2 студзеня 2000 году Вільня была ціхая, спакойная і прыбраная сьвежым сьнегам. Прынамсі, гэтак было на Ліпоўцы, дзе мы селі ў машыну і паехалі за дзесяць км ад Вільні ў бок беларускай мяжы.
***
Я сяджу на пачэсным месцы леваруч ад старэйшыны сямейнага кляну, 78-гадовага дзеда грэнадэрскай выпраўкі. Дзед адзіны, хто гаворыць са мной па-расейску. 2 студзеня Народзіны дзядзькі Марэка, таму сямя сьвяткуе. Пры стале дзед, дзядзька, ягоная жонка, іхняя дачка, два хлопчыкі-ўнукі, Марэк і я. Налягаю на вяндліны з кіўбасамі ды збольшага памоўкваю. Першыя пытаньні задавалі па-расейску, тады па-польску, але цяпер усе (апроч дзеда) гавораць па-беларуску (і як гавораць! у сэнсе мовы). Памоўкваць я памоўкваю, хіба ўжо пасьпеў распавесьці любімы віленскі анэкдот:
Dzien dobry, Maryla, jak sie masz?
Ганька, сёньня ж не нядзеля, можна па-просту.
А таксама ўсе ўжо выпілі за мой тост: Жыве Беларусь!
А пем мы ня піва, пем самаробную гарэлку. А таму я больш закусваю ды імкнуся як мага дыпляматычней адказваць на пытаньні пра жыцьцё ў Беларусі. А глядзяць у сямі БТ і вельмі зайздросьцяць грамадзянам РБ. Сямі жывецца цяжка: у іх прыватны бізнэс два мікрааўтобусы і вялікі хутар з гаспадаркай. Я акуратна тлумачу, чым адрозьніваецца інфармацыя БТ ад рэальнага жыцьця.
Ды ён жа нацыяналіст! выгукае Марэк.
Справа ў тым, што мы з Марэкам ужо не такія сябры, якімі былі ў павільёнчыку. Пакрысе далейшыя размовы са мной прывялі Марэка да правільнай высновы, што я нацыяналіст. Выснова шакавала Марэка, а мяне шакавала тое, што Марэк шакаваны сваім адкрыцьцём.
Але тут, за сталом, я ў поўнай эўфарыі. Я па-за сьпёртым паветрам РБ, у вольнай краіне, за добрым сталом, сярод простых беларускамоўных людзей! Учорашнія блуканьні вакол вакзалу падаюцца дурнаватым сном. Праўда, дзед усё кіпяціцца: не хавае сумневу. І ўрэшце наўпрост пытаецца пра маё стаўленьне да Лукашэнкі. Я адказваю, за якую частку цела падвесіў бы І ўмэнт вылятаю з-за стала! Дзед трымае мяне за каўнер і цягне да выхаду. Жанчыны войкаюць, шэптам выбачаюцца за дзеда і нясуць за мной вопратку. На двары Марэк прапануе пабіцца (але ў мяне баліць нага ды вабшчэ), і праз хвіліну я ў кумпаніі праважатых-дзетак тэпаю празь сьнежнае поле пад ясным студзеньскім сонцам у бок Менскай шашы.
Сьвята атрымалася.
***
P.S.: Празь некалькі дзён мне са Жмудзі ў Менск затэлефанаваў прыяцель Міндаўгас:
Ведаеш, вечарам першага студзеня па тэвэ паказвалі наведнікаў паліцэйскага пастарунку, зьнятых схаванай камэрай. Дык адным зь першых быў нейкі варят-беларус, які хацеў пераначаваць у паліцэйскім пастарунку. Во сьмяяліся!
А то! У Вільні і не такіх прывідаў пабачыць можна.
Патаемнае жаданьне
I. Калядная Паштоўка
Бывае сон усё роўна як фонавае мармытаньне тэлевізара, прачнуўся выключыў і забыўся на той сон. А бывае, суткамі ня можаш вынырнуць з убачагана сну. Углядаесься ў навакольную рэчаіснасьць, нібы рыбка праз шыбіны акварыюма.
А яшчэ бывае: раптам спасярод дня прамільгне згадка пра нейкі з тваіх колішніх сноў, жахлівых ці салодкіх. Прамільгне і зьнікне. Ты сілісься ўзгадаць і ня можаш. І яшчэ бываюць сны, на якія не забудзесься ніколі.
Мая гісторыя пачалася за тыдзень да Калядаў. Сякія-такія справы прывялі мяне ў адно мястэчка. Дакладней, у гарадзкі пасёлак. Там спазьніўся на вечаровы цягнік, а наступны меўся быць толькі раніцой. У роспачы я пайшоў бадзяцца па засьнежаных вуліцах. Была нетыповая для канца сьнежня ноч. Спакойная, крыху марозная, але галоўнае ясная.
Я блукаў сярод крываватых драўляных дамкоў, сярод нягеглых двух-пяціпавярховікаў. Я мог пайсьці ў адзіную ў г.п. рэстарацыю, у адзіны гатэль альбо затуліцца на вакзале. Такім жа нягеглым, як дамкі і будынак ДК, дзе ў тамтэйшай рэстарацыі віравала пераднавагодняе жыцьцё пасялкоўцаў. Але я паволі йшоў па вулках, паліў і прыдумляў тэкст для новай песьні. Магчыма, вы ведаеце наш рок-гурт, які зьявіўся на сцэне ў самым канцы тысячагодзьдзя. Калі вы любіце цяжкую альтэрнатыву, дык чулі нас і бачылі на айчынным TV дакладна. Нашыя афішы рэгулярна зьяўляюцца ў многіх гарадах краіны і нават замежжа. І вось тым разам я прыяжджаў у г.п., каб дамовіцца зь мясцовымі лабухамі на невялікую суму арэнды апарату.
Калі йдзеш па пустэльнай засьнежанай вулцы, залітай месяцовым сьвятлом, рэдка думаеш пра жыцьцёвую мітусьню. Прынамсі я не думаю. Я ўшчэнт забыўся на нядаўні торг з лабухамі і пра патрэбу знайсьці грошы на запіс дэма-вэрсіі, я тварыў.
Неспадзеўкі адчуў, што ня цямлю, дзе апынуўся. Хоць г.п. не такі ўжо вялікі, каб губляць арыенціры. Да мяне таксама дайшло, што не заўважыў, як на месяц накаціла хмара і наўкола зрабілася цёмна. Ліхтароў на вуліцы няма, а ў дамах не сьвяцілася аніводнага вакенца. Як рана тут людзі кладуцца спаць! Я зірнуў на гадзіньнік: зрэшты, для г.п. ня так і рана амаль поўнач.
Я стаяў у разгубленасьці, але раптам пачуў гук флейты. Прынамсі, цяпер мне падаецца, што я яго дакладна пачуў. Я пайшоў вузкай сьцяжынкай між дваровых платоў. Па ёй відавочна рэдка хадзілі сьнегу па калена. У момант, калі я надумаў паварочваць назад, выйшаў месяц і асьвяціў
Мне падалося, што я бачыў гэты дом, калі прыехаў ранкам і шукаў патрэбны адрас. Так, дакладна! Я зьвярнуў увагу на незвычайнасьць дому. У адрозьненьне ад суседніх драўляных, дом быў з цэглы. Старой чырвона-брунатнай цэглы. Аднапавярховы, нізкай пасадкі. Мяне ўразілі вокны дому чорныя і глыбокія.