«Ну, й такое бяды! Адным графаманам меней», прабурчыць нехта. І будзе мець рацыю. Нашай краіне патрэбны графаманы іншага кшталту маладыя, здаровыя, без шкодных звычак, каб скапыціліся не хутка, амбітныя, усюдыісныя, адукаваныя настолькі, што аж жах бярэ, і, галоўнае, з абсалютнай няздатнасцю шпурнуць чарговы твор пад ложак, цытаваць усходніх паэтаў без пільнай на тое патрэбы. Толькі ці ўслухоўваецца хтонебудзь у іхняе гучнае, бы мацюгальнік да вуха прыклалі, дэкламаванне, як услухоўваліся мы тады ў голас вясковага паэта Міхася, хворага на сухоты і анкалогію грамадзяніна Казахстана. І хаця ён ніколі не меў сваіх чытачоў, але ўсе ягоныя нешматлікія слухачы, што пакуль шчэ не адышлі ў лепшы свет, дасюль памятаюць і самога паэта, і назву яго самага вядомага твора: «Лебедзь, рак і шчупак». Падробку пад Крылова.