Каганаў і цяпер прытанцоўваў у сядле, нібы чакаў нейкага важнага паказальнага выступлення.
Яны былі недалёка ад дуба, калі Каганаў угледзеў калоду і нешта бліскучае на ёй. Не ўбачыць медную конаўку на шапцы вулля было немагчыма, так яна іскрылася пад промнямі сонца. Каганаў спыніў каня, разведчыкі прытрымалі сваіх.
Зверху ішоў роўны пчаліну гуд. Нават адсюль было відаць, што ўся калода аблеплена пчоламі: адны падляталі і хаваліся ў вузенькіх шчылінах лётак, другія адрываліся ад калоды, адляталі. Пчаліная сямя жыла сваімі клопатамі.
Што, там і мёд ёсць? спытаў Каганаў.
Мёд там, дзе пчолы, адказаў нехта з хлопцаў.
Трэба як-небудзь праверыць.
А што правяраць Сказаў Паўлу, ён і праверыць. Гэта ж іхні вулей
Каму вайна, а каму пчолы з мёдам пакруціў галавой Каганаў. Хлопцы прамаўчалі.
Каганаў зноў паглядзеў на калоду. Ірдзяная медная конаўка, як магніт, прыцягвала яго позірк.
А хочаце, я скіну яе, Каганаў кіўнуў галавой на конаўку і пачаў расшпільваць кабуру.
Хлопцы пераглянуліся, прыкінулі: да цэлі было метраў трыццаць, не меней.
Не, не скінеш, дый не трэба.
Ладна, праверым
Каганаў узняў руку з наганам, прыжмурыў вока Стрэл быў сухі, як удар металу па метале. Куля адшчапіла кавалачак калоды правей конаўкі. Туды адразу ж зляцеліся пчолы.
Ну што ж, возьмем лявей Каганаў прыцэліўся зноў. Гэты стрэл раздаўся як быццам аднекуль ззаду, у павет ры нешта коратка ціўкнула. Той, хто бываў у баях, ведаў, што так падае голас нямецкі карабін, калі страляюць здаля і на адкрытым.
Каганаў, відаць, гэтага голасу не пачуў. Ён рыўком прыўзняўся ў сядле, выпрастаўся спіной, нібы хацеў стаць на страмёны, і пачаў павольна асядаць на шыю каню. Толькі цяпер разведчыкі зразумелі, што гэтым разам страляў не ён, і, як снапы, пасыпаліся на зямлю, заляглі.
Але стрэлаў болей не было. Кругом панавала перадвячэрняя цішыня. Над лесам свяціла сонца, маўкліва стаяў дуб, а ў ім глуха гулі пчолы
Смерць нацыяналіста
Апавяданне
Памяці майго земляка В. Ганчаронка
Дзверы пакоя расчыніліся ўслед за нецярплівым стукам у глухую дашчаную філёнку. Звычайна так смела заяўляюць аб сабе толькі свае. І праўда, на парозе стаяў ён жывы і светлы, як чаканая ява ці прыемны сон. Сухія шчэлепы абсыпаны рудой шчацінай, вялікія жоўтыя зубы скаляцца шчаслівай усмешкай: «А ўжо-ткі я цябе ўпільнаваў»
Расхрыстаны салдацкі шынель без пагонаў, кірзавыя боты з пісягамі старой засохлай гразі. Апошняе я заўважыў пазней, ды і якое гэта магло мець значэнне.
Мы абняліся, як родныя браты, што па нейкай дурной волі доўга не бачыліся. І праз калянае сукно шыняля я неяк балюча адчуў худую касцістасць яго пруткага цела.
Мы не бачыліся гадоў пяць, калі не болей, але цяпер у мяне было так небагата часу і для радасці, хоць я і быў бясконца рады яму, і для роспытаў. Я запазняўся на лекцыі, а трэба было яшчэ забегчы перакусіць, і таму я спытаў у яго без лішняй дыпламатыі:
Ты снедаў?
Не.
Тады пайшлі.
Пайшлі.
Закусачная, яна ж студэнцкая забягалаўка, была ў суседнім доме, і па дарозе туды мы паспелі перакінуцца колькімі пытаннямі, адказ на адно з якіх мяне сурёзна азадачыў.
Адкуль ты зваліўся? спытаў я.
З Пячэрска.
Магілёўскага?
Ну.
Адказваў ён весела, з паспешлівай, наіўна-дзіцячай гатоўнасцю, нібы даўно чакаў гэтых пытанняў і даўно гатовы быў на іх адказваць.
Ён заўсёды любіў жартаваць, але тут я зразумеў, што ён не жартуе.
Пячэрск вядомы сумнай славай гарадок для псіхічна нездаровых, а папросту «ненармальных» людзей. Туды, як і ў кожны дурдом, трапіць было нашмат лягчэй, чым выграбціся адтуль. А тым болей выграбціся і раскатваць па свеце, быццам нічога не было Яшчэ некалькі гарадкоў з гэтакай жа назвай раскідана па краіне, але магілёўскі ёсць магілёўскі.
І, мусіць, таму мне адразу ж успомніўся другі чалавек, Іван Сіняўскі высокі, бяскроўна-белы юнак, што хадзіў па сёлах нашага раёна на самым пачатку вайны. Людзі казалі, што яго разам з іншымі хворымі выпусцілі з таго самага Пячэрска, калі да Магілёва сталі набліжацца немцы. Акуратна, па-гарадскому апрануты, ён заходзіў у чужую хату, як у сваю, і садзіўся за стол на покуці. Тым самым паказваў, што хоча есці. А чаго можна даць галоднаму чалавеку ў сяле? Перш за ўсё хлеба і малака.
Іван умудраўся есці так, што заўсёды нешта і заставалася ці хлеб, ці малако. Заставаўся хлеб жаласлівая гаспадыня далівала малака, заставалася малако адкройвала хлеба. І так да той пары, пакуль Іван не наядаўся.
Дзе б ні ішоў, што б ні рабіў, нават у хаце, за сталом, Іван мармытаў адны і тыя ж словы: «Над Масквой вялікай, златаглавай»
Прамармытаўшы гэтыя словы, ён раптам замаўкаў, сціхаў, слухаючы самога сябе. Сіліўся ўспомніць, што там далей. Не ўспаміналася. Незадаволена матляў галавой: «Не, не так!» і пачынаў зноў: «Над Масквой вялікай, златаглавай Не, не так»
Гэта было як песня яго, як малітва, працяг якой ён не мог успомніць. Адчувалася, што яму было вельмі важна ўспомніць, што там далей, за першымі словамі, але хворая памяць не давала яму гэтага.
Здавалася, яшчэ трошкі, яшчэ адно намаганне і ён успомніць тыя забытыя, такія неабходныя словы. І тады ён Тады ён перастане быць тым Іванам, на якога з такой жальбой пазіраюць вясковыя бабы, тады светла-блакітныя вочы яго не будуць пераскокваць з аднаго на другое, не маючы сілы ні на чым зачапіцца, а засвецяцца жывым асэнсаваным аганьком. Але Ён нядоўга і пахадзіў з гэтай сваёй малітвай. Недзе на пачатку зімы яго знайшлі застрэленага ля дарогі. Зрабілі гэта ці немцы, ці партызаны. Маглі і адны, і другія: і тыя, і другія не любілі лішніх вачэй, а Іван заўсёды ішоў туды, дзе былі людзі. І заўсёды са сваімі словамі: «Над Масквой вялікай, златаглавай Не, не так»