Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 18.

Шрифт
Фон

 Мой брат выючы праімчаў паўз маю хату і паляцеў гуляць па шырокіх палях і густых лясах. Хутка і я за ім туды падамся.

Чуючы гэтыя ягоныя словы, перапалохаліся ўсе, і жонка пачала плакаць. А калі Антон сказаў Васілю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, той грукнуў са злосцю дзвярыма і выйшаў з хаты.

Аднаго дня пад вечар ідзе ён у карчму і там сустракае старых сваіх сябрукоў, з якімі колісь гуляў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра падпіў, кажа ім:

 Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся дяблам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?

Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:

 Вось дакажу, што не баюся прывідаў!  Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў на пагорак да Цмокавага Каменя. І адтуль ужо не вярнуўся дадому.

Мінаюць дні, тыдні, месяцы Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.

Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і Лесуноў смех. Рознае гаварылі. Васіль жа згінуў назаўсёды.

Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку ні ўдава, ні замужніца.

 Вось да чаго даводзіць пянства і зухаватасць,  сказаў пан Завальня.  Меў добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, жыў бы спакойна сабе.

Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вітацца на полі з віхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожны мусіць быць маладзён. Заўсёды, перш чым што рабіць, трэба падумаць.

 Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правініўся, калі назваў братам віхор? І цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калі б я сказаў яму: «Ляці, браце, на поўнач, можа, і я за табою хутка падамся», які ў гэтым грэх?

 Называй братам толькі такога, як сам. А пра віхор просты люд кажа, што гэта дябал ездзіць па полі і часам шкоду робіць.

Калі так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку і ківаў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.

 Ну, цяпер нам трэці раскажа, што бывала калісьці на свеце. Слухайма.

Апавяданне трэцяе. Вужовая карона

Апавяданне трэцяе. Вужовая карона

 У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў вартаваць лес, хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім вялікім святам, накажуць з маёнтка.

Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:

 Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды ідзі на ловы.

Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца туляўся па пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якіх шукаў, толькі вецер шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, і Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабіць.

Сеў ён на калоду і думае сабе: «Кепска будзе; пан не дасць веры, што я шчыраваў на ўсю поўніцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланіўся б і нячысціку, абы толькі паспрыяў мне сёння».

Ледзь гэтак падумаў выбег аднекуль велізарны чорны сабака, сеў перад лоўчым і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Сямён кліча яго да сябе, але сабака не рушыць з месца, а толькі глядзіць як шалёны; ахінуў лоўчага неспакой, і дрыжыкі пабеглі па целе. І тут бачыць: выходзіць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца і ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнічага і гаворыць такія словы:

 Бачу, што торба твая пустая і твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.

 Хадзіў два дні па лесе, змарыўся сам, і сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося аніводнага разу стрэліць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалі мне да нядзелі прынесці дзічыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!

 Не журыся,  кажа незнаёмы,  паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра 14 верасня[63], дык увечары ідзі на Ласіную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогі, бо сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблізка; стаіць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на світанні і ўбачыш, што схілы яе пакрытыя вужамі; не палохайся, яны чапаць цябе не будуць; між іх сустрэнеш Вужовага караля. Пасцялі перад ім белую хустку, укленч і пакланіся; ён кіне табе на хустку сваю Залатую Карону і з грамадою сваіх вужоў пойдзе ў зімовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: ідучы ўначы на Ласіную гару, не палохайся нічога і нічому не дзівіся, іначай дарэмны будзе твой клопат.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3