Потым яны разам ускочылi ў акоп i пабеглi адзiн управа, а другi ўлева па акопе, i тут Плешчавеня зразумеў, што яго напарнiкам, гэтым блiзкiм i вельмi дарагiм чалавекам, быў камсорг Забiла. Мiжволi прыгадалася, як зусiм нядаўна стаяў ён пад кулямi з бездапаможна выцягнутымi рукамi i як яго твар усё больш бляднеў, а пасля - як лоўка выбраў ён момант узабрацца на плыт. Можа, iменна гэтым i ўвайшоў ён у душу маёра?
Ззаду беглi байцы i не сцiхалi аўтаматы. Пад кулямi ўскрыквалi i падалi фашысты. Пасля трэцяй траншэi Плешчавеня выпусцiў ракету i ўбачыў перад сабою лагчыну, па якой, спатыкаючыся, беглi адступаючыя. Далей iсцi нельга было. На гэтым узгорку трэба было спынiцца i чакаць падмацавання. Стрэлы вакол зацiхалi.
Тады Плешчавеня выпусцiў яшчэ дзве зялёныя ракеты - умоўны знак, што батальён паспяхова выканаў заданне. Пасля гэтага ён таропка пачаў абходзiць траншэi, у цеменi пазнаючы байцоў, расстаўляючы iх на выпадак контратакi.
II
Ён ведаў, што ўслед за iм павiнен адразу ж пераправiцца наступны батальён з артылерыяй i што там для гэтага падрыхтаваны такiя ж плыты, але батальён чамусьцi не перапраўляўся, хоць Плешчавеня i яшчэ раз выпусцiў у цемень дзве зялёныя ракеты. Раптам над галавою загулi самалёты, павiслi на парашутах ракеты, i ўсё закружылася ў цяжкiх выбухах, енках i стогнах.
Пачыналася ранiца. Барвовела неба на ўсходзе, расступаўся змрок, агаляючы абпалены i ўзрыты варонкамi высокi прырэчны бераг. На тым месцы, адкуль ноччу бiў варожы кулямёт, валялiся толькi нейкiя анучы, тырчала станiна ды блiшчалi пераблытаныя кулямётныя стужкi. Траншэi былi завалены трупамi - найбольш варожымi. Плешчавеня пералiчыў байцоў i спахмурнеў. Пасля бамбёжкi iх асталося дваццаць пяць. З дваццаць пятым, старшыной, ён сутыкнуўся ў самым кутку траншэi - той сядзеў, трымаючы мiж каленяў аўтамат, i перавязваў акрываўлены палец на левай руцэ.
- Ты? - толькi i знайшоўся што сказаць Плешчавеня, пiльна прыглядаючыся да збялелага твару з вялiкiмi вачыма.
- Я, - аздказаў Забiла.
- Цяжка будзе, - сказаў Плешчавеня. - Да вечара нашым не перабрацца iхняя авiяцыя не дасць. А да вечара яны паспрабуюць выбiць нас.
Маёр памаўчаў, чамусьцi зноў успомнiў, як гэты Забiла стаяў мiнулай ноччу ў вадзе пад кулямi, а цяпер гэтак старанна перавязвае свой скрываўлены палец, i нечакана для самога сябе раптам запытаўся:
- Жанаты?
- Не яшчэ, - адказаў Забiла, усё больш раскрываючы вочы.
- А мацi ёсць?
- А як жа. Ды гэта не так важна, - памарудзiў, зацягнуў вузел на пальцы i таксама запытаўся: - А ў вас, таварыш маёр, ёсць мацi?
- У мяне! - хмыкнуў маёр. - У мяне сын старэйшы такi, як ты, - i, спахапiўшыся, сказаў ужо зусiм iнакшым голасам: - Зараз жа абыдзi байцоў, дазнайся, колькi асталося гранат i патронаў. Без каманды, скажы, каб не стралялi, - i ўжо зусiм па-старэчы паскардзiўся некаму: - Ох, i дзянёк! Ох, будзе ж i дзянёк. Ды скажы яшчэ, - крыкнуў ён услед, - каб боепрыпасы ад забiтых забралi ды каб НЗ бераглi. Там ля разбiтага кулямёта ёсць гарматная гiльза. Хай зараз жа, пакуль не позна, прынясуць у ёй вады i паставяць у зямлянцы, што ля першай траншэi, - туды раненых будзем зносiць. Цi чуеш?
- Ёсць! Будзе зроблена! - крыкнуў Забiла, усё больш адбягаючы ад траншэi.
Плешчавеня скiнуў заплечны мяшок, адрэзаў ад бохана лусту хлеба, фiнкай раскрыў кансервавую бляшанку, пачаў есцi. Ён ненавiдзеў сам сябе за гэта - за празмерны апетыт, якi выклiкаўся хвiлiнамi найбольшай небяспекi. Ён добра ведаў, што ў штабе палка i ў штабе дывiзii многiя i знаёмыя i незнаёмыя кплiва i з'едлiва пасмейваюцца з яго. Пра яго апетыт i пра яго страўнiк ходзяць ледзь не анекдоты. Аднак, ведаючы i гэта, усё роўна не мог стрымаць сябе. Ён удзельнiчаў у вайне з першага ж дня, быў тры разы паранены, увесь час хадзiў па перадавых - у самым грукаце i тлуме, кожны момант быў пад смерцю i даўно звыкся з гэтым, пра смерць нават пакiнуў думаць, а вось з-за празмернага апетыту сумленне ўвесь час мучыла яго.