За спіной пачуліся крокі. Дзяніс уздрыгнуў і не адразу, нясмела азірнуўся. Чуб стаяў побач, пад сцяною, і корпаўся ў крэсле галіфэ. Зацурчэў струмень. Чуб скасавурыўся на хлопца, толькі і сказаў:
Калі млосна, не цярпі, засунь два пальцы ў рот паможа.
І пайшоў сабе.
На дварэ нікога ўжо не было. Адзін стары Карпа шкрабаў сухім, сцёртым да таго, што акурат у руку ўзяць, венікам каля сцяны і пры ганку, зграбаў брудначырвоную кашу ў кучку
Чуб моўчкі сабраў у абярэмак вінтоўкі, падаўся на вуліцу.
Натоўп вяскоўцаў сабраўся каля плота насупраць Карпавай хаты, па той бок вуліцы, стаялі, ціха перагаворваліся, бы ў чаканні звычайнай будзённай хаўтурнай працэсіі, пазіралі, як Гнат загадзя ачышчае, прыбірае задок падводы, скідваючы проста долу мяшкі і кошыкі, як пасцілае падон паловаю брызента другая звесілася з воза да зямлі; як чырвонармейцы, іхнія нядаўнія рабаўнікі, упэўненыя ў сваёй сіле і беспакаранасці, а цяпер пакорлівыя і безадказныя, выносяць і ўзвальваюць на падводу сваіх нежывых таварышаў Узвалілі, Гнат прыкінуў трупы брызентам, паправіў неастылую яшчэ, падатлівую нагу, што высунулася праз дзірку драбіны, тую самую нагу, з расквашаным мокрым чаравікам, з доўгай, на бінт падобнай, абмоткаю.
Дарослыя пабольшасці старыя дзяды і кабеты, стаялі спаважна, са скрушнымі тварамі, як і належыць добрым людзям у такіх выпадках калі выносяць нябожчыка. Але між імі увесь час круціўся, аж прытанцоўваў на месцы хлапчынка гадоў дзесяці, крэпенькі, чырвонашчокі, бы снягір, у валёначках і ў вялікай, непаразмернай яму шапцывушанцы. Шапка ўвесь час спаўзала на вочы, ён падбіваў яе знізу даланёю і шморгаў носам. Было відаць, як круціць яго ўсярэдзіне, як так і прэ з яго жаданне выпаліць вось зараз гэтым дзядзькам і цёткам нейкую важную, аднаму яму вядомую тайну
А гэта ж я, далібог я! не вытрымліваў тады і азіраўся, шукаў вачыма такую ж, як сам, крэпенькую, зграбную, чырвонашчокую дзяўчыну, нізка, па самы лоб абвязаную хусткай«канаплянкаю», як бы ўжо яна была дарослай маладзіцаю. Праўда ж, Лізка? Ну, скажы!
У яго звонкім, дрыготкім ад уласнае смеласці голасе былі і дзіцячая неразумная пахвальба, і нецярпячка, і боязь, страх нават, што яму не павераць, смяяцца пачнуць або яшчэ прагоняць адсюль
Далібог, не хлушу! сцягваў шапку і жагнаўся з наіўнай шчырасцю, як і ўсе бязгрэшныя дзеці. Дзядзька Мікола, дзядзька Гнат ну, скажэце!.. Праўда ж?
Праўда, праўда, пацвердзіў дзядзька Мікола, чамусьці без заўсёднага свайго смеху. Як і Гнат, як і абодва Карпавы сыны, ён быў мясцовы і добра ўсіх ведаў. Ты ў нас гірой, Васілько, няўмела пахваліў малога, сапраўдны гірой!..
Крэпенькая зграбная дзяўчынка, яшчэ больш чырванеючы, не падымаючы вачэй, ціха ўсчувала гіроя:
Маўчы, тут жа людзі стаяць Бяжы дамоў ужо, пагрэйся на печы вунь смаркачы папусціў!..
Але дзе там, акрылены Міколавай пахвальбою малы нічога і слухаць не хацеў.
Я прама гародамі отамаво, пабег, крычу: дзед Карпа, Дзяніс, дзядзька Гнат, дзядзька Мікола там, крычу, бальшавікі ездзяць, отото каля вашай хаты будуць!..
Худзенькі Мікіцін, яшчэ больш змізарнелы, скундзёблены ад холаду і страху, падняў галаву, на міг сустрэўся з Васількам вачыма і толькі цяпер яму прыйшло на памяць і ён з панылай абыякавасцю ўспомніў, як даўнодаўно (на самай справе менш, чым паўгадзіны назад) гэты самы хлапчук даваў стракача агародамі ад хаты, а ён, Мікіцін, стаяў, як ёлуп, і мачыўся на кола, марыў пра кашу з салам, пра вызнянскую цёплую казарму, пра земляка Чувалава, які напіша на радзіму, што ўсё ў іх тут у парадку і ваююць яны дзякаваць Богу
Мікіцін патупіўся, з тою ж панылай абыякавасцю адзначыў, што халадае, і сняжок не перастае, пад заднім колам няма ўжо жоўтай пляміны Вось так сама замяце і кроў, і ўсе сляды іхнія, ніякага знаку па іх не астанецца, ніхто іх не знойдзе, ды і шукаць ніхто не будзе!.. Каму ён трэба, слабасільны, неабстрэляны, непісьменны чырвонаармейчык славутай шаснаццацатай арміі дваццаць другога палка дзевятнаццатага асобага ўзвода, баец, які нават «памначкамузвода» так і не навучыўся вымаўляць, які і ў бальшавіцкую армію пайшоў ні па якаму не «зову сердца», як выдумляе ў сваіх пісьмах дурны, дарма што грамацей, Чувалаў, а ад таго, што ў іхняй мнагадзетнай сямі паелі нават беражоную семянную бульбу і проста пухлі з голаду, а ён, Мікіцін, перад тым, як запісацца служыць, абышоў па хатах усіх дэзерціраў і камісаваных ды распытаў добра: дзе лепш кормяць, дзе адзёўка прыгажэйшая у чырвоных, ці, скажам, у белых Вось такое «веление сердца»
Усё было скончана, і цяпер толькі брызент у задку падводы, тапырачыся, абазначаў схаваную пад ім паклажу. Ды яшчэ коні, акурат бы той Карпаў сабака, чуючы людскую кроў, пужліва стрыглі вушамі, касавурыліся, раздзьмухвалі шырокія ноздры і штораз беспрычынна ўсім целам уздрыгвалі, як робяць гэта душным летнім днём, калі дакучае гнус. Гнат павярнуўся да Кецкі, рыкнуў: «Ну, давай!..» і да таго не адразу дайшло, што гэта вяроўку трэба даць. Вяроўка вісела ў яго на плячы, а адкуль яна ўзялася, ён не помніў хутчэй за ўсё Гнат накінуў на яго, як на слупок, калі сам бег хутчэй страляць у чалавека, у гэтага вось самага, над якім тапырыцца брызент Кецка падаў вяроўку і, наўчоны ўжо, сам, без каманды паспешліва выдаўжыў рукі. Нават Гнат, спрытна і туга завязваючы вузел, прабурчэў на гэтую залішнюю стараннасць: