Раніцою сусед сам прынёс правы Мікалайчыку і папярэдзіў, што цяпер Толік у яго на асобым кантролі.
Пратакол я захаваю, сказаў інспектар, і калі толькі пачую ад цябе пах, ніякай літасці болей не будзе, адразу пойдзеш новую працу шукаць І, дадаў пасля непрацяглай паўзы, пакуль я тут працую, ты больш за стырно не сядзеш!..
Ад таго часу і не стала жыцця Толіку Мікалайчыку, бо якое ж гэта жыццё, калі ні выпіць, ні закусіць, і кожны дзень то ў падездзе міліцыянт сустрэне дыхні, то на дарозе ўсіх прапусціць, а яго абавязкова спыніць і зноў праверыць. Не жыццё, а здзек! Мала таго, што грошы ўзяў, дык яшчэ і адмысловае катаванне наладзіў. Гэта ж якое прыніжэнне: высокаму, мажнаватаму Мікалайчыку схіляцца штораз да ледзь не на галаву ніжэйшага хударлявага Белага і хукаць зверху ўніз, нібы той ягоны бацька, а Толік шкадлівы піянер-пераростак. Ён жа адной левай, стукнуўшы па галаве, увагнаў бы гэтага Юрыя Уладзіміравіча па пояс у зямлю
Але нікому ж не паскардзішся, нікому не раскажаш пра такое! Нават сябры пачалі коса глядзець на Таляна зусім сапсаваўся, не пе! Бы падмянілі чалавека! А пра што з ім, такім, тады гаварыць можна?! Ніякіх супольных інтарэсаў у Толіка з былымі закадычнымі сябрамі, як хутка высветлілася, не засталося.
Напачатку Мікалайчык нерваваўся дужа, нават некалькі разоў думаў напляваць на тыя правы, напіцца як след ды сказаць гэтаму паганцу ўсё, што ён пра яго думае, а лепей нічога не казаць: проста заехаць кулаком з усяе моцы ў ненавісную пысу! Але жонка, дзеці, крэдыты, даўгі за хабар Не ў тым ён становішчы, каб паўставаць супраць нечуванага прыгнёту. Не ў тым
Толькі і заставалася небараку, што пасылаць у думках праклёны на адрас ката-суседа і зычыць яму самых адмысловых пакутаў, якія толькі можа зведаць чалавек на гэтым свеце.
Але сапраўдных матываў надзвычайнай увагі інспектара ДАІ Юрыя Белага да сваёй сціплай асобы Толік Мікалайчык не ведаў, бо тое, што на самай справе адбылося ў суседскай кватэры, калі яе парог пераступіла ягоная жонка Алена, для Толіка яшчэ доўга заставалася таямніцаю.
ІІ
Недзе гадоў пяць назад у краіне пачалася чарговая хваля барацьбы з карупцыяй. Па ўсіх каналах тэлебачання штодня распавядалі пра факты выкрыцця гэтай заганнай грамадскай зявы, а ва ўсе ўстановы ды арганізацыі з вышэйшых інстанцый прыйшлі адпаведныя распараджэнні.
Настаўнікам таксама загадалі правесці выхаваўчыя гутаркі з вучнямі старэйшых класаў. Галіна Васільеўна Белая, жонка інспектара ДАІ, тады якраз была класным кіраўніком у дзявятым «Б». І вось, абдумваючы, пра што яна будзе гаварыць з вучнямі, жанчына ці не ўпершыню ў жыцці задумалася, а ці па сродках яны з мужам жывуць.
Адказ, як кажуць, ляжаў на паверхні: штомесячныя выдаткі іхняй сямі ці не ў два разы пераўзыходзілі афіцыйныя даходы.
І як гэта яна раней нічога не заўважала?!
Галя адмаўлялася верыць свайму адкрыццю, але факты рэч упартая! Аўтамабіль, новая мэбля, кампютар, яе ноўтбук, ці не самыя даражэнныя мабільныя тэлефоны Толькі ў яе з усіх настаўніц у мястэчку ёсць сапраўднае норкавае футра! Да таго ж яшчэ адпачынак на цёплым моры кожнае лета ўсёй сямёй
Як жа так сталася, што яна нічога не заўважала, ніколі нават не падумала ў той бок?! Ёй што, вочы павылазілі?!..
Яна проста ніколі і блізка не дапускала думкі, што яе Юра здатны на нешта дрэннае. Яна верыла гэтаму мужчыне, бацьку яе дзяцей, як сабе, нават болей, чым сабе.
Ды і як магло быць па-іншаму?
Яны пазнаёміліся яшчэ студэнтамі. Галя вучылася на настаўніцу роднай мовы, а Юра на матэматыка ў Магілёўскім педагагічным універсітэце. Як толькі яна зразумела, што цяжарная, адразу распісаліся, знялі кватэру, ён знайшоў працу. Бацькі, ведама, дапамагалі чым маглі, але маглі яны няшмат: Галю выводзіла ў людзі адна маці, сціплая вясковая настаўніца, а ў Юравых бацькоў, якія працавалі ў калгасе, акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей.
Цяжка паверыць, але яны нават не перапынялі вучобу! У мужа-студэнта някепска атрымоўвалася зарабляць грошы: пісаў курсавыя, у адным месцы працягваў оптыкавалаконныя кабелі, падключаў інтэрнэт, у іншым два разы на тыдзень сачыў па начах за пультам пажарнай сігналізацыі
Дачка нарадзілася ў чэрвені, акурат пасля сесіі. За лета крыху падрасла, а потым дэкрэтны адпачынак узяла Галіна мама. Цэлы год пражыла цешча з маладымі ў Магілёве, і ні разу ніякіх непаразуменняў з зяцем не было. Наадварот: яны так пасябравалі з Юрам, што Галя нават раўнавала да маці у рэшце рэшт, хто яе дзіця, яна ці ён?
Калі скончылі вучобу, жыць паехалі на Юраву радзіму, у Круглае: падалося, што там будзе прасцей, чым у вялікім горадзе.
У школе муж прапрацаваў толькі паўгода: прапанавалі ў міліцыю. Галя не хацела, каб Юра туды пераходзіў, бо, як і любая жанчына, перажывала, што там заўсёды пагражае небяспека. Але яна заставалася яшчэ ў дэкрэце з дачкою, а ўжо чакала другое дзіця. У міліцыі ж плацілі значна больш, чым маладому настаўніку ў школе. Апошнім аргументам на карысць службы ў органах стала тое, што Юру прапанавалі аўтаінспекцыю: Круглае нават не Шклоў! Тут ніводнага святлафора няма! Якая можа быць небяспека?..
Небяспека выявілася зусім не там, дзе яе можна было чакаць.