Віктар аж свеціцца ад нейкай унутранай узбуджанасці, пазірае на свет вясёлымі вірлаватымі вачыма. Такое з ім бывала рэдка. Ён болей выдаваў чалавекам маўклівым і засяроджаным, а толькі тыя, хто быў блізка знаёмы з ім, ведалі, што гэта не зусім так. На ім новы ў дробную клетачку светла-шэры касцюм з накладнымі кішэнямі. Касцюм сядзіць як уліты і робіць яго сухашчавую постаць аскетычна-строгай і непадступнай.
Я ведаў, што ў яго раман з аднакурсніцай, дачкой аднаго з міліцэйскіх начальнікаў горада, хуткай, стройнай дзяўчынай з русымі косамі на высока ўскінутай галаве. Дзяўчына не для кожнага, але такога хлопца, як Віктар, можна кахаць. Мне здавалася, што сам Віктар ставіўся да яе калі не прахладна, то спакойна, і гэта яшчэ болей узвышала яго ў маіх вачах. Толькі так і павінен трымацца сапраўдны мужчына!
Я нядаўна бачыў цябе з Нінай, сказаў я.
Дзе? Вочы ўсё тыя ж глыбокія, рудыя, паспрабуй разбярыся смяюцца яны ці сурёзныя.
Каля Дома культуры.
А-а-а Ну і што?
Прыгожая. І лёгкая, як пліска. Здаецца: дзьмухні і паляціць
Віктар далікатным позіркам паглядзеў на мяне, усміхнуўся:
А ты паэт «Дзьмухні і паляціць» Далёка не паляціць. І дадаў: Прыгожая гэта праўда. А што далей
Як «што далей»?
А так. Яны надта шмат думаюць пра сябе і лічаць, што ўсе павінны думаць толькі пра іх. А гэта немагчыма, і жыццё не на адных бабах стаіць. Ды і цярпенне трэба, і яшчэ шмат што. Мама кажа проста: з прыгожай морды ваду не піць, трэба і да калодзежа збегаць.
Ты сказаў «яны». Гэта што усе дзяўчаты, усе бабы?
Не, гэта метафара, гы-гы-гы. Ведаеш, што гэта такое?
Гэта імя такое. Як Марфа ці Матруна, пажартаваў я. Ёсць у нас такія: адна гарбатая, другая касавокая.
Пра метафару я ведаў: сам складаў вершы. А вось пра «бабаў» Гэта ад мяне было аддзелена таемнай сцяной, і, вядома, нічога путнага параіць яму я не мог. Ды, відаць, Віктару гэта і не трэба было, бо ён неяк неўпрыкмет перакінуўся на іншае:
Вы геаграфію прайшлі ўжо?
Праходзім.
Мблыш чытае?
Ага. Ведаеш, такі дзіўны дзед. «Устаў я неяк ранічкай, яшчэ да сонейка. Выйшаў па расе на бераг Біскайскага заліва. Салаўі аж надрываюцца, шпакі трэлі выводзяць. Сеў я пад бярозай і думаю: Божа, усё тут добра, цёплае мора, высокае неба, прыгожыя пальмы, але дапамажы мне дабрацца да маёй роднай Беларусі!..» Сваім пераказам я спрабаваў падрабіць сіпаваты голас і расцяжную інтанацыю выкладчыка геаграфіі. Дзе той Біскайскі заліў, дзе тыя пальмы. Гаворыць так, што можна падумаць, быццам ён і папраўдзе быў там, сядзеў пад бярозай і гэтак думаў
Дзіўны Не проста дзіўны. Віктар нацэленым вокам зірнуў на мяне, неяк адразу пасуровеў, скура на вострых сківіцах напялася, як на бубне. А ты ведаеш, што ён ваяваў у нарвежскім супраціўленні? Уцёк з нямецкага палону і ваяваў. А пасля Перамогі даваёўваў ужо ў Сібіры. А ведаеш, што ён напісаў падручнік па гісторыі Беларусі? Дафеадальны перыяд, Полацкае, Слуцкае княствы. Вялікае Княства Літоўскае Напісаў, завёз у Мінск, а там нейкі прафесар даў такую рэцэнзію Малыш і буржуазны нацыяналіст, і невук, і старажытнай гісторыі не ведае, і ў марксісцкай метадалогіі не разбіраецца Словам, бяры за крылле і назад, туды, адкуль ён толькі што вярнуўся. Вось, можа, таму ён і сядзіць пад бярозай на беразе Біская
Ні пра Нарвегію, ні пра падручнік я нічога не ведаў, але ўпарта паўтарыў:
Усё роўна: бярозы там не растуць.
Ну хай і не растуць. Галоўнае не гэта. Галоўнае, пра што ў чалавека душа баліць.
А пра што яго душа баліць?
Пра што?.. Пра такіх дурняў, як ты. Гы-гы-гы! Я не пакрыўдзіўся ні за гэты смех, ні за «дурня».
Шмат незразумелага мне было ў паводзінах майго земляка, шмат пра што хацелася распытаць у яго, але ён умеў трымацца на адлегласці, і пытанні мае адпадалі самі сабой. Але чым радзей мы бачыліся, тым болей мяне цягнула да яго. Ён быў магніт, я маленькі цвічок, і патрэбен быў час, які б растасаваў усё па парадку. А часу заставалася мала, чацвёрты курс здаваў дзяржаўныя экзамены. Здаў экзамены і Віктар, атрымаў размеркаванне, а куды я даведаўся толькі праз два гады.
Мая родная Слабодка, спякотнае летняе сонца, нядзеля. З раніцы я пахадзіў з касой, добра намахаўся і, прыемна расслаблены, ляжу з кнігай на дашчанай канапе ў хатняй прахалодзе. Нехта грукае ў сенцах, расчыняюцца дзверы і ў праёме іх Віктар, а за ім Коля Буракоўскі невысокі, светлавалосы хлапец. Ён таксама з Селішча, студэнт, будучы медык.
Баяўся ісці адзін, дык узяў абарону, смяецца Віктар, расперазаўшы зубы на ўвесь рот. «Абарона» сціпла маўчыць, адданымі мяккімі вачыма саграваючы свайго падабароннага.
Сядзелі за сталом, выпілі самагонкі, закусваючы салам і зялёным цыбульным перем. Гаварылі, перабіваючы адзін аднаго, нібы стараліся запоўніць пустату часу паміж апошняй і гэтай сустрэчамі.
Віктар прынёс, можа, з дзясятак сваіх вершаў і накід тлумачальнага слоўніка клічаўскай гаворкі. Гэта былі словы, якія рэдка сустракаліся ў літаратуры, а шмат якіх нідзе, акрамя як на Клічаўшчыне, мне чуць не даводзілася.
«Вякнуў, вымерхаўся, карнавухі, посік, пэлька, суравое, сіціцца, чылы» Канечне, для слоўніка іх было замала, ды і наогул выпусціць слоўнік, сабраны нейкім настаўнікам, мне здавалася, проста немагчыма. Я сказаў пра гэта Віктару, і ён надзіва лёгка пагадзіўся са мной. Відаць, сам разумеў гэта.