Анатоль Паўлавіч Кудравец - Зязюля пракукуе заўтра (зборнік) стр 6.

Шрифт
Фон

 Вазьмі каго-небудзь з хлопцаў, кулямёт і засядзьце на адной з ліп тых, што сярод сяла,  сказаў Заяц.

 Назіральны пункт?

 Не толькі назіральны. Мы тут пагаварылі з Каганавым Калі што, вы першыя прымеце бой.

 З дрэва лёгка зняць

 Замаскіруйцеся, затаіцеся і сачыце. Зразумеў? З верху далёка відно.

 І верхніх далёка відно

 Ёсць звесткі, што капланецкі гарнізон рушыў некуды. Можа, таксама дзе на падыходзе Агонь адкрываць у крайнім выпадку  Заяц развярнуў каня, паехаў услед за Каганавым.

З сабой Павел узяў Івана, суседа па ўзводу, аднавяскоўца. Выбралі ліпу: шырока раскінутыя гарызантальныя сукі, чорныя, моцныя, метры на два вышэй за вільчык бліжэйшай хаты. Знайшлі дзве шырокія дошкі, прывязалі. Можна самім стаяць, можна паставіць кулямёт. Адсюль добра праглядалася ўсё сяло з канца ў канец, выхады ў лес і з лесу. Зверху ўкруга ствала ліпы нацягнулі плямістую плашч-палатку, прывязалі за сучча. Якая-ніякая маскіроўка, хаця абодва добра разумелі, што ўсё гэта да першага стрэлу, да першай кулямётнай чаргі.

Заняты ўсімі гэтымі клопатамі, Павел на нейкі час забыўся на белае воблачка. Ён не бачыў, як акруглыя бакі яго пачалі распаўзацца, зазубрывацца, мяняючы форму і абрысы. Вось ужо гэта і не яблык, а нейкі звер з галавой і шыяй. Шыя яго даўжэе, танчэе, адрывае галаву ад цела, а ў прамежку тым праступае нешта шырокае, цёмнае. Маленькае воблачка ўвачавідкі робіцца хмарай, хмара ўсё болей расце, набухае чарнатой і ўсё болей ціснецца да зямлі. І чым ніжэй яна апускаецца, тым большы холад ідзе ад яе. Такі холад чуецца ў рачной вадзе, калі глядзець на яе праз лёд, што празрыстым зеленаватым бруском накрывае суцішанае марозам лона ракі Праз такі лёд можна ўбачыць дно, каменьчыкі на ім, а не каменьчыкі, то донныя водарасці. Можна ўбачыць нават жывога шчупака, што застыў у нерухомым чаканні нечага. Але не дай Бог акунуцца ў гэтую ваду.

Хмара разрасталася проста на вачах. Нібы нейкі аграмадны чорны вал, яна кацілася па небе, займаючы ўсю яго шырыню. Відно было, што ў сярэдзіне хмары ідзе несупынная работа, ці то гульня нейкая, ці барацьба. Там, як у вялізнай дзяжы, таўкліся, круціліся, клубіліся цёмныя патокі, і там, дзе яны сыходзіліся ці разыходзіліся, нешта бліскала, як бліскаюць іскры ад удару сталі па крэмені. А то раптам недзе ўсярэдзіне чарнату асвятлялі ўспышкі ядавіта-жоўтага святла нешта фасфарычнае, абёмнае, і нехта нябачны выказваў незадавальненне глухім каменным рокатам.

Усё гэта чорнае, грознае неслася на сяло, на дрэвы, на хаты, на гумны, і бачылася ў ім адно жаданне усё зламаць, скрышыць, раскідаць. Але чым бліжэй усё гэта насоўвалася на сяло, тым больш спакойным, замаруджана-дзелавітым рабіўся Павел. Нібыта ўсё, што тварылася ў небе, не цікавіла ці не павінна было цікавіць іх з Іванам.

 Слухай, Павел, можа, нам перачакаць гэта ўсё ўнізе? Ты бачыш, што набліжаецца?  Івана калаціла, ці то ад холаду, ці то ад чаго іншага.

 І бачу, і чую. Нас пасадзілі сюды не проста так. Мы павінны сачыць і бачыць. А калі што Ты ведаеш, калі што Глядзі кулямёт.

 Кулямёт я гляджу, а хто нас дагледзіць?..

 Самі дагледзім

Пацямнела так, быццам наступала ноч. Наляцеў вецер. Ён ішоў верхам, разгойдваючы вяршыні дрэў, і чым далей, тым болей, то кідаў убакі, то закручваў, як верацяно нітку. Трашчалі галіны, спачатку пасыпаліся ўніз маленькія, потым большыя сухія сучкі, паляцела сарванае лісце. Вецер набіраўся злосці, дрэвы хадзілі нібы ў нейкім танцы туды-сюды, туды-сюды Пачало задзіраць салому на хаце.

 Ты ўяўляеш, Іван, што цяпер робіцца там, у лесе?  сказаў Павел.

 А ты паглянь, што там робіцца,  Іван пазіраў у бок лесу. Ён перадаў бінокль Паўлу, хоць усё было відно і без бінокля.

Над лесам тварыў баль віхор там круцілася гэтакая высокая чорная кішка. Нейкі час яна стаяла на месцы, нібы раздумваючы, што рабіць далей, потым выйшла ў поле і панеслася над ім, уцягваючы ў сябе і падымаючы ўгару ўсё, што траплялася на шляху. На дарозе была сцірта леташняй саломы яе ўзняло над зямлёй, закружыла, разматала на ашмоцце і доўга насіла ў паветры Віхор ішоў на другі «крук» сяла, на лес, у якім «крук» хаваўся

 Не хацеў бы я апынуцца там,  Іван паказаў на лес, над якім цяпер панавала чарната, і ў чарнаце той усё танцавала, круцілася, насілася

 Думаю, па сваёй волі мала хто захацеў бы быць там,  адказаў Павел.

Вецер сціх гэтак жа раптоўна, як і прыйшоў. Кругом стала нязвычна ціха, нібы ва ўсім свеце ўсё застыла і жывое, і мёртвае.

Неба пасвятлела, быццам збіралася праясніцца.

І тады мужчыны пачулі нейкі незразумелы шум. Цяжка было сказаць, адкуль ён ішоў, зверху ці аднекуль здаля. Але ён набліжаўся, шырыўся, мацнеў, займаючы ўсю прастору. Шум перайшоў у гул. Здавалася, гэта да маленькай закінутай станцыі набліжаецца цяжкагружаны маленькі цягнік.

Гэта ішоў дождж. Ён ішоў сплашняком, глухой адвеснай сцяной, не пакідаючы вольнымі ні адной пядзі зямлі, ніводнага лісціка, ніводнай галінкі. Гэта быў не дождж гэта быў патоп. Недзе нехта на небе дзяржаў плаціну тыдзень, месяц, год?  і раптам яе прарвала. І ўся вада шухнула ў гэты прарыў. Была яна халодная, проста ледзяная, нібыта ўсё гэта адбывалася не гарачым летам, а сцюдзёнай зімой.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3