Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 24.

Шрифт
Фон

 Не рві маіх кветак. Я садзіла гэтыя лілеі на сваёй магіле, палівала слязьмі сваімі.

І, сказаўшы так, знікла.

З саду пералятаю зноў у нейкую дзікую пустэчу; блукаю сярод стогадовых хвояў, ледзьве знаходжу сцяжынку, якая выводзіць мяне да нейкае велізарнае гары; хачу залезці на вяршыню, агледзець ваколіцы, убачыць адтуль вёску, дзе колісь была хата маіх бацькоў, але з усіх бакоў гары бездань, якая не дазваляе ісці далей. Тут сустракаю нейкага Волата. Ён бярэ мяне за руку, загадвае ісці за ім, выводзіць з лесу на нейкае велізарнае поле, дзе крыжуюцца дарогі, і мноства там падарожных, што едуць або ідуць пеша. Узыходзім на пагорак, дзе была магіла. На ёй стаяў драўляны крыж, а непадалёку тырчала ўбітая ў зямлю рыдлёўка. Волат загадвае мне адкапаць магілу і дастаць адтуль мерцвяка.

Ахоплены страхам, выконваю ўсе Волатавы загады, дастаю з зямлі велізарны шкілет.

 Гэта будзе тваё цела,  гаворыць мне велікан.  Мусіш плакаць у ім, пакуль не паклічуць цябе да новага жыцця

Я дрыжаў увесь ад страху, прасіў, каб даў мне спакой, але Волат моцна штурхнуў мяне, і я ўпаў на велізарныя грудзі шкілета, а разам з ім у яму. Барукаючыся са смерцю, я прачнуўся.

Бачу: я чалавек. Вопратка тая самая. Якую я надзеў колісь, ідучы на Алёніна вяселле. Не верыў, што гэта было наяве. Баяўся скрануцца з месца, абы толькі не зніклі такія салодкія мроі. Доўга быў я ў задуменні, падняў вочы да неба і дзякаваў Богу, што ўратаваў мяне ад таго жаху.

Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.


Калі гэтак апавядаў Якуш, певень заспяваў ужо другі раз. Пан Марагоўскі выняў з кішэні старасвецкі гадзіннік, падобны да сплюснутага шара.

 Ого,  кажа,  мінула гадзіна пасля паўночы. А што, пане гаспадар, ці не час ужо адпачываць? Усіх прыгод ад Якуша не выслухаеш; у яго іх на цэлы месяц, а да таго ж яшчэ любіць пагаманіць і гатовы не спаць да самага світання.

 Вялікі дзякуй, пане асэсар, што зрабіў мне гэтую прыемнасць. Скажу пану шчыра: такія апавяданні заўсёды мне да душы, асабліва калі ўмее хто іх добра расказваць. Якуш, мусіць чалавек кемлівы: і якую мае памяць незвычайную; ніводнае драбніцы з жыцця таго гаротнага Маркі не прапусціў. Але ж пан асэсар заўтра ад мяне не паедзе рана, бо як сам пан чуе, яшчэ вые вецер за сцяною, і хто ведае, можа, і заўтра будзе завіруха.

 Удзень бура не страшная, як-небудзь знойдзем дарогу. Дабранач, пане гаспадар!

Якуш пайшоў у пакой для чэлядзі; Марагоўскі у сваю пасцелю, што даўно ўжо яму падрыхтавалі. Я, пажадаўшы дзядзьку і госцю добрае ночы, пайшоў у свой пакой. Патушылі свечкі; усюды ціха; толькі выў вецер за сцяною і цвыркун абзываўся пад печчу

Успаміны пра наведанне роднага краю

Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых сяброў, настаўнікаў і маладых прыяцеляў, гэты край у памяці таго, хто жыве на чужыне заўсёды паўстае ў найпрыгажэйшых колерах; там, здаецца, яшчэ не скончыўся той залаты век, калі чалавек не разумеў, што такое нядоля і пакуты; і рэчкі там з малака і мёду. Хто ж з краёў далёкіх не сумуе па сваіх ваколіцах? Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!..

Калісьці і я спяшаў з поўначы на берагі Дзвіны, каб пабачыць тыя ваколіцы, малюнкі якіх заўсёды хаваў я ў глыбіні свае душы. Ледзь набліжуся да радзімай старонкі, здавалася мне, што дубы і хвоі кланяліся, вітаючы даўно знаёмага госця. Горы і азёры, свецячыся здалёк, нагадвалі мне розныя памяткі мінуўшчыны. Вось шуміць хуткаплынная рэчка Дрыса, бяжыць да Дзвіны праз густыя лясы і пясчаныя гаі, абуджаючы шмат згадак. На гэтым беразе было некалі папялішча.

Даўно ўжо яно ўтравела; час знішчыў на зямлі тую памятку, але яна засталася ў маёй душы, яна нагадвае мне той год, калі жыхары гэтага краю хаваліся ў лясах ад віхураў памятнае напалеонаўскай вайны[67].

Вечар быў пагодлівы; на захадзе румяніліся воблакі; на пясчаным беразе Дрысы гатавалі вячэру; гарэлі сухія хваёвыя дровы; у ціхай вадзе адбівалася полымя; знаёмыя і суседзі, сабраўшыся ў кола, сядзелі ля вогнішча; яны размаўлялі пра ўваход французскага войска ў Полацак[68], пра сутычкі і баі на Белай Русі; і спагада, і смутак, і надзея чуліся ў іх гаворцы. Мяне тым часам займалі срэбраная рыбка, якая падскоквала над чыстай вадою, птушыныя крыкі ў пушчы і вавёрка, што, забегшы на дрэва і пераскокваючы з галінкі на галінку, вабіла мяне ў лясны гушчар. Калі я пагнаўся за гэтым звярком, дык нечакана нібыта гром абазваўся далёка за борам там, дзе румяніліся на захадзе сонца воблакі. Грымела без супынку, як бы з-пад зямлі. Здзіўлены, я бягу да грамады і пытаюся:

 Што гэта? Пэўна, насоўваецца навальніца?

Мой бацька парушыў маўчанне і мовіў:

 Гэта бура ў Клясціцах[69], на Пецярбургскім гасцінцы; з далёкіх краёў прыйшла яна сюды, сеючы свінцовым градам; дарэмна імкне на поўнач: і там моцныя вятры і маразы спаткаюць яе.

На тварах ва ўсіх відаць была трывога; палахлівыя кабеты са слязьмі на вачах шапталі пацеры: ім думалася, што там кожны стрэл разлучае з жыццём некалькі дзесяткаў чалавек. Яны дрыжалі, нібы перад Страшным Судом, і тая бяссонная ноч прайшла ў размовах. Старыя ўспаміналі мінулае, загадвалі пра будучае; нейкая надзея кволілася ў іх думках. Я ж на крылах хацеў бы ляцець туды, каб убачыць той тэатр вайны і смелых вояў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3