Пасля гэтага Саматніцкі зноў нейкі час сядзеў нерухома, нібы ў ім ужо не было іскрынкі жыцця; Зянон глядзеў на яго колькі хвілінаў, потым, каб абудзіць з гэтага летаргічнага стану, запытаўся:
І ў тым зямным раі не знайшоў ты забыцця?
Ён раптоўна прахапіўся і сказаў:
І ў пакутах не знайду.
Я б хацеў пабачыць той гожы край.
Хто мае душэўны спакой, той усё бачыць у прыгожых колерах.
Ці доўга ты быў на Падоллі?
Першымі днямі верасня я падаўся далей, ішоў праз дзікія і пустыя стэпы. Зазнаўшы шмат невыгодаў і смутку, я дабраўся да Чорнага мора, да Адэсы.
Адэса горад, пабудаваны па новай модзе: вуліцы шырокія, ходнікі для пешаходаў зручныя, дамы і касцёлы пекнае архітэктуры; наведваючы парты, рынкі ды розных гандляроў ва ўсіх кутках горада, я хацеў як хутчэй пазнаёміцца з панам Рыльцам, але ні ад каго не мог даведацца, дзе ён жыве. Нават і жыд-фактар, добра ўзнагароджаны, пытаючыся і адных і другіх, не змог мне дапамагчы; я ўжо пачаў адчайвацца, мяркуючы, што не пабачу яго і не даведаюся пра таямніцу каляровых водаў, якія я так старанна захоўваў у часе доўгай і цяжкай вандроўкі.
Паблізу мае кватэры на грэцкай вуліцы быў тракцір[193], дзе штодня і ва ўсялякі час можна было бачыць мяшчан, якія збіраліся дзеля камерцыйных інтарэсаў. Бываў і я там, і, як у тэатры, любіў прыглядацца да прадстаўнікоў розных народаў; у кожнай грамадзе, за кожным сталом гучала іншая мова, вялася гаворка па-нямецку, па-грэцку, па-італьянску.
Чытаючы пры гарбаце газеты, я слухаў перамовы купцоў, камісіянераў ды рознагалосыя апавяданні чужаземцаў. І вось зайшоў чалавек з задумлівым тварам, сярэдняга росту, каржакаваты, густабровы, і хоць з выгляду яму было за пяцьдзесят, хоць яму можна было даць за пяцьдзесят гадоў, выглядаў ён здаровым і дужым. Незнаёмец загадаў прынесці гарбаты, расклаў перад сабою паперы, на якіх было нешта намалявана, абапёрся на руку і, узіраючыся ў тыя паперы, паглыбіўся ў думкі; некаторыя, заўважыўшы гэта, падыходзілі да ягонага стала, з цікаўнасцю пазіралі на малюнкі ды на чалавека і адыходзілі, адны са здзіўленнем, іншыя з усмешкаю. Ён жа, падумаўшы нейкі час, пацёр лоб і прамовіў:
Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалі былі адны дзівосы, у будучым будуць іншыя.
Сказаўшы гэта, ён склаў паперы і пачаў наліваць сабе гарбату. Сядзячы побач і чуючы з ягоных вуснаў польскія словы, я, каб даведацца, хто гэта такі, загаварыў з ім:
Пан прыезджы ці тутэйшы жыхар?
Я жыхар-падарожнік, як і ўсе людзі, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.
Не магу, кажу я, знайсці кватэру пана Рыльца, ніхто яго тут не ведае.
Гэта спакайней для чалавека, калі яго ніхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нібы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.
Быў на Ўкраіне ў садзе Гайнара і маю ад яго нейкія каляровыя воды для пана Рыльца.
Я Рылец, паведаміў ён, і твар ягоны праяснеў. Ты быў на Ўкраіне, пазнаёміўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмі мне патрэбныя. Калі ласка, хадзем у хаціну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.
Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпіць гарбату; потым мы выйшлі з тракціру. Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкі каляровых водаў, і мы селі на дрожкі; не даехаўшы да херсонскае рагаткі, завярнулі да марскога берагу.
Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных і ўсходніх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлі ў пакой, дзе было некалькі старых крэслаў, дзве старасвецкія дубовыя шафы і два дубовыя сталы; на адным з іх ляжалі нейкія груды пяску рознага колеру, кавалкі вапны з закасцянелымі ракавінамі, рыбаю і гадамі, косці, шкілеты нейкіх звяроў ды птушак, нейкія малюнкі страшных пачвараў, дзіўных і нябачаных стварэнняў; на другім стале кнігі ў старой і новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку:
Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне малюнак бурлівага мора; я люблю тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пеністыя валы і на чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць і паэзію нашых украінскіх вешчуноў. У мяне ёсць кніжка Багдана Залескага[194], з якім ніхто не параўнаецца ў лёгкасці і пекнасці верша; ёсць чуллівая народная аповесць Мальчэўскага[195] «Марыя»; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага[196], народныя песні Падуры[197]; ёсць вершаваныя творы Канстанціна Піятроўскага[198], яго аповесць «Юля Патоцкая», дзе ў страшных, але праўдзівых малюнках паказаны казацкія войны, ёсць поўныя чуцця вершы і яго пераклады асобных санетаў Шэкспіра на польскую мову у іх захавана ўся чароўнасць арыгінала і з вялікім талентам пераадолены цяжкасці гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькі каб развеяць маркотныя думкі, звычайная ж мая праца даследаванне прыроды мінулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлі, косці, шкілеты, чарапы, усялякія акамянеласці. Каляровыя вадкасці, якія ты прывёз, мне вельмі патрэбныя: вось сапфіравая гэта вада холаду, яна ўсё збірае ды сціскае; чырвоная вадкасць вада агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаванні, калі табе будзе цікава ўбачыць дзівосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямніцу водаў і цудоўную іх моц.