Усё ж такі мне было цікава, для чаго ўрэшце прыдаўся мой цвік, і я спытаў у аднаго з мінакоў: А што гэта за месца? Галгофа, адказаў ён, адводзячы позірк убок, і хутка пакрочыў уніз па схіле.
І я ішоў далей, у шырокі свет, пакінуўшы свой дом дзесьці ззаду. Мой цвік знайшоў сваё месца, і, магчыма, гэта была і не вельмі вялікая справа, але я веру, што дапамог змяніць свет да лепшага.
Я іду, іду далей, высока ўзняўшы голаў, іду змяняць свет!
2010 г.Пад столлю
Заходзячы ў падезд, прыгніцеся столь тут нізкая, а сцены блізкія, ліпкія, дакранацца да іх вам наўрад ці захочацца. У кутах цемра, над галавой бегаюць прусакі, а доле розная брыдота: міліцыя, дзеці. Тыя, у каго шыя прывыкла ўгінацца, спыняюцца ненадоўга, цікуюць ды шэпчуцца за паваротам. Тут усё звыкла, і звыкла страшна, без дня і ночы, увесь час хворае жоўтае святло. Цёмна-жоўтае, а часам чырвонае. Усе пяныя, галава закруціцца, пакуль дападзеш да свайго паверха. Па лесвіцы, па пралётах, на якіх цябе быццам хапаюць за каўнер і цягнуць у супрацьлеглы бок, угару, носам па прыступках, што мільгацяць адна за адной, як шпалы з акна апошняга вагона і новы рывок, такі злы, што і не ведаеш, як адказаць на яго. Тут цень, дым, тут нехта хаваецца, тут попельніца з кансервавай бляшанкі. Сусед выходзіць у пантофлях, высокі, згінаецца ўдвая. Калі звярнуцца да яго, ён не адказвае, а смаліць нешта між пальцаў, а пасля кідае і вяртаецца да сябе. Ён не можа нават грукнуць як мае быць дзвярамі, хіба што ляпнуць, дый то неяк глуха. Дзвярамі, сціснутымі, бы тое сэрца, дротам, прабітымі кнопкамі; гучна для іх сказана дзверы. Нікуды яны асабліва не вядуць. У святле душнага падезда шукаю сваю скрынку.
Нехта сказаў аднойчы, што Бога нельга замыкаць у скрыню. Бог скрынкафоб, так і сказаў. А я таксама баюся. Што ж рабіць, калі не я першы, не я апошні. Як-небудзь перажыву, як-небудзь перацярплю.
Мой нумар 71, ні больш ні менш. 71 гэта на ўсё жыццё. Мне хапае, у прынцыпе, я амаль не зайздрошчу суседзям Дзе яны? Дзе мае дзверы, якія з іх мае? Тры літары над парогам даўно ўжо сцерліся, мел больш не пэцкае рукі Фокус: павярні ключ і ты дома. Што дома? (Любая, я дома!)? Не, дакладна не гэта.
Заходзячы ў кватэру, станьце на калені, каб праціснуцца у саміх пакоях перасоўвацца можна хіба што паўзком ці на карачках. Столь з кожным годам прасядае ўсё ніжэй мабыць, зверху жыве нехта сапраўды мажны. Цемра ў калідорах маёй сямі, права на недатыкальнасць і на ўласны пакой. Сцяна адкуль ты, сцяна, учора ж не было цябе тут! Ужо вечар, і ўсе мусяць быць дома, дзе ж усе? Мой бацька даўно ляжыць у сваім пакоі на канапе і не выпаўзае адтуль. Ляжаць, дарэчы, вельмі зручна, хоць выпрастацца можна пад такой нізкай столлю. Праўда, ногі, напэўна, даўно ўжо адняліся. Вядома, у нагах праўды няма. У пакоі ззяе тэлевізар, пырскае слінай праз шкляныя дзверы.
Прывітанне, ойча! гукаю я ў вусцішнай цішы. Цішыня ўсталявалася ў маім доме ўжо даўно і быццам бы і не прадугледжвае магчымасці нешта сказаць. Не верыцца, што за ўсімі гэтымі дзвярамі ёсць штосьці жывое.
Наперадзе кухня. У скаселым праломе калідора затыхаецца пыльнае святло, дрыготкае, як ад свечкі. Нешта згорбленае сядзіць у куце набіты бульбай мех падобны да індзейскай бабкі ў парванай хусціне з сухой піпкай у роце. Цень насоўваецца, адбягае, рэзка ўзмахвае крыламі, са столі звісае павуцінне, анучча нешта ўвесь час засланяе святло, назірае, каб ніхто не абняўся, не лопнуў і не заплакаў. Шчыльныя, такія шчыльныя сцены! Хаця б кавалачак ад вас адкусіць