Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 2.

Шрифт
Фон

Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрнае вады. Там вясна рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак Гэтая дзівосная суладнасць і гэты канцэрт прыроды пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.

І цяпер гэтыя мясціны, дзе ў маленстве я бачыў столькі цудаў прыроды, гэтыя гаі, гэтыя зялёныя берагі Нешчарды памяць малюе мне, нібы прыснёны сад. Прыпамінаю народныя апавяданні пра паданні гэтага краю, пра горы, дрэвы, Нешчарду, якія ходзяць сярод люду; і хоць у яго апавяданнях цяжка знайсці поўную праўду, аднак можна бачыць нейкі след мінуўшчыны гэтага краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцінах можна назіраць валы, узнятыя чалавечаю рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якія не ўспомніў аніводзін гісторык. Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у ценю шумлівых хвояў спачывае там які-небудзь ваяўнік, імя якога даўно забытае. Я няраз чуў аповяды простага народа пра даўнія войны, але да іх столькі дамешана казак і цудаў, што застаўся толькі слабы след мінуўшчыны, без імёнаў дзейных асоб. Раскажу адно простанароднае паданне гэтае ваколіцы.

На паўднёвым баку возера Нешчарды ёсць гара, якую з трох бакоў амывае вада, на той гары драўляны маленькі касцёлак і некалькі хвояў. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі срэбныя манеты, шкляныя прадметы, якія выкарыстоўваліся як упрыгожанні, іржавыя рэшткі разнастайнае старасвецкае зброі. Кажуць, на той паўвыспе быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ў ім уладарыў, невядома. Тамтэйшы люд, які жыве ў аддаленых лясістых ваколіцах, доўга не ведаў нападаў розных плямёнаў, што блукалі ў гэтым краі дзеля рабунку. Праз некаторы час страшны волат, якога звалі Княжа[13], прываблены да берагоў Нешчарды надзеяй на багаты рабунак, аблажыў з велізарнай хеўраю разбойнікаў гэты горад, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у касцёлах паабдзіраў абразы і спляжыў ахвяравальны посуд, нават касцёл зруйнаваў, а званы ўтапіў у возеры і з натоўпам сяброў атабарыўся ў спустошаным горадзе. Аднак Бог дзівосным чынам абвясціў сваю кару блюзнерцам. Званы, затопленыя на дне возера, штодзень на захадзе і ўсходзе сонца абуджалі глухое маўчанне на дзікіх берагах Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклі паветранымі шляхамі, а сарны і ласі, дрыжучы ад страху, пахаваліся ў далёкіх пушчах. Апоўначы лятала чума, падобная да чорнага шара, і дзе яна дакранулася да сцяны, з гэтага дому ўжо ніхто не выходзіў жывы, і такім чынам вымерла ўся дружына Княжа; сам ён, перапалоханы, пакінуўшы ўсе багацці, закапаныя ў гары, уцёк з некалькімі сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ і зараз паказвае аграмадны курган, які называецца Магілай Княжа[14].

Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж болей плён фантазіі ды меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках альманаха «Nіezabudka»[15], а менавіта: «Дзявочая крыніца»[16], якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве бярозы»[17], якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы»[18]; «Русалка»[19], ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:

Гусанькі, лябёдэнькі,
Скіньця мне па пёрэчку,
Я з вамі полечу.

Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сіраты над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы,  яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут зяўляецца некалькі жыдкоў[20] са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда[21]. Распачынаецца музыка[22] пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:

Слава тобе, Хрыстэ цару,
Што мой муж на цмэнтару,
І бяды позбылася,
І гарэлкі напілася.

Або таксама:

Калі ж тая серада прашла,
Як ня еўшы на прыгон пашла,
Весь дзень жала, ня лянілася,
Злому войту пакланілася;
А цяпер жа ні а чом тужыць,
І войт пяный у карчме ляжыць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3