Калі я гляджу на тое, што казалі св. Ян ад Крыжа, св. Тэрэза Авільская і св. Тэрэза з Лізьё пра свой досвед святой літургіі ў агульным кантэксце свайго імкнення да сузіральнага саюзу з Найсвяцейшай Тройцай, я пытаюся ў сябе: ці распазналі б яны «поўную, канчатковую Ахвяру, на якую ўсе правобразы звярнулі свае вочы» (Крэшо) у збяднелых сходах сённяшніх парафій? Альбо, калі б яны нягледзячы на ўсю бязладзіцу распазналі ў гэтай непрыхаванай рэальнасці гарантаваную Богам ахвяру, якою б была іхняя рэакцыя? Гэта маглі б быць толькі крайні сполах, замяшанне, смутак, нават жах і справядлівае абурэнне. Не будзем паддавацца ілюзіям: святыя лепш чым хто ведаюць, у чым заключаецца сутнасць літургіі, бо яны нібы ўзнесеныя ў нябесную літургію і ў захапленне яе цалкам адкрытай рэальнасцю. Яны больш за нас усведамляюць зневажальны характар і шкоду зямной літургіі, якая так кепска адлюстроўвае ці нават проста супярэчыць сваёй нябеснай мадэлі. Калі мы хочам прыпадобніцца розумам да Хрыста, нам трэба таксама прыпадобніцца розумам да святых, якія найлепш наследавалі Яго23. Гэта азначае, што трэба перастаць ісці на кампрамісы, калі мова заходзіць пра пакланенне Усемагутнаму Богу; нам трэба старанна пазбягаць і выганяць з нашых касцёлаў усялякую пасрэднасць, банальнасць, свецкасць і мадэрнізм. Больш за тое, разумнае стварэнне ці то анёлы, ці то чалавек абавязана прыносіць Богу належнае, паважлівае пакланенне; наш абавязак, больш фундаментальны і больш неадкладны, чым любыя іншыя справядлівыя абавязкі, гэта праслаўленне, благаслаўленне, пакланенне і падзяка Найсвяцейшай Тройцы нашаму першаму пачатку і апошняму канцу, такія, якія адпавядаюць Яе славе і велічы24. Менавіта такое пакланенне прыносіць Езус Хрыстус, Найвышэйшы і Вечны Святар і Галава Містычнага Цела, у еднасці са сваімі членамі ў Каталіцкім Касцёле, згодна з законнымі абрадамі, якія Ён натхніў праз працу Святога Духа на працягу стагоддзяў25.
Місія аднаўлення традыцыйнай Імшы (а для тых, хто пакліканы да гэтага, яшчэ і паралельная праца па «рэфармаванні рэформы») надзвычай складаная. Перад абліччам пастаяннага бязлітаснага супраціву з боку пэўных біскупаў і святароў, якія пасвяць (калі можна ўжыць такое слова) недавыхаваных і нецікаўных вернікаў, мы часам можам трапіць у спакусу роспачы альбо прынамсі адчуць знеахвоту. У такія часы, як гэты, калі наш рух асветлены новай надзеяй і энергіяй, але сутыкаецца з супрацівам і вялікімі перашкодамі, нам трэба часта нагадваць сабе пра тое, што поспех прыйдзе (і можа прыйсці) толькі ад Таго, Хто зяўляецца ўсемагутным. «Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма» (Мк 10:27). Якім бы ні быў наш прыжыццёвы літургічны лёс, якім бы ні быў поспех у нашым змаганні, мы ведаем, што Хрыстус, наш Кароль, у сваіх пакутах, уваскрасенні і ўнебаўшэсці ўжо перамог свет і чакае, калі мы далучымся да Ягонай перамогі. «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16:33). Гэты свет няспыннай барацьбы гэта наш выпрабавальны палігон, на якім наш Пан правярае нашую вернасць справам Праўды (пар. Ян 18:37). Пасля добрага змагання, пасля знішчэння плямы нашых грахоў мы перанясемся ў святыню, не людскімі рукамі збудаваную, да трона, які няможна разбурыць, да алтара, які ніколі не будзе перасунуты да невымоўнай прыгажосці Хрыста, да Бога бясконцага суцяшэння і хвалы, Якому «благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц на вякі вякоў. Амэн» (Ап 7:12).
Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека
Аднойчы мне на думку прыйшло такое параўнанне: імправізаваныя прамовы падчас парафіяльнай Імшы на народнай мове гэта літургічны эквівалент разрастання прыгарадных раёнаў.
Многія з нас сустракаліся з выпадкамі разрастання казанняў. Я хацеў бы ўзгадаць два прыклады, якія варта прывесці менавіта таму, што святары, пра якіх я кажу, былі ў кожным сэнсе вернымі і пабожнымі і насамрэч верылі ў Сапраўдную Прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі. Можна было б прывесці і прыклады няверных святароў; аднак тут я хачу паказаць, што штосьці не так менавіта з абрадам Імшы, калі ён незаўважна ўплывае на кожнага цэлебранта і той робіцца прамоўцам, а не перадатчыкам. У першым выпадку святар перад малітвай «Ойча наш» сказаў не «памятаючы збавенныя запаведзі і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся казаць» ці штосьці падобнае, а вось што: «Сабраныя нашым Збаўцам Езусам Хрыстом як Божая сямя, мы слухаем Яго і вучымся Яго малітве, у якой мы просім аб выкананні Божай волі і молімся аб ласцы прабачаць тым, хто зграшыў супраць нас і супраць нашых любімых, у той самы час пакорна просячы Пана прабачыць нам тыя моманты, калі мы падводзілі Яго». У іншым выпадку, гэтым разам перад «Пане, я не варты», іншы святар прамовіў такую імправізацыю: «Вось Езус, наш брат, добры пастыр, рахманае Ягнё, Ён бярэ на сябе грахі свету, Яго Кроў адкупляе нас, а да Яго Цела Касцёла мы пакліканыя як браты і сёстры. Мы маем шчасце і благаслаўленне раздзяляць гэтую вячэру, але паколькі мы часам падводзілі Яго, цяпер мы молімся: Пане, я не варты»