Казалі, што гадоў дваццаць назад будынак млына адрамантавала нейкая сямя мастакоў. Другі і трэці паверхі прыстасавалі пад жытло, а на першым зрабілі кавярню. Хутка месца стала надзвычай папулярным як сярод круглянцаў, так і сярод талачынцаў. Сямя пачала атрымоўваць немалыя прыбыткі. Але да іх сталі наязджаць рэкеціры і патрабаваць частку заробкаў. Ці то мастакі адмовіліся плаціць, ці то дзве злачынныя групоўкі не змаглі высветліць, якой з іх гаспадары мусяць аддаваць даніну, але ў выніку адноўлены будынак спалілі.
Цяпер пра апошніх гаспадароў камяніцы нагадвалі толькі рэшткі нейкіх фантастычных малюнкаў на сценах.
Ірка прыходзіла сюды пасля школы ці ад самай раніцы ў выходныя і назірала за ракою, даследавала памяшканні старога збудавання, але найбольш ёй падабалася назіраць з вакна на другім паверсе за дарогаю: загадваць, якога колеру, напрыклад, будзе наступны аўтамабіль, колькі ў ім будзе пасажыраў ці хто будзе кіроўца: мужчына ці жанчына
Яна ўяўляла, як ужо зусім хутка выправіцца па гэтай дарозе спачатку ў Талачын, а затым у Коханава Ведама, ёй вельмі б хацелася пабываць у Круглым, дзе цяпер, як казалі людзі, зявілася шмат разнастайных крамаў, нейкіх спартыўных комплексаў, новы шыкоўны рэстаран і абсалютна кіношныя ўстановы: спа-салон, саўна ды боўлінг.
Часам Ірцы хацелася выйсці на дарогу са сваёй схованкі, спыніць першую сустрэчную машыну і махнуць у Круглае, каб хоць зводдаль паглядзець на тыя загадкавыя ўстановы, якіх ніколі не было і не будзе ў Друцку. Але страх перамагаў цікавасць: яна выдатна засвоіла з тэлеперадач, што на дарогах вельмі часта сустракаюцца такія адборныя вылюдкі, на фоне якіх мамін Віцёк проста ягнятка божае.
Ведама, можна было б сесці ў рэйсавы аўтобус, які тры разы на дзень ходзіць па гэтай дарозе з вобласці ў вобласць, і заехаць не тое што ў Круглае, а нават да самага Магілёва дабрацца, але ж гэты варыянт не для Іркі: у яе няма грошай.
«Эх, грошы-грошы! Каб жа былі яны ў мяне ні дня ў Друцку не затрымалася б! Усё б кінула: і маці, і Сашу, і школу, і зехала б незваротна, каб больш ніколі ў жыцці не бачыць гэтага брыдкага Віцька! Але ж, каб назаўсёды зехаць, трэба шмат грошай, вельмі шмат Апрануцца каб па-чалавечы, жытло нейкае зняць, жыць за нешта трэба»
Кожны раз думкі пра грошы і пра тое, скуль яны ў людзей бяруцца, прыводзілі Ірку да таго, што яна пачынала ўяўляць, як наступнае аўто, разагнаўшыся з крутога адхону, не ўпісваецца ў даволі пакручасты выгін дарогі перад самым мостам і зрываецца ў рэчку. Гэта апынаецца машына інкасатараў, якія на нейкі час страчваюць прытомнасць, а яна тым часам паціху вымае з іхняга сейфа на колах, каб не адразу заўважылі, толькі адну-адзіную зялёную торбу з грашыма
І ўсё! Жыццё атрымалася! Больш няма ніякай забітай вясковай дзяўчынкі Іркі Бабровай, а ёсць папулярная, супер-пупер модная і вядомая свецкая ільвіца Ірына Баброва Зрэшты, Баброва гучыць неяк па-калгаснаму, чаго добрага, даведаюцца папарацы, што яе ў школе Бабрыхай дражнілі Трэба змяніць імя З торбай грошай гэта раз плюнуць Яна будзе якой-небудзь Сюзі Стар ці Стэлай Артуа праўда, здаецца, такая ўжо ёсць; ну, ці мала яшчэ ў свеце імёнаў куды больш прывабных, чым Ірка Бабрыха!.. Адным словам, цяпер у яе самы даражэнны ноўтбук і самы новы мабільнік, ці, як яны яго там называюць, айфон Нават тры айфоны Няхай усе зайздросцяць ёй! Цяпер яна выбірае, з кім сябраваць, а каму даваць зедлівыя мянушкі ці не бачыць ва ўпор!
«Абавязкова атрымаю правы і набуду шыкоўны аўтамабіль! Сіні! Не, чырвоны! І аднойчы прыеду ў Друцк Вось так падкачу да школы, адчыню дзверцы, выйду, дастану з сумачкі айфон і запалю цыгарэтку»
Ірка проста ўвачавідкі бачыла гэтую сцэну: як са школы на вуліцу высыпала ўся дзятва і настаўнікі, а яна, такая ўся важная, недаступная, як з іншай планеты прыляцела, пытаецца: ну і хто тут цяпер Бабрыха? Не чакалі?..
Уяўленне нязменна пачынала маляваць разгублена-збянтэжаныя ненавісныя абліччы аднакласнікаў, але тады Ірка прыходзіла да прытомнасці і разумела, што іх там не можа быць: яны ж ужо да гэтага часу скончаць школу Тады яна намагалася ўявіць тую ж сцэну свайго сакрушальнага зяўлення ў роднай вёсцы спачатку ля клуба, потым ля магазіна, але заўсёды эфект не ішоў ні ў якое параўнанне з першапачатковай версіяй: ля школы яе чамусьці пазнавалі хутчэй.
Ірка думала, што, можа, усё ж злітуецца і дасць грошай маме, каб яна выгнала ў рэшце рэшт гэтага пянюгу Віцька. А калі не выганіць?.. Калі не выганіць, тады і не дам!..
Самае дзіўнае, што месца ля млына сапраўды лічылася між аўтааматараў нядобрым, і там на самай справе з зайздроснай рэгулярнасцю біліся машыны, аб чым красамоўна сведчылі крыжы ды вянкі на ўзбочынах. Толькі Ірцы, на жаль, не ўдавалася стаць сведкаю ніводнага дарожна-транспартнага здарэння. Цэлы месяц яе назіранняў за дарогаю не прынёс жаданых вынікаў: аварыяў не было, і ўсё! Яна ўжо была гатовая згадзіцца, каб з дарогі ў рэчку на першы раз зехаў няхай сабе і не шыкоўны інкасатарскі бранявік, а хаця б якая-небудзь разапошняя малалітражка: кардынальна змяніць жыццё не атрымаецца, дык хоць грошы на білет да Магілёва і назад напэўна ж знойдуцца