Анатоль Паўлавіч Кудравец - Зязюля пракукуе заўтра (зборнік) стр 8.

Шрифт
Фон

Трэба Трэба было б Але Але гэты стрэл могуць прыняць за стрэл з таго канца сяла І тады І тады пачнецца такое

Павел цяжка ўздыхнуў і зняў палец з курка. Вярнуўся Іван, спытаў:

 Ну, як?..

 Усё спакойна. Усе грэюцца.

 То ідзі пагрэйся і ты. У дзядзькі добрая самагонка.

Дождж перастаў адразу, нібы яго адсекла. Ішла сцяна і скончылася. І зноў на небе засвяціла сонца, і свяціла яно лагодна, як праз слёзы. Прырода суцішылася, супакоілася, і толькі вадзяныя кроплі сыпаліся ўніз, напамінаючы пра тое, што нядаўна прашумела, пранеслася над зямлёй.

Павел з Іванам сядзелі на сваёй ліпавай вышыні. У Іванавых руках кулямёт, у Паўла трохлінейка.

Першымі пакінулі сяло паліцэйскія і ўласаўцы ціха, спакойна. Выходзілі з двароў, ішлі па вуліцы, непрыкметна выстройваючыся ў калону.

 Слухай, Павел, а можа, шарахнуць па іх?  Іван кіўнуў у канец сяла.

 Ты шарахнеш раз, а яны па табе дзесяць разоў. Яны не збіраюцца страляць, а табе свярбіць? Ты бачыў, як яны акуратна ідуць!

Іван замоўк, але ненадоўга:

 А табе не здаецца, што нехта з гэтых хлопцаў, што замыкаюць калону, да некага падобны?

 Дай бінокль.

Павел паднёс бінокль да вачэй, доўга пазіраў у яго. Пасля сказаў:

 Не ведаю, хто там на каго падобны. Але ведаю, што вунь ззаду ідзе чалавек з карабінам. І ведаю, калі ён паверне карабін дулам сюды, і калі, не дай Бог, той карабін ціўкне, невядома, хто першы з нас нырне ўніз ты ці я. Я б не хацеў быць ні першым, ні другім.

Іван прамаўчаў. Павел перадаў яму бінокль:

 А цяпер зірні ў той канец сяла.

Іван прыклаў бінокль да вачэй. З другога канца сяла гэтак жа арганізавана і спакойна выходзілі партызаны, выстройваліся і знікалі за павароткай. Замыкалі гэты ход двое: адзін у хромавай кепцы, другі ў хромавай тужурцы і кубанцы, перахрышчанай чырвоным крыжам.

Атрад ішоў цераз лес, у якім яшчэ некалькі гадзін таму стаяў табарам, чакаючы надыходу ночы. Лес было не пазнаць, столькі ў ім было буралому, зламаных, вывернутых дрэваў. Найбольш дасталася маладым хвойкам. Стыхія круціла, крышыла іх як хацела, і цяпер яны стаялі без вяршынь, выставіўшы ў неба белыя, як косці, аскабалкі. Некалькі сосен перагарадзілі дарогу, іх давялося сцягнуць, каб аслабаніць праход.

З хвоек, ялін, бяроз усё яшчэ сыпаліся, мякка шпокалі ў мох, у траву, у старую ігліцу буйныя вадзяныя кроплі. Лес курыўся шызай парай, быццам понізу поўз туман. Пахла густой хваёвай сырасцю.

Заходзіла сонца. Яго цёплыя промні слюдзяна блішчэлі на мокрых ствалах дрэў, на маўклівых тварах людзей.

 А ўсё-такі Бог пашкадаваў нас,  ціха сказаў нехта са строю.

 Сёння пашкадаваў пачулася ў адказ. Болей слоў не было.

Недзе збоку падала голас зязюля:

 Ку-ку!.. Ку-ку!..

Падала асцярожна, быццам правярала сябе. Глухі мокры лес падхапіў яе голас, паўтарыў рэхам, зрабіў сваім.

Зязюля счакала трохі і пайшла далей, спяшаючыся, настойліва і неспакойна:

 Ку-ку!.. Ку-ку!.. Ку-ку!..

Людзі засяроджана ішлі наперад, і кожнаму здавалася, што зязюля кукуе для яго. Яна, як маці, суправаджала атрад, і ці то плакала, ці перасцерагала. Пералятала з дрэва на дрэва, ніхто яе не бачыў, але ўсе чулі яе трывожны голас:

 Ку-ку!.. Ку-ку!.. Ку-ку!..

Маўчалі і тыя, што на падводах і пешшу кіраваліся ў бок Капланцаў і Бярэзані. Старую іхнюю дарогу цяжка было пазнаць: столькі на ёй ляжала свежапаламаных бурай дрэў. І гэтых людзей суправаджаў сумны голас зязюлі:

 Ку-ку!.. Ку-ку!.. Ку-ку!..

Павел і Іван дагналі атрад ужо на базе, у Цераболі.

Ніхто ні пра што ў іх не пытаўся, і яны праваліліся ў сон, як у збавенне.

Але Паўлу спаць доўга не давялося. Прыйшоў пасыльны ад Зайца. Трэба было дабірацца дамоў памерла мама. Во табе і птушачка, і зімоўка

Надзю хавалі на трэці дзень пасля абеду.

Заяц выдзеліў трох хлопцаў пасобіць Паўлу: пахаванне работа цяжкая, тут аднаму нельга.

Могілкі цясніліся недалёка ад сяла, забіраючы круты рог лесу. Сонца грэла нямоцна, і сярод елак і бяроз, дзе быў пахаваны Паўлаў бацька і бераглося месца для маці, было нават прахалодна.

Людзей сабралася шмат, лічы, усё сяло найбольш бабы, малыя, сям-там старыя мужчыны. Плакалі мала: за вайну да смерці прывыклі. Адно Хрысціна нахілялася і нахілялася над труной, нібы біла паклоны, і кожны раз нешта папраўляла ці ля ног, ці ля рук, ці ля галавы сястры. А тая ляжала светлая, суцішаная, нейкая памаладзелая. Быццам намервалася сказаць: «Во не збіралася нікуды, а мяне выпраўляюць»

Людзей сабралася шмат, лічы, усё сяло найбольш бабы, малыя, сям-там старыя мужчыны. Плакалі мала: за вайну да смерці прывыклі. Адно Хрысціна нахілялася і нахілялася над труной, нібы біла паклоны, і кожны раз нешта папраўляла ці ля ног, ці ля рук, ці ля галавы сястры. А тая ляжала светлая, суцішаная, нейкая памаладзелая. Быццам намервалася сказаць: «Во не збіралася нікуды, а мяне выпраўляюць»

Заяц, Каганаў, некалькі разведчыкаў з атрада падехалі, калі труну ўжо збіраліся апускаць у магілу. Пачакалі яшчэ некалькі хвілін, пастаялі, памаўчалі

Заяц і партызаны, што пасаблялі Паўлу, зайшлі ў хату памянуць гаспадыню. Каганаў з разведчыкамі не засталіся, паехалі.

Ехалі лугам паўз балота. Коні ішлі галава ў галаву па высокай някошанай траве. Пераспелая трава чаплялася за капыты і ўзрывалася лёгкім сівым пылам. Калі б не аўтаматы за плячыма хлопцаў, можна было падумаць, што едуць яны ці ў сваты, ці проста да дзевак у суседняе сяло.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3