Пітэр Кваснеўскі - Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла стр 7.

Шрифт
Фон

Часам я задаю сабе пытанні наконт Камісіі, якой Павел VI даверыў перагляд Імшы, або наконт першага складу ICEL, які даў нам карыкатуру замест перакладу8. Якімі былі іхнія духоўныя заслугі? Не акадэмічныя ступені, не псеўданавуковая хвальба, не добрыя сувязі ў курыі, а, паўтаруся, духоўныя заслугі  каб узяць на сябе настолькі далікатныя, патрабавальныя і жахліва сурёзныя заданні, як «рэфармаванне», а затым «пераклад» літургіі Каталіцкага Касцёла? Ці хто-небудзь падумаў пра гэтае пытанне? Ці хто-небудзь даў сабе працу яго задаць? Так, я ведаю, што цягам стагоддзяў Папы прызначалі камісіі для ацэнкі, даследавання, аднаўлення альбо пашырэння пэўных аспектаў літургіі. Я не хачу сказаць, што такіх кансультацый ніколі не павінна быць. Хутчэй я стаўлю пытанне пра мінімальную кваліфікацыю таго, хто бярэ на сябе смеласць сядзець у такой камісіі. Думаю, будзе немагчыма спрачацца са сцвярджэннем, што мінімальнай кваліфікацыяй павінна быць найбольш глыбокая павага і пашана да Традыцыі, настолькі глыбокая, што чалавек хутчэй дасць руку на адсячэнне, чым пачне псаваць тое, што было яму перададзена. Аднак, як паказваюць Notitiae, альбо афіцыйныя паведамленні, разам з такімі дакументамі, як мемуары Буньіні9, гэты дух пашаны, на дзіва, зусім адсутнічаў у Камісіі, у супольнасці тэолагаў, якім даверылі перагляд літургічных кніг рымскага абраду. Самы ганебны прыклад, які я памятаю, гэта апублікаваны ў Notitiae адказ на пытанне, чаму былі выкрэслены старыя малітвы аферторыя. Калі коратка, Камісія адказала, што малітвы аферторыя зяўляюцца залішнімі і непатрэбнымі, паколькі яны проста (тут маецца на ўвазе, без патрэбы, нават памылкова) прадчуваюць ахвярнае дзеянне, якое адбудзецца пазней. Адным франтаватым адказам ўбок адмятаюцца стагоддзі малітвы і тэалогіі, быццам бы ніхто і ніколі не разумеў аферторыя, пакуль прасветленыя гуру Камісіі не згадзіліся растлумачыць яго.

Усё сваё жыццё Жан-Поль Сартр змагаўся супраць веры ў тое, што нешта можа быць настолькі добрым, настолькі праўдзівым, настолькі годным, што чалавеку варта ўхапіцца за яго і абараняць гэта з найвялікшай сурёзнасцю і самаадрачэннем. Аднак, калі і можна дакладна апісаць адносіны паміж старажытнай літургіяй і боскімі таямніцамі, то вось гэтае апісанне: літургія прымае і абараняе боскія таямніцы з найвялікшай сурёзнасцю, урачыстасцю і самаадданасцю.

Музыка і начынне, годныя Божага дому

Разгледзім два тыповыя прыклады: грыгарыянскі спеў і прыгожае начынне.

Грыгарыянскі спеў быў выкінуты з касцёлаў не таму, што ён быў на лацінскай мове (бо мелодыі можна было б адаптаваць да англійскіх тэкстаў10), а таму што гэтая музыка не «шчаслівая», яна не «ўздымае настрой» так, як народная альбо папулярная музыка. Грыгарыянскі спеў  не для шчаслівых катоў, а для манаскіх душаў, якія сумуюць па Богу, а менавіта такая душа павінна быць у кожнага хрысціяніна, адпаведна з яго стылем жыцця. Такі спеў мае на ўвазе фундаментальную сурёзнасць душы, і ён узрошчвае такі стан усё больш і больш, пакуль ён не стане тым, што містыкі называюць «цвярозым апяненнем», sobria inebrietas. Чалавек, які пагружаецца ў спеў, сапраўды пачынае ўспрымаць свет вакол сябе па-іншаму, вачыма веры, з сузіральнай гатоўнасцю, праніклівасцю і яснасцю. Грыгарыянскі спеў  гэта магутны сродак духоўных зменаў і сталасці: ён напаўняе душу гарачай духоўнай тугою па Богу, сумам, які ўвасабляецца і выяўляецца ў кожным павароце мелодыі, што адлюстроўвае невыказныя нюансы і няўлоўныя рухі людской душы11. Наколькі ж сталымі мусілі быць ананімныя кампазітары, наколькі моцным і высокім было іх імкненне да Бога, якое захавалася ў гэтых цудоўна разнастайных і прыемных мелодыях!

Пэўным ранкам, спяваючы мелодыі з агульных тэкстаў пра дактароў Касцёла, я адчуў асаблівае трымценне ад іх прыгажосці, ад іх слодычы, ад іх меланхалічнай ноткі, быццам яны праз музыку выказваюць тое, што «Salve Regina» ахоплівае словамі: сумесь любові, даверу, радасці з тугою, смуткам і слязьмі. Так, менавіта музыка можа з цягам часу дапамагчы тым, хто яе спявае ці слухае, узрастаць у сталасці сваёй веры, нібы ўрастаць у прыклад тых сузіральнікаў, якія ведаюць, як трэба цярпець і як трэба радавацца ў Пану. Візантыйскі спеў дасягае той жа мэты іншымі сродкамі. Сучасная ж літургічная музыка са сваёй другасортнай сентыментальнай лірыкай, слёзнымі мелодыямі, павярхоўнымі эмоцыямі і рэзкім акампанементам не толькі не здольная ствараць духоўную сталасць  яна шкодзіць хрысціянскай душы, зацямняючы яснасць інтэлекту, прытупляючы пачуццё прыгожага, сціскаючы волю ў хватцы эмоцый і ствараючы настрой, які не спрыяе любові да адзіноты і цішыні12. Карацей, яна не здолела б ані нарадзіць, ані падтрымаць манаскую супольнасць, якая прысвяціла сябе адданаму жыццю медытацыяй і сузіраннем. Адно гэта зяўляецца дастатковай прычынай, каб «выгнаць яе з прэзбітэрыя святыні», як паэтычна кажуць Папы13. Калі гэтая музыка не зяўляецца здаровай для людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, яна не будзе здаровай для ніводнага з нас, бо ўсе мы павінны быць святарскім народам.

Гэты цяжкі досвед зваліўся на мяне ў капліцы аднаго кампуса ў Аўстрыі, дзе я тады выкладаў. У абарочаным гатычным касцёле была верхняя капліца, надбудаваная над ніжняй капліцай, так што калі-нікалі ў іх адначасова адбываліся літургіі альбо набажэнствы. У той дзень наша група малілася на Трыдэнцкай Імшы ў верхняй капліцы, спяваючы старажытныя мелодыі грыгарыянскага спеву, калі раптам знізу пачуўся какафанічны каціны віскат моладзі, якая спявала змрочныя песенькі апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта быў жывы выклад у кантрастах: традыцыйная форма малітвы, шляхетная, стрыманая, поўная пашаны, засяроджаная на таямніцы, з любоўю перададзеная ў рытмічных лацінскіх радках,  і сучасная форма малітвы, гіперактыўная, манатонная і неарганізаваная, без меры, без прыгажосці, без годнасці.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3