно, як гучыць ён тужліва.
Я ж па моры нясталага гэтага свету
Не па скарбы паплыў, што ў нязнаных прасторах,
Не па славу, каб вечна быць ёю сагрэтым,
А таму, што ўсе плысці мусяць тым морам[104].
«Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!»[105]
Рыбак Родзька
У ціхым балоце чэрці родзюцца.
Прыказка беларускага люду
Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю хвалі, а ён, нібы нырок[106], то зявіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі[107]; і ў такую буру ён няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.