Князь вяртаўся на радзіму, у сваю дзяржаву, якой прысягнуў на вернасць. Ён ведаў, што трэба рыхтавацца да доўгай і зацятай барацьбы, што за незалежнасць давядзецца плаціць тысячамі жыццяў.
Павыколваўшы вочы ды пасцінаўшы галовы Чарадзеевым прыхільнікам, князь Ізяслаў з польскімі дружынамі рушыў з Кіева на Полацк. Усяслаў з купкаю найбліжэйшых прыдворных мусіў ратавацца ў фінскага племені водзь, адкуль, магчыма, паходзіла яго маці. Вадзякі былі паганцы, а таму прынялі князя-вешчуна гасцінна і далі яму войска дзеля паходу на Ноўгарад.
Крывіцкіх ваяроў Усяслаў пад рукою не меў, а фінскія не вытрымалі націску ноўгарадцаў і пабеглі. Князь трапіў у палон, але адразу ж выйшаў на волю. Ноўгарад памятаў, як тры гады таму палачане рабавалі горад, як грузілі на калёсы сафійскія званы, ды пачуццё помсты перамог палітычны разлік. Нават гнаны і палонны, Чарадзей быў небяспечны вораг, бо за ім стаяла Полацкая дзяржава. Такога выгадней адпусціць няхай ваюе з Кіевам.
I Чарадзей ваяваў. На два гады знікшы з відавоку летапісцаў у 1074-м ён раптоўным ударам выгнаў з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка.
Дзённы пераход коннага войска складаў тады паўсотні кіламетраў, а калі ваяры ехалі ўлегцы, з запасным канём на повадзе, дык маглі за летні дзень дапясці з Віцебска да Полацка прайсці ўдвая болей. Галоўнай вайсковаю сілай была конніца з княжых дружыннікаў. На ўзбраенні яны мелі дзіды, мячы, вялікія шчыты-тарчы, на бліжні бой сякеры, кісцяні, паліцы-шастапёры. Наперад у паходзе высылалі «старожы», што імкнуліся захапіць языка. Абавязкова дзейнічалі выведнікі. Воіны нярэдка мусілі рабіць масты і масціць грэблі. Кальчугі, панцыры, шаломы усё цяжкае ўзбраенне ўсходнеславянскія дружыны заўсёды везлі асобна і надзявалі толькі перад небяспекаю. У арсенале вайсковых хітрасцей былі засады, падманныя ўцёкі, несапраўдныя станы з яркімі вогнішчамі. Перад боем на адкрытым месцы войска шыхтавалася: пасярод стаяў галоўны полк, які называўся чало, па баках крылы. Адрознідь дружыны славянскіх князёў па знешнім выглядзе было цяжка, таму вялікая роля належала баявым харугвам і бунчукам.
Калі здабыць горад прыступам не ўдавалася, войска пачынала аблогу. Варожыя ўмацаванні абносілі тынам, або будавалі астрог, за якім хаваліся лучнікі. Пад прыкрыццём іх стрэлаў абложнікі падцягвалі камнямётныя машыны парокі. Камяні з іх (адзін такі снарад, выжыльваючыся, падымалі два чалавекі) ляцелі на паўтара палёта стралы. Камнямёты маглі стаяць і на сценах, што ў тыя часы былі зазвычай драўляныя. Наблізіўшыся да горада, абложнікі завальвалі роў хлудам ды ссечанымі дрэвамі. У зробленых парокамі праломах завязвалася рукапашная. Ваяры лезлі па драбінах угору, адтуль на іх ляцела бярвенне і камяні, лілася гарачая смала.
Праз колькі гадоў пасля выгнання Святаполка на Полацк пайшоў вайною вядомы ў гісторыі Уладзімір Манамах, тады князь чарнігаўскі і смаленскі. Ласы кавалак быў не па зубах, і ў наступным, 1078 годзе Манамах сабраў дружыны ўсіх паўднёвых княстваў, паклікаўшы на падмогу ноўгарадцаў і палавецкую арду. I зноў адно аблізнуўся: Полацк выстаяў. Адступаючы, ворагі палілі і рабавалі полацкія воласці. У бяссілай лютасці яны дазвання знішчылі крывіцкі горад Одрск, які так і не быў адбудаваны.
Усяслаў з Манамахам сутыкнецца яшчэ няраз. Той нападзе з полаўцамі на Менск і не пакіне там «ні чалядзіна, ні скаціны». Будуць і іншыя бітвы, але, калі ўсходнеславянскія князі збяруцца ў 1097 годзе на зезд у Любечы, каб дамовіцца кожнаму трымаць «вотчину свою», Чарадзей не прыедзе. Ён не меў патрэбы нешта з некім дзяліць: ёсць дзяржава, дзе мірна жывуць хрысціяне і паганцы, ёсць войска, што абароніць княства ад любога ворага.
Не будзе палачанаў і на двух наступных княжацкіх зездах, што мелі на мэце захаваць хаця б выгляд адзінства Кіеўскай Русі у 1101 годзе ў Віцічаве на Дняпры і ў 1103-м «у адзіным шатры» на беразе Далобскага возера.
Непрыхаванай варожасцю да Полацка і яго князя дыхаюць радкі кіеўскіх летапісаў. Не можа Кіеў заваяваць палачан, дык хоць выставіць іх зямлю кублом агіднае Богу нечысці. Пад 1092 годам зяўляецца паведамленне пра страшныя дзівосы на берагах Палаты, якое трапіла потым у многія летапісы.
«У Полацку зусім благое прычынілася. Уначы на гарадскіх вуліцах чуліся як быццам енкі людскія, тупат ды конскае гігатанне. Гэта гойсала па горадзе дяблава сіла. Хоць ніхто з палачанаў наўласныя вочы не бачыў што там чыніцца, але хто выйдзе з хароміны ці проста вакно прачыніць, той хутка паміраў ад нябачнае раны, якую яму сваім уколам дябал зрабіў. Калі ж пакінулі палачане ўначы выходзіць з харомінаў, дяблава сіла пачала ўдзень лютаваць. Сярод стогну, плачу і тупату каналі людзі ў Полацку і ў воласці. Нібыта цэлае войска дяблава скакала па зямлі на конях сваіх, нябачнае вачам людскім, пакідаючы за сабою толькі сляды капытоў. Тады і пачалі казаць у народзе: «Як мерцвякі бюць палачанаў»».
Называецца гэты аповед «06 устрашениях и мечтах бесовских в Полотску при князе Всеславе» відавочны намёк на прыхільнасць Чарадзея да паганства.
Прадоўжыць размову на гэтую тэму, адгарнуўшы невядомыя старонкі Усяславага жыцця і характару, дазваляе дакумент, які беларускі гісторык Марына Ліннікава нядаўна адшукала ў кнігасховішчы Маскоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва старажытных актаў. Знаходку можна назваць сенсацыяй. У рукапісе XVII стагоддзя даследчыца выявіла памылкова пераплецены туды аркуш з іншым тэкстам. Уявіце яе хваляванне, калі ўжо ў першым радку вока сустрэла імя вялікага князя Усяслава Брачыславіча.