Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 20.

Шрифт
Фон

Сямён правёў яе дадому і адтуль зноў ідзе на паляванне. Толькі ўжо не сустрэў яго ў лесе чорны сабака.

Убачыў цецерука; стрэліў, але заместа птушкі пень гнілы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць.

Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну. Не давалі спакою не толькі дома, але і на гасцінах. Калі завітваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, зяўляўся перад ім немаведама адкуль вуж.


У гэты момант нехта загрукаў у браму, і сабакі забрахалі. Выбег парабак і, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскі[64]. Пан Завальня саскочыў з ложка, хуценька апранаецца, каб павітаць госця.

 Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня,  сказаў Марагоўскі. У такую завіруху твой дом адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.

Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.

 Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня,  сказаў Марагоўскі. У такую завіруху твой дом адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.

Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.

 Я перашкодзіў, але маю чалавека, які заменіць усіх. Мой фурман Якуш любіць расказваць прыгоды хоць бы і цэлую ноч; няхай толькі коней выпража. Ах, як я замёрз!

Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на вячэру.

 А што, пане асэсар[65], можа, кроплю гарэлачкі? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай адпачне ад вучэння і перабачыцца з роднымі.

 А пан дзетак сваіх Стася і Юзіка будзе забіраць дадому?

 Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.

 Даручы мне, я забяру.

 Вельмі буду ўдзячны, калі пан такі ласкавы.

Пасля пан Марагоўскі, загаварыўшы да мяне, прасіў, каб на Каляды прыехаў і пабыў колькі дзён у яго: паклікаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якімі прыемна мне будзе прабавіць час.

Хутка прынеслі вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне нахвальваў:

 Нябож мой, Янка, відаць, часу ў езуітаў не марнаваў: шмат цікавага з розных ксёнжак ведае.

 А ці любіць нашы беларускія казкі?

 Калі тут нядаўна колькі падарожных сялян апавядалі, што выпала ім бачыць або чуць у жыцці, дык я запрыкмеціў, што Янка толькі іх і слухаў. Ён любіць такія гісторыі, але ж, праўда, і гісторыі былі цікавыя: пра чары ды пра людзей, што пабраталіся са злым духам.

 Вось і мой фурман Якуш шмат бачыў і чуў у сваім жыцці. Пачне апавядаць Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з першага позірку іх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух ваўкоў, што спыніліся паблізу ад дарогі. Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Якуш павярнуўся да мяне і закрычаў: «Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі забеш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за гэта і пан адкажа перад Богам». Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкі ўцяклі.

Пасля вячэры паклікалі Якуша.

 Ну, Якуш,  сказаў Марагоўскі, за тое, што гаспадар быў ласкавы пусціць нас на начлег у гэтую лютую буру, раскажы што-небудзь пра ваўкалакаў, толькі глядзі, кажы праўду.

Апавяданне чацвёртае. Ваўкалак

 Не ўсё нам у жыцці выпадае бачыць, але раскажу тое, што пачуў ад свайго суседа: пра гаротніка, якога чараўнік перавярнуў у ваўка і які шмат гадоў пакутаваў, блукаючы па лясах.

У адной мясцовасці, недалёка ад горада Невеля жыў селянін; ведалі яго суседзі, і іншыя яго памятаюць; зваўся ён Марка; дзіўнае было ягонае жыццё; ніколі не бачылі яго вясёлым, заўсёды маркоціўся, быў неспакойны, быццам штосьці страціў; любая грамада была яму не да душы. Калі людзі ідуць на кірмаш, пагуляць, паскакаць або збіраюцца ў вольны дзень на ігрышча ля карчмы, дык ён, самотны, заўсёды ці то ў хаце, ці то блукае дзе-небудзь у полі задумлівы і журботны.

Сёй-той пытаўся ў яго, чаму ён такі, і заўсёды Марка адказваў:

 Шмат я пакутаваў. Нішто мяне ўжо на свеце не займае. Памёр я для свету.

Мой сусед сябраваў з ім, і Марка яму так аднаго разу апавядаў пра сваё жыццё:

 Былі часы, калі я быў вясёлы; аніводная забава, аніводзін кірмаш не абыходзіліся без мяне; гулі і скокі былі ў мяне ў галаве; але гэта не доўга трывала.

Пазнаёміўся я з Алёнаю. Гожая была дзяўчына, дачка заможных бацькоў. Упадабаў яе больш за ўсіх іншых дзяўчат, якіх ведаў; стараўся часцей яе бачыць, бываць у хаце ў яе бацькоў, паказваючы кожны раз маю прыхільнасць. Прыгарнулася і яна да мяне. Праз гэта маё няшчасце і прычынілася.

Багата хто да Алёны заляцаўся ды хацеў за жонку ўзяць, а найпершы быў Ілля. Выведваў ён пра ўсё і дакладваў пану, за што і меў ад яго ласку. Пан яму ва ўсім больш дазваляў, чым іншым; у любую пару меў права лавіць рыбу ў панскіх азёрах, танна купляў жывёлу і выгадна прадаваў; часта пасылалі яго ў горад купіць што-кольвек для двара, і кожны раз ён нешта клаў у сваю кішэню. І гэтак, ашукваючы ў гандлі і абкрадваючы пана, зрабіўся Ілля багатыром; меў шмат прыяцеляў і ласку ад пана, бо той меў яго за самага надзейнага лёкая, любіў і верыў яму больш, чым каму іншаму.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3