Севярын Квяткоўскі - Падарунак для Адэлі стр 13.

Шрифт
Фон

Натуральна, усякае бывала ў гэтым вялiкiм, бясконцым жыцьцi. Часам радасьць плямiлася горыччу: сьлязьмi, крыкам i нават кроўю. Але гэта толькi ўзмацняла адчуваньне сапраўднасьцi жыцьця. I вось сёньня Кантралёрка ўцямiла, чаму апошнiя некалькi гадоў яна пачала адчуваць няўтульнасьць у сваёй душы.

Не, рэч нават ня ў тым, што звон манэтак зьнік. Гэта яна адзначыла даўно. Але зараз яе абмінуў, прайшоў адзiн, другi, трэцi... пятнаццаты пасажыр, ня кiнуўшы жэтон у турнікет. Кантралёрка злавiла сябе на тым, што ня сочыць, цi паказваюць ёй дакумэнты ўсе тыя iльготнiкi i цi сапраўдныя іхнія дакумэнты. Бо Кантралёрка адчула, што перастала быць патрэбнай гэтым людзям. Iм, якiм яна аддала лепшыя гады свайго жыцьця!

* * *

Стой, прадявi студэнцкi!

Цётачка, няма...

Тады купляй жэтон.

Няма грошай.

Тады йдзi пешшу.

Што з вамi, цётачка? Хiба сёньня акцыя?

Не затрымлiвай.

Цi, можа, вас асабiста Прэзыдэнт папрасiў? зыранiзаваў стомлены студэнт.

Так, Прэзыдэнт папрасiў мяне АСАБIСТА!

Студэнт ужо даўно зьнiк за шклянымi дзьвярыма ўваходу, а Кантралёрка ўсё ўслухоўвалася ва ўласныя словы, якiя рэхам пульсавалi ў ейнай сьвядомасьцi «папрасiў, папрасiў... асабiста, асабiста...» Яна ўзгадала штосьцi падобнае. Хутчэй гэта была ня згадка, а толькі яе бляклы цень. Так, так, аднойчы, цi нават некалькi разоў, Прэзыдэнт зьвяртаўся да яе праз тэлевiзар. Ён штосьцi казаў... Не, ён нават прасiў. Прасiў i прасiў, а яна, дурнiца, ня слухала, бо ў стоме пасьля працоўнага дня прысынала проста перад экранам.

Ёй заўжды было хораша чуць гэты надзвычайны голас. Яна забывалася на нявыкiнутае сьмецьце, на зламаны ўнiтаз, на нявыбiтыя дываны i на цела мужа, якое ляжала ў вiтальнi ў клубох сьпiрытусовае пары. Голас абуджаў у ёй даўно забытыя жаданьнi, выклiкаў салодкую млосьць, яна засынала ў мроях...

Станцыя, дзе працавала Кантралёрка, месьцiлася побач з Унiвэрсытэтам. А студэнты гэткае племя, якое не абыходзiць сваёй увагай касту вахтораў, лiфтораў, дыспэчараў i, пагатоў, кантралёраў. Кожны, хто быў студэнтам, можа прыгадаць мянушкi, больш падобныя да званьняў, якiмі ўганароўвалі ўлюбёных «пэрсанажаў» гэтай адмысловай касты, кшталту «Гiтлераўна», «Аднаногі Сiльвэр», «Грамазека» цi проста «Гарыныч». Таму ня дзiва, што праз пэўны час сярод студэнтаў, і ня толькі сярод іх, распаўсюдзiлася зьвестка, што на станцыi працуе Сяброўка Прэзыдэнта.

Калi ў першы раз пачула ад незнаёмай старой жанчыны просьбу да Прэзыдэнта, Кантралёрка абсалютна не зьдзiвiлася, «Добра, адказала яна, я абавязкова перадам. Ня ведаю дакладны тэрмiн, але неўзабаве ў нас будзе прэзыдэнцкая праверка, i мы аб усiм перамовiмся. Толькi трэба пiсаць просьбы на паперцы, каб я не забылася». Гэтак Кантралёрка завяла невялiкую скрынку, здаецца, з-пад кiвi, куды стала зьбiраць просьбы людзей.

Цяпер праца стамляла нават больш, чым пасьля адкрыцьця мэтро, калi плынь людзей была шчыльная, як ледавiк. Якая гэта была стома! Людзей пабольшала, але амаль усе яны ўсьмiхалiся, вiталiся, прамаўлялi цёплыя словы i, натуральна ж, паказвалi дакумэнты. Яна ўглядалася ў твары людзей i штохвiлiны чакала ЯГО (чаму яна яго чакала, з апавяданьня не высноўваецца). «Праверка сустрэча салодкая млосьць. Плынь людзей пошук жаданьне». Тым часам стос паперак-прашэньняў рос гэтаксама, як колькасьць экскурсiяў на станцыю, якiя ладзiлi прадпрымальныя студэнты. Здавалася, увесь горад жыў чаканьнем СУСТРЭЧЫ.

Так здарылася, што кабета зьмянiла месца жыхарства. Перад тым Кантралёрка жыла непасрэдна побач са станцыяй, на якой працавала. Яна ня памятала, калi апошнi раз карысталася грамадзкiм транспартам. Пэўна, гэта было перад пабудовай мэтро. Вакзал, рынак, ГУМ, ЦУМ, дзiцячы парк i нават шпiталь, карацей, усё, што патрэбна для нармальнага жыцьця, месьцiлася ўздоўж запаветнай лiнii. А за ўваход на працу супрацоўнiкi, вядома, ня плацяць. Але цяпер кабета мусiла клапацацца пра аплату ўласнага праезду. Калi Кантралёрку штрафавалi першы раз, яна ледзь ня страцiла прытомнасьць. З таго часу штосьцi зьмянiлася ў ейных вачох. Не, яна не перастала радавацца жыцьцю. Ёй па-ранейшаму ўсьмiхалiся пасажыры, яна па-ранейшаму складала паперкi ў скрынку, i ўсе разам працягвалi чакаць СУСТРЭЧУ. Проста яна адчула, што губляе моц на сваiм штодзённым пасту. Але ж у цяперашнi час моц сталася патрэбнаю, як нiколi. ЁН, ейны Сябра, сказаў нядаўна, што безьлiч нябачных ворагаў улiлася ў шэрагi пасажыраў, каб падбухторваць iх не плацiць за праезд i не паказваць Кантралёрцы дакумэнты. Жанчына пачала больш пiльна ўзiрацца ў твары мiнакоў, што iмкнулiся зашыцца пад зямлю. Жанчына падрыхтавалася да ЗМАГАНЬНЯ.

Калi ня маеш звычкi купляць квiткi лепш набыць праязны. Але Кантралёрка ня мела звычкi набываць праязны. Таму ня дзiўна, што адным сьцюдзёным восеньскiм днём, калi пачалася Праверка, Кантралёрка ехала ў тралейбусе безь бiлету. Дакладней, квiточак на праезд ляжаў у ейнай валізцы, але яна забылася скарыстацца кампостарам.

Жанчына сядзела на адзінарным сядзеньнi адразу за сярэднiмi дзьвярыма, блiжэй да задняй пляцоўкi. Яна думала пра тое, як прыйдзе на працу, пераапранецца i заступiць на сваю пачэсную вахту. А яшчэ жанчына ўзгадвала дзяцiнства, i ў гэтых згадках чамусьцi прысутнiчаў ЁН, ягоныя вялiкiя рукi, мужныя вочы й прарэзлівы, прыцягальны голас, якi выклiкае салодкую млосьць ва ўсiм целе...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3