Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі стр 22.

Шрифт
Фон

Колькі разоў каяўся Усяслаў за сваю даверлівасць па дарозе ў Кіеў і потым, у жудаснай земляной турме-порубе, куды яго кінулі, закаваўшы ў кайданы. Намеры Яраславічаў зразумелыя згнаіць, звесці Рагвалодаў корань са свету, учыніць тое, што рабіў ды не скончыў Уіадзімір з ваяводам Дабрынем. На літасць крывіцкі князь не спадзяваўся ведаў, які прыклад даў спадкаемцам сам Яраслаў Мудры: пасадзіў у поруб роднага брата Судзіслава, і сядзеў ён там чвэрць стагоддзя, пакуль не пачаў дыхаць на ладан. Толькі тады выпусцілі пляменнікі дзядзьку на божы свет, каб праз манаскі зарок вырваць адмову ад усякіх княжых правоў. Такі, а мо і страшнейшы лёс чакаў і Рагвалодавічаў.

Вязніца сырая яма, накрытая зверху ў тры накаты бярвёнамі з маленькім вакенцам, праз якое ледзьве точыцца паветра ды прасоўваюць палоннікам хлеб з вадою. Наперадзе безнадзейнасць, і, здаецца, лепей перагрызці зубамі жылы ды сплыць крывёю, чым ператварыцца ў лядачага старога і бачыць, як гасне жыццё ў сынах. Але князя трымала на гэтым свеце думка пра Бацькаўшчыну, якую рабавалі кіеўскія стаўленікі. Трымала і надзея на паганскіх багоў, з якімі Чарадзей ад нараджэння стараўся жыць у згодзе: не крыўдзіў вешчуноў, не руйнаваў капішчаў, будаваў над Дзвіною свой хрысціянскі сабор, ды здымаў званы з сабора ноўгарадскага.

Якому богу маліўся князь, у каго прасіў збавення ад палону невядома. Аднак праз год вызваленне прыйшло.

У 1068 годзе на кіеўскую зямлю ўварваліся полаўцы. Яраславічы выйшлі насустрач і былі ўшчэнт разбітыя. «За грахі нашы наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі»,  выводзіў летапісец, успамінаючы вераломства пад Оршаю.

Кіяне сабраліся на веча і запатрабавалі ад князя коней і зброі. Ізяслаў пабаяўся, што, перш чым ісці на полаўцаў падданыя расквітаюцца з ім самім. Вечавыя паслы вярнуліся ні з чым. У разюшаным чалавечым збоі ўсё часцей выгуквалі імя зняволенага ненавісным Ізяславам полацкага князя. Расійскі гісторык В. Тацішчаў адзначаў што кіяне пачалі дамагацца вызвалення Усяслава «яко искусного в войне» і патрабавалі адправіць яго «против неприятеля».

Палова натоўпу пабегла да поруба, другая рушыла на вялікакняжацкі двор. Кіеўскія баяры раілі свайму гаспадару паслаць верных людзей, каб падманам завабілі Усяслава да вакенца і працялі мячом. Ізяслаў не адважыўся загадаў сядлаць коней.

«Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы на пятнаццаты дзень верасня,  сведчыць летапіс,  і праславілі яго пасярод княжага двара. Двор жа разрабавалі, безліч золата і срэбра ў манетах і злітках забраўшы». Ёсць падставы лічыць, што выбаўленню полацкага князя з вязніцы і абранню яго на велікакняжацкі пасад спрыяў ігумен Кіева-Пячорскага манастыра Феадосій. Вядома, што Чарадзей быў у прыязных дачыненнях і з адным з самых адукаваных людзей таго часу Антоніем Пячэрскім.

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Яшчэ раз дадзім слова летапісцу, узгадаўшы перад тым падзеі лета 1067 года, калі полацкі князь прыехаў да Ізяслава на перамовы пад Оршу і быў захоплены ў палон. «Гэтым,  апавядае пра вызваленне Чарадзея летапіс,  Бог паказаў сілу крыжа, бо Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў Усяслава. Таго ж выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Усяслаў уздыхнуўшы, сказаў: «О, святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з гэтай вязніцы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і на зямлі будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаныя сілы дябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае і аберагае Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа». Як мы пазней убачым, найбольш уважліва прачытае гэтыя словы Усяславава ўнучка Еўфрасіння.

Усяслаў Брачыславіч стаў вялікім кіеўскім князем. Адмерана на гэта яму было мала усяго сем месяцаў. Ды на тое ён і Чарадзей, каб за месяц паспяваць столькі, на што іншаму і года мала. Зрабіў з Кіева імклівы паход на Тмутаракань, набыў там коней, якіх не хапала дзеля адпору «паганым». Напрыканцы таго ж года полаўцы адчулі сілу новага кіеўскага ўладара і, разгромленыя, адступілі ў сваё Дзікае Поле. Можа, у тыя сем месяцаў Усяслаў і заслужыў у аўтара «Слова пра паход Ігаравы» пахвалу за дзяржаўны розум і справядлівасць: «Всеслав князь людем судяше, князем грады рядяше»?

Зрэшты, ён не збіраўся надоўга затрымлівацца на кіеўскім пасадзе. Чужы горад, ненадзейная дружына, варожае баярства. Адмовіліся плаціць даніну ноўгарадцы, касавурацца паўднёвыя князі. Збеглы Ізяслаў таксама не хацеў развітвацца з вотчынай і набліжаўся да Кіева з войскам цесця, польскага караля Баляслава. На каго Усяслаў мог разлічваць? Адно на просты люд, што абвясціў яго сваім валадаром.

Князь вёў дружыну на Ізяслава, а праз сотні вёрст яго ўладна клікалі званы полацкае Сафіі. Апрача іншых прычын вяртання Усяслаў бачыў небяспеку полацка-польскай вайны. Пад Белгарадам ён таемна ад кіянаў пакінуў войска і накіраваўся ў Полацк. Аўтар «Слова» сказаў пра тыя падзеі надзвычай вобразна:

Ha сёмым веку Траяна
кінуў жэрабя Усяслаў маўкліва на любую сваю абраную.
Ды хітрасцю асядлаў коней рана
і скочыў да горада Кіева,
і дакрануўся дзідаю да залатога прастола кіеўскага.
Скочыў ад іх лютым зверам
апаўночы з Белгорада, сінім воблакам ахінуўся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3