А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.
Дай дарагое. І кідае колькі грывеннікаў[59] на стол.
Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.
Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і закрычаў:
Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо пеш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!
Васіль паглядзеў са злосцю.
З табою, кажа, ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.
Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?
Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.
Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім паслухайце! раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.
Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.
«Будзе дрэнна, падумаў сабе. Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.
На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.
Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.
На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.
Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя пяніцы шкоды мне нарабілі!
Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за пянства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.
Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.
Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.
Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.
Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці[60], бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, падай яе пану аканому і прынясі марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.
Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў і паехаў.
Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з дяблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.
Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з дяблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.