Таццяна Барысік - Жанчына і леапард (зборнік) стр 5.

Шрифт
Фон

З маналогу вынікала: ААТ «Добры гаспадар» проста рай на зямлі, ягонае кіраўніцтва анёлы божыя, у цэлым свеце нічога смачнейшага і якаснейшага за кабачковую ікру з закускай «Бурачковая». Сама ж ветэран вытворчасці раскладанне па слоіках падгулялай гародніны лічыць самым захапляльным і прыбытковым у свеце заняткам.

 А кім вы марылі стаць у школьныя гады?  перапыніў Гаўрыльчык у пошуках дазволеных цікавостак. Алена Мікалаеўна памаўчала хвілінку, глыбока ўздыхнула.

 Заўмагам хацела стаць. Пасля школы паступала ў гандлёвы тэхнікум. На субяседаванні зрэзалася. Папыталі мяне, як прозвішча міністра гандлю. А я ці знаю? Хіба сваяк ён мне?  праз маску штучнай самазадаволенасці пакрысе праступаў чалавечы твар.  Што рабіць было? Вярнулася, уладкавалася сюды, спачатку на сарціроўку. Наступным годам у кулінарны паступаць меціла. А тут Грышка з войска вярнуўся, якая ўжо вучоба! Пасля вяселля думала, у горад зедзем, мужу інтэрнат абяцалі, але мяне аператарам паставілі, ды і ў дэкрэтны ўжо збіралася. А як нарадзіўся сын свякруха нам паўдома адпісала.

Карацей, вось ужо трыццаць чацвёрты год я працую тут.

 Раскажыце пра сваіх бацькоў, мясціну, дзе нарадзіліся,  карэспандэнт так і сыпаў звыклымі пытаннямі, якія яму ўжо за пятнаццаць гадоў аскому набілі. Для Алены ж гэта была хвіліна славы, магчыма, адзіная ў жыцці, таму яна асцярожнічала як магла, асабліва зараз, калі ўсе «хатнія нарыхтоўкі» былі вычарпаныя. «Так,  разважала ў думках душа калектыву,  мацерай пахвалюся, пра бацьку толькі ўзгадаю, хопіць таго, што ў школе паліцайкай дражнілі, кожнаму ж не давядзеш, чаму ён, вучаны чалавек, рабіў даглядчыкам і нідзе яму ходу не было, і што ў палон не па сваёй волі трапіў. Пра сястру Тамару раскажу, хай ведаюць, і ў мяне радня не абы-якая! Ірку і ўспамінаць не буду, зашмат гонару. Ціхаяціхая, нідзе не чуваць і не відаць было, ледзь васьмігодку агорала, цялятніцаю робіць. Вось так цішком і прыбрала матчыну хату да рук, а ёй, Алене, там ужо і месца нямашака. Толік, той наадварот змалку быў адарві ды выкінь! Сваволіў ён а рэмня зараблялі іншыя. І цяперака ні на грам не змяніўся, бацькавы грошы, што з Нямеччыны за палон прыйшлі, сцягнуў, машыну купіў і кватэру абставіў, а спіхнуў усё на заезджых цыганоў».

 Нарадзілася я ў вёсцы Тамашова Рудня за два кіламетры ад Слабодкі, у дружнай мнагадзетнай сямі, ізноўку нацягнуўшы маску паспяховасці, працягнула Ленка Багуненка, узважваючы кожнае слова.  Бацька мой, Мікалай Пракопавіч, працаваў на ферме даглядчыкам, маці, Марыя Макараўна,  паштаркаю. Яна спявала ў хоры пры нашым клубе, а ў восемдзесят сёмым годзе яе абралі дэпутатам сельскага Савета. Мая старэйшая сястра Тамара жыве ў Гродзенскай вобласці, замужам за дырэктарам мукамольнага завода. Катэдж у іх свой, дзве машыны, дзеці ў Мінску вучацца  натхнёна нахвальвала сястрын дабрабыт Ленка, зусім забыўшыся на астатніх сваякоў. Гаўрыльчык і не настойваў, неаднойчы пераканаўшыся на ўласным досведзе калі ў справу мяшаюцца грошы і спадчына, ад дружбы ў шматдзетнай сямі і следу не застаецца.

 Ну, а муж ваш дзе працуе?

Абысці правакацыйнае пытанне не ўдалося:

 Дзе і ўсе цяпер, у Расіі, незадаволена буркнула Алена. І перавяла гаворку ў больш пазітыўнае рэчышча.  Старшы сын уладкаваўся механікам на заводзе, меншая дачка дзясяты клас заканчвае. Я ва ўсім люблю чысціню і парадак, у мяне ў гародчыку багата кветак. Асабліва падабаецца даглядаць хатнюю гаспадарку. Я аддаю ёй увесь вольны час, бо змалку да працы прывучана  з апошніх сілаў змагалася са сваёю знявечанай свядомасцю ўдарніца працы, імкнучыся выдаць жаданае за сапраўднае.

 Ну, а як адпачываеце?

 Ат, пакуль усё папарадчыш ды свіням дасі, які адпачынак! Нагу сваю ўкручу ды гляджу тэлевізар,  зразумеўшы, што вырвалася нешта не тое, Мікалаеўна паспрабавала выправіць становішча.  Кампютар дачцэ ў крэдыт узяла. Бывае, з сястрой Тамарай, што за дырэктарам замужам, перапісваюся

У гэты момант у кабінет зайшла сакратарка, жанчына неабыякавая да чужога гора:

 Вы ўжо выбачайце мне, я вазьму паперы ды пайду, бо дадому трэба, абяцалі брыкету прывезці. А ты, Лена, раскажы журналісту пра Сярожу. Хай бы ён у газеце яго прапясочыў ці міліцыі пажаліўся, каб прыстрашылі трохі. А то ж жыцця не дае: пе, з двара цягне, хату спаліць грозіць

Суразмоўца спачатку відавочна сумелася. Старанна абмаляваны свет ілюзіі ўласнага шчасця сыпаўся на вачах, бы сечка з дзіравага меха. І тут яе нібы прарвала, трываць набалелае не было як:

 Гэта ж мужыка майго брат, у другой палове дома жыве. Алкаш, не робіць нідзе, сябрукі яго цягаюцца. У двары таза алюмініевага пакінуць няможна. Краёў не знойдзеш, жыві і бойся! Даруй Божа, ці грэх ці два, хай бы ён ужо пайшоў куды ці ў прымы, ці ў турму, ці на той свет. Раз бы адплакалі, затое жылі б па-чалавечы. Толькі не пішыце пра гэта, калі ласка, наша Рая, сакратарка, па сваёй дурасці ляпнула. Вечна лезе куды не просяць.

 Я ўсё разумею, супакойцеся, давайце лепш пра добрае пагутарым. Ці ёсць у вас запаветная мара?  запытаўся Гаўрыльчык па звычцы, хаця праўдзівы адказ быў відавочным пакуль Сярожа на падворку, яго знікненне і ёсць адзіная праўдзівая мара Алены.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3